Святло залатой восені

66

Святло залатой восеніЗАЛАТАЯ восень кружыцца ў плаўным вальсе лістоты. Колькі ў гэтым лірыкі, непаўторнасці і лагоды! Менавіта ў такі час і адзначае Беларусь Дзень маці. У гэта свята мы віншуем сваіх матуль, бабуль, запрашаем на сустрэчу ў школу жанчын, якія сваім жыццём нясуць нам прыклад чалавечай стойкасці, мудрасці і дабрыні.

Напярэдадні адметнай даты календара нашай госцяй стала Г. Я. Печкурова — маці траіх сыноў, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, таленавіты педагог. Яна некалі працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Свірскай, Канстанцінаўскай №2 школах. Жанчына выглядае ў свае 90 год абаяльнай і прыгожай. Падчас мерапрыемства Галіна Ягораўна прыгадала гады ваеннага ліхалецця, расказала пра сваіх сыноў Генадзя, Аляксандра і Валерыя, пра ўнукаў і праўнукаў, як радуецца сустрэчы са сваімі роднымі. Пачулі мы і філасофскае разважанне пра жыццё, нялёгкі жаночы лёс. Шчыра віталі госцю дырэктар школы Таццяна Вікенцьеўна Урбановіч, бібліятэкар Камароўскай сельскай бібліятэкі Марыя Іванаўна Анішчанка, а таксама былая вучаніца, а зараз настаўніца рускай мовы і літаратуры нашай навучальнай установы Тэрэса Людвікаўна Бажэлка. Прагучала ў адрас Галіны Ягораўны і шмат пажаданняў. Былі і такія: сустрэць яшчэ не адну залатую восень; каб сыны, унукі і праўнукі не забывалі сцяжынку да парога бацькоўскага дома; каб матуліна сэрца шчасліва спявала ад гонару і радасці за блізкіх.

Засталося дадаць, што сустрэчу з цікавай жанчынай арганізаваў нязменны кіраўнік гуртка “Валошкі” Іван Пятровіч Драўніцкі. Напрыканцы мерапрыемства ішла Г. Я. Печкурова з букетам восеньскіх хрызантэм да помніка загінуўшым воінам-землякам, які знаходзіцца непадалёку ад школы. Гледзячы ёй услед, міжволі падумалася, што ўпэўнена крочыць па жыцці жанчына, якая спалучыла ў сабе тры высокія званні: ветэрана вайны, настаўніцы і маці.

Марына ПУЗЫРОВА.

Вучаніца 10 класа Камароўскай сярэдняй школы.