Святло вабнай зоркі

64

Святло вабнай зоркіЯНА не аднойчы станавілася гераіняй газетных публікацый, усміхалася нам з раённай Дошкі гонару, яе імя гучала з пачэсных трыбун. Дыпломамі і граматамі, заслужанымі ёй, можна ўпрыгожыць не адну святліцу. Не зважаючы на працяглы час, па-ранейшаму глыбокімі застаюцца да гэтай жанчыны і народная любоў, і сардэчная ўдзячнасць вяскоўцаў. Тым больш сёння, калі ў нашай любіміцы, фельчара з Чараўкоў Галіны Тумелі — юбілей. З гэтай нагоды і хочам сказаць усёй вёскай колькі слоў пра зямлячку.

З першага погляду — звычайная жанчына. Звычайная… Аднак ёсць у ёй нешта такое, як святло ад далёкай зоркі — спакойнае і загадкавае, як мудрасць класічных кніг — узважанае і высакароднае, як водар палявых кветак — простае і мілае. Высокая чалавечая годнасць і прынцыповасць, прафесіяналізм і адказнасць, актыўная жыццёвая пазіцыя — гэта таксама яе рысы. Усім патрэбная і неабходная, чулая і неабыякавая, яна заўсёды ў цэнтры падзей і напаўкроку ўперадзе ўсіх. За гады самаахвярнай працы і служэння людзям Галіна зарабіла такі аўтарытэт, што яе смела можна назваць і зоркай, і завадатарам добрых спраў у жыцці аднавяскоўцаў.Родам яна з Пастаўшчыны. Нарадзілася ў дружнай і добразычлівай, гасціннай сям’і. Бацькі працавалі ў калгасе. З малых год дзяўчына прызвычаілася ўсё рабіць “на выдатна”: у ліку лепшых вучаніц закончыла школу, а ў 1972 годзе — Маладзечанскае медыцынскае вучылішча з чырвоным дыпломам. Пры размеркаванні, атрымала накіраванне ў Смалявіцкі раён. Вельмі хутка заслужыла там павагу і давер мясцовых жыхароў, дзякуючы сваёй добразычлівасці і старанным адносінам да працы. У вёсцы Студзёнка сустрэла і свайго будучага мужа. Абодва маладыя, энергічныя, вясёлыя, прамяністыя, аматары мастацкай самадзейнасці, Валерый і Галіна як найлепш падыходзілі адзін аднаму. Па вёсцы ляцела:

З Галачкай, з Галачкай

Мы ідзём,

Песеньку, песеньку

Мы пяём.

Так спяваў Валерый каханай. Неўзабаве згулялі вяселле, а жыць пераехалі на Мядзельшчыну, упадабаўшы яе чароўныя мясціны падчас адной з паездак у азёрны край. На першым часе абодва працавалі ў райцэнтры: Галіна — медсястрой у бальніцы, а Валерый — вадзіцелем у аўтабазе. Потым маладому медыку даверылі Чараўкоўскі фельчарска-акушэрскі пункт, і сям’я Тумеляў перабралася жыць у маленькі пакойчык пры ім. Так і пацяклі працоўныя будні, якія доўжацца і зараз — шчыра, апантана, з вялікім пачуццём адказнасці перад справай і людзьмі, з моцным жаданнем дапамагчы ім. Ні днём, ні ноччу, ні ў будні, ні ў святы, ні падчас адпачынку, бальнічнага ці выхадных — ніколі не адмаўляе Галіна Валяр’янаўна ў дапамозе. На веласіпедзе або пехатою — заўсёды рушыць туды, дзе патрэбны яе веды, вопыт, ласкавыя рукі, спагадлівыя словы, пяшчотны позірк. У часы, калі амаль не было тэлефонаў, дзверы ў хаце фельчара не зачыняліся нават на ноч — у выпадку патрэбы вяскоўцы з усяго наваколля спяшаліся на гэты астравок надзеі. У Тумелі з маладосці было тонкае прафесійнае чуццё: яе дыягназы заўсёды аказваліся дакладнымі, а лекі з яе рук — выратавальнымі. Многія людзі ў гадах запэўніваюць, што “наша дакторка” падоўжыла ім век. Называюць яе і “сямейным доктарам”, які “лечыць нават словам”.

З упэўненасцю можна сказаць, што з нашай мясцовасці параўнальна менш зваротаў у раённую бальніцу, бо, па-першае, Галіна Валяр’янаўна не з тых, хто “спіхвае” хворых у лякарню, а стараецца дапамагчы сама. А, па-другое, пасля яе лагоднага, індывідуальнага падыходу і абыходжання ніхто і не імкнецца на казённы ложак. “Лепшага доктара, чым Галіна, няма”, — кажуць у Чараўках. — “Добрым доктарам можа быць толькі добры чалавек. А наша Галя — золата…”. Вяскоўцы паважаюць Галіну Валяр’янаўну за разуменне і спагаду, ветлівасць і стрыманасць, за тое, што яна заўсёды ў добрым настроі і адкрытая для людзей.

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Неаднаразовы дыпламант раённых і абласных конкурсаў “Лепшы па прафесіі”, Галіна Тумеля мае і ўтульны дом, і прыгажуню-дачку, цудоўнага ўнука, надзейных сяброў. Яна заўсёды трымае руку на пульсе часу. Шмат год з’яўляецца старастай вёскі, бескарысліва дорачы сваё сэрца людзям. Усе іх клопаты і турботы — гэта і яе клопаты. І ў горы, і ў радасці яна першая сярод людзей. За парадай ці са скаргай — таксама да Валяр’янаўны. А колькі на яе рахунку канцэртаў, гастроляў, выступленняў з фальклорным гуртом “Журавінка”! Цікавы, эрудзіраваны суразмоўца — таксама Тумеля. У яе можна браць урокі элегантнасці і вытанчанасці, добрага густу і прывабнай знешнасці.

Аб чым жа марыць гэты светлы чалавек? А марыць аб тым, каб на зямлі не было вайны, менш хварэлі людзі, свет не быў жорсткім і бяздушным, каб кожны знайшоў у жыцці сваё шчасце і прызванне. Паважаная, шаноўная, дарагая Галіна Валяр’янаўна! Віншуем вас з юбілеем, зычым моцнага здароўя, доўгіх год жыцця, шчасця і радасці ў сям’і, задавальнення ад працы, натхнення — ад кожнага пражытага дня. І няхай усе вашы мары здзяйсняюцца!

Ад імя жыхароў Чараўкоў і навакольных вёсак

В. СЯКЛЮЦКАЯ.