Свята вёскі Грумбіненты

81

Свята вёскі ГрумбінентыУ МІНУЛУЮ суботу ў Грумбінентах прайшло свята вёскі. Афішы развесілі загадзя, таму на адметнае мерапрыемства завіталі не толькі мясцовыя жыхары, але і іх дзеці, якія папрыязджалі з Літвы і Расіі. А яшчэ — дачнікі, нават адпачываючыя з Блакітных азёр. І вось музычныя фанфары абвяшчаюць: “Урачыстасць пачынаецца!”. Вядучыя Ларыса Рабянок і Валянцін Мацясовіч зрабілі кароткі экскурс у гісторыю Грумбінентаў. Затым слова ўзяў старшыня Свірскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Субач. Ён павіншаваў усіх са святам, адзначыў, што гэта дружная вёсачка невялікая, тут налічваецца ўсяго дзевятнаццаць жыхароў. Мабыць, зараз яна і дажывала б свой век, як многія іншыя, аднак знаходзіцца ў цудоўным месцы, побач — Блакітныя азёры з зачароўваючымі краявідамі.І  гэта акалічнасць надзвычай станоўча адбіваецца на Грумбінентах, спрыяе іх адраджэнню. Вы не знойдзеце ў вёсцы ніводнай пустуючай хаты, а вось новабудоўлі — калі ласка. Яна паступова ажывае, асабліва ўлетку, калі збіраецца мноства адпачываючых.

Гэта накладвае мабілізуючы адбітак і на мясцовых жыхароў. Яны стараюцца падтрымліваць каля сваіх хат парадак, высаджваюць шмат кветак. Віктар Іосіфавіч пажадаў вёсцы далейшага росквіту і ўручыў памятныя падарункі яе старэйшым жыхарам, якія адзначылі 91 дзень нараджэння — Леанарду Мацвеевічу Лявіц¬каму, Вандзе Юльянаўне Тэрэз (на вялікі жаль, апошняй не было на свяце з-за хваробы), а таксама самаму маладзенькаму Мікіту Безміну, якому споўнілася сем год. За ўзорнае ўтрыманне тэрыторый домаўладанняў атрымалі з рук кіраўніка мясцовай улады граматы і сувеніры сем’і Лідзіі Рыгораўны і Казіміра Іосіфавіча Фалевічаў, Дануты Іосіфаўны і Аляксандра Якаўлевіча Безменаў, Монікі Іосіфаўны і Леанарда Мацвеевіча Лявіцкіх. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці заахвочаны таксама Яўген Якаўлевіч Крывалапаў.

Меў слова на свяце і мясцовы краязнаўца Іван Драўніцкі. Ён паведаў, што ў 1847 годзе Грумбіненты ўваходзілі ва ўладанні памешчыка С. Хамінскага. Мелі 10 двароў, у якіх пражываў 81 жыхар. А ў 1904 годзе ў вёсцы ўжо налічвалася 182 чалавекі. У 1949 годзе вяскоўцы арганізавалі калгас імя Варашылава… Работнікі Камароўскага і Свірскага Дамоў культуры падрыхтавалі добры канцэрт, які доўжыўся больш за тры гадзіны. Хораша спявалі Зянон Шаблінскі, Віктар Гуд, Ларыса Рабянок, Ірына Селязнёва, Валянцін Мацясовіч. Цікавыя сцэнкі падрыхтавалі Люда Шылак і Святлана Лубінская. А колькі радасці было ў Лідзіі Фалевіч, калі самадзейныя артысты нагадалі пра яе дзень нараджэння і ўручылі імянінніцы торт. А яшчэ спявалі і чыталі вершы тры сястрычкі з сям’і Панковых, якія прыехалі ў госці да бабулі з дзядулем. Гледачы шчыра віталі ўсіх дружнымі апладысментамі.

На свяце можна было пачаставацца бясплатнай гарачай юшкай, кавунамі. Пасля канцэрта адбылася дыскатэка, на якой нават 80-гадовыя бабулі пусціліся ў скокі. Закончылася ўрачыстасць феерверкам. Кожны з жыхароў і гасцей вёскі Грумбіненты надоўга атрымаў у падарунак добры настрой. Ды яшчэ раз пераканаўся, што толькі разам, талакой, можна зрабіць штосьці значнае для сябе і іншых, каб ганарыцца сваёй малой радзімай.

Н. ФЁДАРАВА.

Дырэктар Свірскага Дома культуры.