Свята пачынаецца с «Зорачак»

136

Свята пачынаецца с  "Зорачак"НОВЫ год не за гарамі. Пра гэта сведчаць рознакаляровыя агеньчыкі гірляндаў на вокнах, якіх з’яўляецца з кожным днём усё больш, бляск мішуры ў крамах, прыбраныя ёлкі. А яшчэ — навагоднія мерапрыемствы, старт якім у мінулую пятніцу ў раённым Цэнтры культуры дала канцэртная праграма Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў пад назвай “Навагодні калейдаскоп”.

Выступленні навучэнцаў гэтай установы — заўсёды падзея ў культурным жыцці горада. Прычым у глядзельнай зале, як кажуць, няма дзе яблыку ўпасці. Так было і на гэты раз. Кожнае выступленне юных артыстаў суправаджалася шквалам бурных апладысментаў, што дазваляла ім адчуваць падтрымку, упэўнена паводзіць сябе на сцэне. Асаблівая атмасфера дзіцячага канцэрта не пакінула раўнадушным ніводнага гледача, больш за тое, тут і дзеці, і дарослыя атрымалі імпульс — навагодні настрой, які будзе іх суправаджаць у бліжэйшы час. А вось што адбывалася за кулісамі, якіх намаганняў увогуле каштавала шоу, расказвае дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Алена Касарэўская:
— У нас вельмі сціпла прайшлі справаздачныя канцэрты: Дом культуры быў на рамонце, а нашы залы вельмі маленькія для маштабных мерапрыемстваў. Таму засталася пэўная незавершанасць, дзеці і бацькі хацелі сапраўднага свята, як гэта ў нас было раней. Таму вырашылі зрабіць не мюзікл, дзе задзейнічана больш усё ж такі салістаў, а вялікую канцэртную праграму з паўнавартаснымі харэаграфічнымі і іншымі нумарамі. Важна было паказаць і нашых малышоў: падрыхтоўчыя групы “Раніца” і “Зорачка”. Дзяўчынкі, якія толькі тры месяцы займаюцца, у выніку прадэманстравалі выдатнае выкананне песні. “Я — принцесса, я в короне родилась, я добра и справедлива, несмотря на свою власть”, — спявалі яны і атрымлівалі задавальненне ад сваіх вобразаў.

Свята пачынаецца с  "Зорачак"Цудоўна выканалі танец “Кветачка” дзеці, якія другі год займаюцца ў падрыхтоўчай групе: Антон Гайковіч з акружэннем дзяўчынак у ружовых пышных спаднічках проста пакарылі сваёй непасрэднасцю залу.
Але гэта толькі на сцэне ўсё здаецца простым і лёгкім. Мы літаральна тры тыдні жылі з дзецьмі на сцэне: рэпеціравалі. А гэтаму папярэднічала доўгая падрыхтоўчая праца. На сцэну выйшла каля 120 чалавек. За сцэнай таксама клопатаў хапіла. Паспрабуй за ўсімі ўсачыць: каму пераапранацца, каму выступаць, некага знайсці ў фае, гардэробе ці глядзельнай зале ў бацькоў, рэквізіт раздаць-сабраць. Дзеці ўзбуджаныя, расхваляваныя… Мы з выкладчыкамі жартавалі, што на такім мерапрыемстве гадзіна за сем ідзе. Сапраўдны экстрым!
Свята пачынаецца с  "Зорачак"Нельга пералічыць усіх выканаўцаў. Але варта адзначыць, наколькі разнапланавыя і цікавыя нумары падрыхтавалі дзеці. Тут і хор хлопчыкаў “Справа была ў Караліне”, які на англійскай мове выканаў песню “Жоўтая падводная лодка” (салісты Міхаіл Шырокі і Цімафей Сідаровіч), гэта і Лізавета Томкавіч, якая ў сучаснай манеры праспявала “Суседзі ў шоку”, ансамбль інструменталістаў у складзе Ксеніі Янушкевіч, Кірыла Балтрукевіча, Юліі Лук’янец і Паліны Абалевіч, хор дзяўчынак “Сластена”. Навагодні настрой з дапамогай акардэона дапамагаў ствараць і выпускнік школы Віталій Мінкоўскі. Майстэрства выканання прадэманстраваў хор старэйшых класаў пад кіраўніцтвам Кацярыны Цурганавай, які ў бягучым навучальным годзе, дарэчы, плануе браць удзел у абласным конкурсе харавых калектываў у Маладзечне. У паднябессе ўздымаўся звонкі голас Марыі Валюк, зачароўвалі сваім выкананнем Валерыя Роўда, Анастасія Малько. А на развітанне Ксенія Янушкевіч, Юлія Кавалёнак і Дар’я Гірын падаравалі гледачам знакамітую навагоднюю мелодыю “Jingle Bells”, выкананую на акардэонах. Напяваючы яе, разыходзіліся артысты і гледачы. А ўслед гучала: “З надыходзячым Новым годам!..”

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.