Супрацоўнікі санаторыя “Прыазёрны” спаборнічалі ў лоўлі рыбы

443

ЦІКАВАЕ мерапрыемства ў выхадныя арганізаваў прафсаюзны камітэт санаторыя “Прыазёрны”. Як паведаміў яго старшыня Віталь Філіповіч, запрасілі супрацоўнікаў здраўніцы паўдзельнічаць у спаборніцтве на самы важкі ўлоў.

І людзі адгукнуліся! У суботу ўсе ахвотныя сабраліся на беразе возера Мядзел непадалёку ад вёскі Чучаліцы. Для выяўлення майстэрства аматарам падлёднага лову далі чатыры гадзіны. І хаця вялікага рэкорду ніхто не паставіў, свята ўдалося на славу.

Найбольш важкі ўлоў журы зафіксавала ў сантэхніка Уладзіміра Рэксця — 1,3 кілаграма. З улікам “глухога” для зімовай рыбалкі лютага не так і кепска. На другім месцы апынуўся яго калега Дзмітрый Халадзіла і на трэцім — электрык Дзмітрый Ворса. Згодна з умовамі спаборніцтва ім уручылі грашовыя сертыфікаты аднаго з магазінаў аграгарадка Нарач.

Самую вялікую рыбіну злавіў рабочы будаўнічай брыгады Аляксандр Шаўцоў, а самую маленькую — повар Іван Цяляк. Ім таксама ўручаны грашовыя сертыфікаты. На завяршэнне ўсіх удзельнікаў вясёлага і жартаўлівага спаборніцтва чакаў святочны абед з традыцыйнай нарачанскай юшкай.

Супрацоўнікі санаторыя “Прыазёрны” спаборнічалі ў лоўлі рыбы

Павел ЖУКАЎ.

Фота забяспечана санаторыем “Прыазёрны”