Сумнік Канадскі — расліна небяспечная

93

Сумнік Канадскі -- расліна небяспечная«ЧУЎ, што расліна сумнік канадскі (золотарник) вельмі небяспечная. Яе параўноўваюць з баршчэўнікам Сасноўскага. Больш таго, расліна імкліва заваёўвае новыя прасторы. Чым яна небяспечная? Як з ёй весці барацьбу?».

Аляксандр.

Жыхар г. Мядзел.

Адказаць на пастаўленыя пытанні папрасіў начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А. У. ЛЕОНІКА. Вось што ён паведаміў:

— Гэта шматгадовая травяністая расліна вышынёй 50-200 сантыметраў. Кветкі жоўтыя, сабраныя ў мяцёлкавыя суквецці. Квітнее ў ліпені-верасні, насенне паспявае ў жніўні-кастрычніку.У Беларусь расліна патрапіла як дэкаратыўная. Вось толькі высветлілася, што за сумнікам патрэбен пільны нагляд: ён вельмі непераборлівы ў выбары месцаў, адзін парастак можа даць да 20 тысяч насення, усходжасць якіх складае 50-90 працэнтаў. Ужо сёння ён наносіць вялікія страты не толькі прыродзе Беларусі, але лясной, а таксама сельскай гаспадарцы. Пераўзыходзіць нават баршчэўнік Сасноўскага. Насенне лёгкае, вецер здольны пераносіць яго на даволі вялікія адлегласці. Хуткасць распаўсюджвання канадскага сумніка складае дзясяткі гектараў за год. Цяпер гэты працэс яшчэ можна ўзяць пад кантроль.

— Якім чынам?

— Перш за ўсё скошванне два разы на год (у маі і жніўні) на працягу некалькіх год ці перакопванне глебы ў летні час пры адсутнасці ападкаў. Галоўнае — прыбраць і ўтылізаваць скошаныя расліны, бо насенне здольнае даспяваць на зямлі і на наступны год даваць усходы.

Прымяненне гербіцыдаў, у тым ліку і гліфасатаўтрымліваючых, эфектыўна пры вышыні раслін 10-15 сантыметраў. Пазней адчувальнасць сумніка да іх значна зніжаецца.

— Анатолій Уладзіміравіч, што будзе, калі не прымаць меры барацьбы з сумнікам канадскім?

— Калі не праводзіць мэтанакіраванай работы па знішчэнні гэтай расліны, то некалькі суквеццяў за пару гадоў могуць «перафарбаваць» у жоўтае цэлае поле. Каранёвая сістэма пустазелля выпрацоўвае рэчыва, якое душыць рост іншых раслін. Яшчэ адна непрыемная рыса сумніка — яго пылок правакуе ў людзей алергічныя рэакцыі. Вось чаму абаронцы прыроды выйшлі «на сцежку вайны» з агрэсіўнай травой.

Не лішнім будзе нагадаць, што сумнік канадскі — каранцінная расліна, забароненая да ўвозу ў шматлікія краіны, бо яна парушае структуру пасеваў, змяншае ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур. У Кітаі сумнік абвешчаны нацыянальным бедствам.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.