НА дварэ сыра, холадна. Заходзім у кватэру — цёпла, утульна. І ніхто не задумваецца над тым, што для таго, каб мы адчувалі сябе камфортна, на кацельні днём і ноччу, у выхадныя, святочныя і будныя дні завіхаюцца людзі. Яны, як часавы на пасту, заўсёды ў баявой гатоўнасці.
— У нашым калектыве працуюць дысцыплінаваныя работнікі. Яны разумеюць, якую адказную справу выконваюць. Таму пра кожнага магу сказаць толькі добрае, — гаворыць старшы майстар цэнтральнай кацельні Мядзела М. П. Бабровіч. — За стараннасць і руплівасць, бездакорнае выкананне службовых абавязкаў шчырых слоў падзякі заслугоўвае старшы аператар Уладзімір Васільевіч Васілёнак.
Мікалай Пятровіч расказаў, што Уладзімір Васільевіч прый¬шоў у калектыў у сакавіку 1992 года. Спачатку займаў пасаду аператара. Добрасумленнымі адносінамі да даручанай справы хутка заваяваў аўтарытэт і павагу калег, адміністрацыі камунгаса. Таму, калі з’явілася магчымасць перавесці У. В. Васілёнка на пасаду старшага аператара, у кіраўніцтва ніякіх ваганняў не было.
— Якія абавязкі ў старшага аператара? — цікаўлюся ў
М. П. Бабровіча.
— Ён адказвае за работу катлоў, помпаў і кагенерацыйнай устаноўкі ў сваю змену. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Ва-сільевіча працуюць аператар Андрэй Аляксандравіч Папок, электраманцёр Уладзімір Сямёнавіч Бучынскі, слесар кант-рольна-вымяральных прыбораў Іосіф Віктаравіч Козел, слесар-газавік Міхаіл Іванавіч Грыгаровіч і апаратчыца хімводаачысткі Валянціна Адамаўна Рачыцкая. Вось гэтыя людзі на працягу змены забяспечваюць вытворчыя аб’екты і нашы кватэры цяплом і гарачай вадой, — адказвае Мікалай Пятро¬віч. — Заўваг па іх рабоце няма. Калі гэта змена заступае на дзяжурства, можна быць упэўненым, што ўсё будзе ў парадку.
З далейшай размовы даведаўся, што У. В. Васілёнак патрабавальны да сябе, ён строга захоўвае вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну. Гэтага ж патрабуе і ад падначаленых. Сёлета, напярэдадні прафе¬сійнага свята — Дня работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання — руплівасць Уладзіміра Ва¬сільевіча была адзначана Ганаровай граматай райвыканкама.
Год таму на кацельні зманці¬равана кагенерацыйная ўстаноўка «TEDON QUANTO С-1200». Дзякуючы ёй кацельня ператварылася ў міні-ТЭЦ. Устаноўка выпрацоўвае электрычную і цеплавую энергію за лік цяпла, якое атрымліваецца пры спальванні газу і, прахо¬дзячы праз цеплаабменнікі, награвае ваду.
— За кастрычнік, напрыклад, мы выпрацавалі 786000 кВт/гадзін электраэнергіі, якая паступіла ў агульную энергасістэму краіны, і 788 Гкалорый цяпла, — зазначыў М. П. Бабровіч. — У выніку прадпрыемства атрымала пэўны даход. Важкі ўклад у гэту справу ўнёс і Уладзімір Васільевіч Васілёнак.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: старшы аператар цэнтральнай кацельні УП «Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка» У. В. Васілёнак.
Фота аўтара.