Старамядзельскаму парку — другое жыццё

111

Старамядзельскаму парку — другое жыццёПОБАЧ з нашай школай размешчаны дзве гістарычныя каштоўнасці Мядзельшчыны: помнік прыроды раённага значэння — “Парк Стары Мядзел” і помнік архітэктуры — кармеліцкі касцёл Маці Божай Шкаплернай, якія ўключаны ў экскурсійны маршрут “Помнікі культуры Мядзельскага раёна”.

Наш парк закладзены ў пачатку ХVІІІ стагоддзя Антоніем Кошыцам, на грошы якога будаваўся і касцёл. Парк мае пейзажную планіроўку, у якой свабодна размешчаны дрэвы, сцяжынкі, дзе не парушаецца прыродны ландшафт. Што бярэ свой пачатак яшчэ ў старажытным Кітаі. Адразу плошча парку была 8 гектараў. Ён пачынаўся ад паўднёвых схілаў марэннага ўзгорка, ахінаў з усіх бакоў касцёл і плебанію, спускаўся да самага берага возера Мястра. З часам раўнінная частка парку, якая мела найбольш урадлівую глебу, стала выкарыстоўвацца пад забудову. Узнікла вуліца з агародамі, садамі. Дрэвы выкарчавалі, толькі ўздоўж возера захавалася алея са старых ліп. Насаджэнні размешчаны ў пэўным парадку: на поўдзень ад касцёла, на больш нізкім месцы, — асіны; абапал цэнтральнай дарожкі — ліпы і вязы; ва ўсходняй частцы — ясені і клёны востралістыя. У другім ярусе растуць кусты шпірэі, шыпшыны, ядлоўцу…

Першапачатковая кампазіцыя парку часткова страчана. Вучнямі школы ўстаноўлена, што ў ім растуць дрэвы з дзевяці, а травы — з трынаццаці сем’яў. Шмат лекавых раслін: зверабой звычайны, ландыш майскі, маці-мачыха, пустырнік сардэчны, розныя віды падарожнікаў. Тут селіцца самая вялікая ў Мя¬дзеле калонія гракоў з 113 гнёздаў.

Той стан, у якім знаходзіўся парк да гэтага часу, не мог адпавядаць эстэтычным, культурным, патрыятычным, экалагічным нормам. Гэтую тэрыторыю хутчэй можна было назваць аб’ектам прыроды, на які моцна паўплываў антрапагенны фактар. Вялікую шкоду парку прынёс віхор, які пранёсся над Мядзелам у жніўні 2010 года. Тады пераламала шмат дрэў, некалькі вырвала з каранямі. Знаходзіцца ў парку стала небяспечна.

З мэтай яго захавання, як месца адпачынку, культурнага кутка прыроды, гістарычнай спадчыны, школа ўзялася працаваць над праектам “Узнаўленне і рэканструкцыя помніка раённага значэння “Парк Стары Мядзел” і выкарыстання яго з мэтай экалагічнага, гістарычнага і культурнага выхавання. Навуковым кіраўніком праекта пагадзіўся быць наш зямляк, доктар біялагічных навук, прафесар БДУ Васілій Грычык. Яго слушныя прапановы, парады мы ўзялі за аснову пры складанні плана работы. Практычную дапамогу ў абследаванні тэрыторыі парку, вызначэнні відавога складу дрэў, патрабуючых пасадкі, набыцці пасадачнага матэрыялу аказалі міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (кіраўнікі — В. А. Кляноўскі, А. У. Леонік). Школа заключыла працоўнае пагадненне з РВУП “Мядзельская ЖКГ” на выкананне тых работ, з якімі самі не справімся. Сіламі працаўнікоў ЖКГ, вучняў, настаўнікаў, тэхнічнага персанала школы, бацькоў парк прыбраны ад сукоў, галля, лісця. Спілаваны і вывезены паваленыя дрэвы, выразаны маладыя парасткі каля дрэў і кустоў. Адрамантавана электраасвятленне, пастаўлены лаўкі для адпачынку, урны для смецця. Замест знішчаных дрэў вучні і працаўнікі ЖКГ пасадзілі дрэўцы ліпы, бярозы, каштана, дуба чырвонага, казацкага ядлоўцу. На тэрыторыі парку знаходзяцца тры станцыі гарадской экалагічнай сцежкі.

Ужо выканана шмат работ, каб вярнуць да жыцця гэты аб’ект. Мы плануем, што дзякуючы сумесным намаганням на сонечнай палянцы парку з’явіцца дзіцячы куток з арэлямі, ачысцяцца дзве заросшыя сажалкі каля стадыёна, адрамантуецца цэнтральная дарожка. У нас вялікая просьба да жыхароў шматкватэрных дамоў, што жывуць непадалёку, каб не выкарыстоўвалі парк, як месца для бытавога смецця, якое вучням і работнікам школы даводзіцца прыбіраць. Паверце, вельмі сорамна перад дзецьмі за дарослых, якія не берагуць прыгажосць роднай зямлі.

Чыстае паветра, блізкасць возера, прыгожыя дрэвы, галасы птушак, што селяцца ў парку, вясновыя першацветы — усё гэта стварае выдатныя магчымасці для эстэтычнага, экалагічнага выхавання. Даглядаючы расліны парку, садзячы маладыя дрэўцы і кусты, дзеці маюць дачыненне да захавання і аднаўлення гэтага цудоўнага куточка Мядзела. Думаецца, што сумеснымі намаганнямі вучняў, бацькоў, грамадскасці, мы зможам даць нашаму парку новае жыццё.

Л. ТАРАЗЕВІЧ.

Настаўнік біялогіі ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Мядзела”, кіраўнік праекта.