Справаздачнасць павінна быць дакладнай, а жывёла – накормленай

80

Справаздачнасць павінна быць дакладнай, а жывёла – накормленайЯК сведчаць вынікі кантрольных мерапрыемстваў, кіраўнікі некаторых сельскагаспадарчых арганізацый ніяк не могуць пазбавіцца ад ганебнай звычкі выдаць уяўнае за рэальнае і замест актывізацыі работ па нарыхтоўцы кармоў для грамадскага статка на зімоўку заняліся ўлетку фальсіфікацыяй справаздачнасці. У прыватнасці, у ААТ “Рованічы” Чэрвеньскага раёна прыпісалі 3629 тон сенажу альбо на 42,6 працэнта ад назапашанага. Тут да месца нагадаць, што ў мінулы стойлавы перыяд гэта гаспадарка, каб хоць неяк “дацягнуць” да вясны, вымушана была набываць у пабочных арганізацыях каля трох тысяч тон травяністых кармоў. Аднак, як бачна, суровы ўрок не пайшоў на карысць. Сталі на шлях ашуканства і ў ААТ “Лядзенскі”, дзе прыпісалі 2841 тону сенажу.

Больш таго, у першай з гаспадарак завысілі за студзень-ліпень 2013 года на 322 тоны колькасць атрыманага малака, у другой — на 509 і ў КСУП “Данута-Агра” — на 359 тон. Не адпавядала сапраўднасці ў статыстычнай справаздачнасці ў апошняй з іх і колькасць кароў — прыпісалі ажно 198 галоў. Неабходна адзначыць, што кіраўнікі іншых таварыстваў Чэрвеньшчыны, бачачы вынікі нашых праверак, пачалі самастойна ўносіць карэктывы ў справаздачнасць. Напрыклад, ААТ “Чэрвеньскі райаграсэрвіс” 4 верасня гэтага года выключыла з яе за студзень-ліпень 445,1 тоны малака, а філіял ААТ “Мінскі падшыпнікавы завод” ПСГ “Дамавіцкі” — 225,6 тоны. Усяго ж вышэйпералічаныя гаспадаркі завысілі валавую вытворчасць малака на 1860,2 тоны.

Матэрыялы праверак для дачы прававой ацэнкі накіраваны ў праваахоўныя органы, а таксама Мінскі абласны выканаўчы камітэт. Яшчэ раз звяртаем увагу кіраўнікоў і адказных асоб сельгаспрадпрыемстваў на недапушчальнасць недакладных звестак у дзяржаўную статыстычную справаздачнасць. Нельга забываць, што за такое правапарушэнне прадугледжаны вельмі жорсткія меры адказнасці, у тым ліку і крымінальная.

С. МАЦУКА.

Начальнік упраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці.