Справа яго жыцця

70

Справа яго жыццяСАМЫМ вялікім багаццем нашага краю былі, ёсць і будуць людзі. Менавіта яны робяць яго гісторыю — сваім жыццём, адносінамі да рэчаіснасці, думкамі і памкненнямі. Асоба Баляслава Карлавіча Паўлоўскага — значная для Мядзельшчыны. Каля 20 гадоў кіраваў перадавой гаспадаркай раёна. Зараз у свае 84 гады не страціў цікавасці да грамадскага жыцця, з задавальненнем расказвае пра падзеі мінулых часоў.

З маленства ён быў дапытлівым, актыўным, нераўнадушным. У сваёй роднай весцы Сіўцы скончыў спачатку тры класы польскай школы. А потым вучобу давялося адкласці — грымнула вайна. У час ваеннага ліхалецця памёр бацька, і сям’я засталася без гаспадара. Не хоча Баляслаў Карлавіч дзяліцца ўспамінамі пра цяжкасці, якія выпалі на долю яго маці, брата і сястры. Затое навіну пра перамогу пачуў першы ў вёсцы, якраз дзяжурыў у сельвыканкаме, а там па рэпрадуктары паведамілі. Колькі было радасці! Пачыналася новае жыццё. І сапраўды гэта было так. Пасля вайны вучыўся ў мясцовай сямігодцы і, канечне, працаваў. Быў загадчыкам Сіўцаўскай хаты-чытальні. Аднавяскоўцы, больш моладзь, актыўна выкарыстоўвалі магчымасць даведацца пра апошнія навіны краіны, свету. Газеты, часопісы, кнігі дапамагалі вучыцца, пашыралі светапогляд. Праца ў хаце-чытальні многае дала і самому Баляславу Карлавічу: ён шмат чытаў, даводзілася нешта пераказваць, растлумачваць іншым, праводзіць вечарыны. Гэта, у сваю чаргу, фарміравала яго кругагляд, выхоўвала арганізатарскія і лідарскія якасці характару.

Як толькі скончыў школу, прызвалі на тры с паловай гады служыць у Прыкарпацкую ваенную акругу. Вярнуўшыся дадому, Б. К. Паўлоўскі ўзначаліў Крывіцкі раённы Дом культуры. А паралельна працягваў вучыцца. Скончыў завочна культасветвучылішча ў Магілёве і паступіў у Вышэйшую партыйную школу на стацыянар, на спецыяльнасць арганома-арганізатара сельскай гаспадаркі. У Мінск паехаў не адзін. Не змог пакінуць у Крывічах любую дзяўчыну. Перад ад’ездам прапанаваў Ніне (так яе звалі) стварыць сям’ю. Вяселля не рабілі, распісаліся і накіраваліся ў сталіцу.

Сваю працоўную дзейнасць Баляслаў Карлавіч прадоўжыў у сферы культуры. Пасля далучэння Крывіцкага раёна да Мядзельскага ўзначаліў аддзел культуры райвыканкама, а потым адзінаццаць год кіраваў раённай кінасеткай. Праца задавальняла, не адзін раз заахвочваўся кіраўніцтвам. Штосьці мяняць у жыцці не збіраўся. Але галоўная справа жыцця чакала яго наперадзе.

У 1972 годзе першым сакратаром райкама партыі быў Анатоль Сямёнавіч Ярошык. Менавіта ён прапанаваў Б. К. Паўлоўскаму паспрабаваць сябе на пасадзе намесніка старшыні калгаса “Ленінскі шлях”. Баляслаў Карлавіч згадзіўся не адразу. Да такіх рэзкіх змен не рыхтаваўся. Але жонка, Ніна Сямёнаўна, параіла прыняць прапанову.

На той час у калгасе “Ленінскі шлях”, у вёсцы Баяры, была распачата маштабная і амбіцыёзная па тых часах будоўля — сельскі Дом культуры на 300 месцаў. Вось і давялося новаму намесніку старшыні калгаса заняцца гэтымі клопатамі. Дом культуры стаў для Б. К. Паўлоўскага і тагачаснага старшыні Барыса Абрамавіча Мядзведзева іх гонарам. Такога палаца ў раёне не было. Сюды прыязджалі з канцэртамі артысты рознага ўзроўню, для калгаснікаў выступалі “Песняры”, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, артысты купалаўскага тэатра, іншыя знака¬мітасці. Тут ладзіліся адмысловыя святы, вечары адпачынку, дыскатэкі для моладзі. Людзі з’язджаліся з усіх навакольных вёсак, Мядзела.

У 1977 годзе, набраўшыся вопыту яшчэ і ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама (два гады працаваў дзяржаўным інспектарам па закупках і якасці сельскагаспадарчай прадукцыі), Баляслаў Карлавіч стаў старшынёй гаспадаркі, якую ўжо добра ведаў. Давер кіраўніцтва раёна стараўся апраўдаць. Новы старшыня поўнасцю аддаваўся рабоце. Сын Саша і дачка Іра бацьку амаль не бачылі: то ўборачная, то пасяўная, то фермы. Ніна Сямёнаўна можа і хацела, каб муж больш увагі ўдзяляў сям’і, але разумела ўсю адказнасць і складанасць яго пасады, таму была надзейным тылам мужа. Ужо тры гады, як няма яе побач.

І цяпер у былога старшыні захоўваюцца запісы з лічбамі па надоях, ураджайнасці, прывагах, планах. Гаспадарка арыентавалася на вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і займала ў гэтым накірунку лідзіруючыя пазіцыі ў раёне. Дасягненні былі заўважаны на рэспубліканскім узроўні — па выніках Агульнасаюзнага спаборніцтва па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі калгас атрымаў легкавы аўтамабіль.

У імкненні да высокіх вытворчых паказчыкаў Баляслаў Карлавіч не забываў пра людзей. Нават, калі чалавек дапускаў правіннасць, даваў шанц выправіцца. А людзі да яго ішлі. Са сваімі праблемамі, за парадай, за дапамогай. Моцная гаспадарка ўсіх жадаючых забяспечвала жыллём, дапамагала апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі, нарыхтоў¬ваць кармы для хатняй жывёлы. Не без гонару кажа Б. К. Паўлоўскі, што многія будучыя спецыялісты, кіраўнікі прайшлі школу загартоўкі ў яго гаспадарцы. Тут у свой час працавалі Іван Мікалаевіч Шаранговіч, Мікалай Міхайлавіч Паршута, Віктар Міхайлавіч Звяруга, Ганна Яфімаўна Вайцюлян, Уладзімір Аляксандравіч Губскі і іншыя. З павагай і цеплынёй успамінае былы старшыня сваіх спецыялістаў: галоўнага агранома Вікторыю Вітольдаўну Мехавіч, брыгадзіра Івана Фабіянавіча Пісарчыка, заатэхніка Галіну Антонаўну Сакалдынскую, руплівых і адказных даярак – Яўгенію Валяр’янаўну Дучынскую, Рэгіну Вячаславаўну Багавец, Рэгіну Фердзінандаўну Пашкевіч, Марыну Віктараўну Дашчынскую, аператара па адкорме Яўгенію Канстанцінаўну Багуцкую і іншых.

Б. К. Паўлоўскі разумеў: каб трымаць высокія пазіцыі, нельга стаяць на месцы. Таму першы ў раёне стаў укараняць тэхналогію штучнага асемянення жывёлы. Гэтай справай у гаспадарцы займалася Зоя Іванаўна Цярэшчанка. У хуткім часе яна, як граматны спецыяліст, ездзіла па калгасах, саўгасах раёна і перадавала вопыт.

З пазіцыі цяперашняга часу дзіўным здаецца тое, што адна з асноўных праблем, якая была ў кіраўніка гаспадаркі — меліся грошы і не было магчымасці набыць тое, што трэба. Напрыклад, з вялікімі намаганнямі набывалі тэхніку. А аднойчы, каб забяспечыць і свой, і іншыя калгасы аміячнай вадой, кіраўніцтва раёна накіравала Баляслава Карлавіча ў Маскву да міністра шляхоў зносін СССР. Ці то жартам, ці то сур’ёзна сказаўшы: “Міністр таксама Паўлоўскі, можа табе лягчэй будзе з ім дамовіцца”. І дамовіўся! Іван Рыгоравіч Паўлоўскі прыняў цёзку па прозвішчы, дапамог вырашыць пытанне — вагоны з аміячнай вадой у хуткім часе былі накіраваны ў раён.

У шафе Баляслава Карлавіча, як сведкі яго дасягненняў, ляжаць узнагароды. Самыя ганаровыя з іх — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэн “Знак пашаны”. А вось — пасведчанне дэпутата абласнога Савета дэпутатаў БССР. Пацвяр¬джэннем таму служаць і шматлікія фотаздымкі. На адным з іх — Баляслаў Карлавіч з жонкай, сакратар калгаснай партыйнай арганізацыі Уладзімір Аляксандравіч Губскі, а побач — Валянціна Церашкова. Ён расказвае, што першая ў свеце жанчына-касманаўт прыехала адпачываць у санаторый “Сосны”. Яму было даручана прывітаць яе на нашай гасціннай Нарачанскай зямлі. Знайшлі гаспадыню, якая спякла хлеб на кляновым лісці, з ім і віталі шаноўную госцю. Валянціна Уладзіміраўна аказалася вельмі душэўным, сціплым чалавекам, лёгка згадзілася сфатаграфавацца на памяць. А на адвароце фотаздымка напісала: “Дорогим Нине Семеновне и Болеславу Карловичу с глубоким уважением и пожеланием всего самого доброго в жизни. 14 сентября 1984 года”.

Гэта быў яго час. І тым больш балюча ўсведамляць пажылому чалавеку, што няма ўжо яго гаспадаркі, не вытрымаў выпрабаванне часам і баярскі Дом культуры. Непазнавальна змянілася рэчаіснасць. Між тым, чалавек заўсёды павінен заставацца чалавекам, не разменьвацца на мімалётныя сумніўныя каштоўнасці. Баляслава Карлавіча жыццё загартавала, і яму ўдалося распазнаць сваю сілу, узмацніць яе з крыніц роднай зямлі, з вытокаў дзедаўскай спрадвечнай мудрасці. Ён шчодра дзяліўся гэтай сілай, згуртоўваючы каля сябе людзей. За ім ішлі, яму верылі.

А Вам, паважаны чытач, ці хапіла б смеласці паехаць, умоўна кажучы, да міністра СССР Паўлоўскага?

Іна ЯРЧАК.

На здымку: дэлегаты калгаса “Ленінскі шлях” на раённай партыйнай канферэнцыі ў кінатэатры “Чайка” 7 снежня 1985 года: намеснік старшыні Віктар Міхайлавіч Звяруга, механізатар Пётр Якаўлевіч Швец, брыгадзір Анатолій Мікалаевіч Семяновіч, тэхнік-асемянатар Зоя Іванаўна Цярэшчанка, старшыня Баляслаў Карлавіч Паўлоўскі, галоўны аграном Вікторыя Вітольдаўна Мехавіч, заатэхнік-селекцыянер Соф’я Сігізмундаўна Лоўкіс, брыгадзір Тэрэза Канстанцінаўна Танана (фота з сямейнага архіва).