Спартыўная перамога Паліны Гарбацэвіч

127

Настойлівасці і працавітасці Паліне Гарбацэвіч не пазычаць: трэці раз удзельнічала ў рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод навучэнцаў устаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, па зімовым мнагаборстве «Здароўе» і з кожным годам паляпшала вынікі.

Спартыўная перамога Паліны Гарбацэвіч

Летась у вучаніцы Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі было трэцяе месца ў агульным заліку, а сёлета яна перамагла сярод адзінаццацікласніц. А яшчэ атрымала бронзавы медаль за трэцяе месца каманды Мінскай вобласці.
— Не думала, што будзе такі вынік, гэта ўсё мне вельмі прыемна, — дзеліцца Паліна.
Спаборніцтвы складаліся з чатырох відаў: згінанне і разгінанне рук ва ўпоры лежачы, скачкі ў даўжыню, бег на лыжах і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Па трох відах Паліна была першай, толькі ў стральбе паказала другі вынік.
— Найбольш парадавалася за лыжныя гонкі — там найскладаней заняць першае месца, — кажа.
— Ці даўно займаешся спортам?
— Дзесьці з дзесяці год. А сур’ёзна — год пяць.
— Прыгадай, як пачынала займацца.
— Наш трэнер Валерый Сяргеевіч Хацяновіч паклікаў мяне на трэніроўку. Мне спадабалася — пачала займацца далей.
Дарэчы, у Палінінай мамы былі некалі досыць нядрэнныя вынікі ў лыжных гонках. А па прыкладзе Паліны яе малодшая сястра Сафія таксама спортам захапілася. Летась на рэспубліканскіх спаборніцтвах разам выступалі.
— Які твой любімы від спорту? — пытаю ў Паліны.
— Мне падабаюцца ўсе, якімі займаюся. Але больш за усё — зімовыя віды спорту: лыжы, біятлон. Таму што гэта прыгожа, захапляльна, а яшчэ мне падабаецца хуткасць.
— Што трэба, каб перамагаць?
— Працаваць і працаваць. І, мне здаецца, яшчэ гэта ў многім залежыць ад трэнера. У нас Валерый Сяргеевіч вельмі добры — проста хочацца хадзіць на трэніроўкі.
Каб дасягнуць вынікаў, даводзіцца займацца кожны дзень.
— Часам і раніцай патрэніруюся, — расказвае Паліна. — Пасля ўрокаў наведваю трэніроўкі — займаюся ў аддзяленні па лёгкай атлетыцы СДЮШАР раёна. Прыходжу дамоў, раблю ўрокі. І калі застаецца час, яшчэ трэніруюся. Разам з малодшай сястрой бегаем, адціскаемся.
— Калі паразважаць, што для цябе спорт?
— Сваё далейшае жыццё не бачу без яго. З пачатковых класаў займаюся спортам і далей думаю працягваць. А там — як атрымаецца. Сама сабе даказваю, што нешта магу. Радуюся, калі ёсць прагрэс. Думаю, што займацца спортам патрэбна не толькі для спаборніцтваў, а і для сябе: яны дадаюць спрыту, цягавітасці і, урэшце, здароўя.
Скажам, рэкорд у адцісканні ў дзяўчыны — 101 раз. Ды і падцягнуцца на перакладзіне можа не горш, а то і лепш за многіх хлопцаў — разоў дзесяць.
Паліна і вучыцца добра: за трэцюю чвэрць сярэдні бал 9,1.
— Лічу, што трэба проста не шкадаваць сябе. Неабходна займацца, не адкладаць нейкія справы на потым, — падагульняе Паліна.
Аляксандр Высоцкі.
Фота аўтара.