Сняжана Шастаковіч сёння стане перша­класніцай

216

Сёння стане перша­класніцай Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі выпускніца яслей-сада №3 Сняжана Шастаковіч. Іх з матуляй я сустрэла ў школьным двары.

Дзяўчынка расказала, што да 1 верасня ў яе ўжо ўсё гатова: набылі сінія сарафан і басаножкі, белыя блузку, гольфы і (як жа без іх!) банты. Ёсць і адмысловы значок — у гэтай установе адукацыі ён з’яўляецца абавязковым адзіным элементам школьнага адзення. А яшчэ купілі спартыўныя касцюм і абутак, сшыткі, ручкі, алоўкі, лінейку, фламастары — хіба ж усё пералічыш!

— У школу вельмі хочацца, — падзялілася дзяўчынка. — Ужо была там, ведаю: усё вельмі прыгожа, шмат малюнкаў. І сталоўка добрая! А галоўнае — там можна атрымаць веды. І настаўніца ў мяне будзе добрая — Святлана Анатольеўна Аўдзеенка, яна і маю старэйшую сястру Сафію вучыла. У школу будзем разам з Сафіяй хадзіць: я ў першы клас, а яна — у пяты.

Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота аўтара.