ПРАЙШОЎ восеньскі прызыў у армію. Для юнакоў, якія стануць абаронцамі Айчыны, гэта вельмі адказны час у жыцці. Хвалююцца, што ім давядзецца прайсці нялёгкі салдацкі шлях, і, разам з тым, усведамляюць, што ім дадзена несці пачэсны салдацкі абавязак. На службу з нашай мясцовасці пайшло шмат юнакоў. А непасрэдна з былых вучняў Камароўскай школы сямёра выпускнікоў. Гэта Іван Бажэлка, Віктар Бекіш, Павел Жук, Эдуард Закрэўскі, Андрэй Лушчык, Андрэй Нябескі і Максім Федзіў.
Калі згадаць школьны час, то ўсе гэтыя хлопцы праяўлялі сябе з добрага боку. Амаль усе яны займаліся спортам, былі здольнымі да мастацкай самадзейнасці, вялі здаровы лад жыцця. Кожны з іх пакінуў па-свойму адметны след у нашым школьным жыцці.
Безумоўна, што за іх хвалююцца бацькі, родныя. Напрыклад, мама Эдуарда Закрэўскага Галіна Пятроўна перажывае за двух сыноў. Яшчэ не закончылася вайсковая служба ў малодшага сына Сяргея, а ў армію прызвалі старэйшага Эдуарда, які нядаўна атрымаў вышэйшую адукацыю. Абодва старанныя, працавітыя, з пашанаю адносяцца да бацькоў.
Мы ўпэўнены, што нашы выпускнікі паспяхова справяцца з вайсковай службай і з гонарам выканаюць свой грамадзянскі абавязак.
Вольга ЛАВЕЦ,
Марына ПУЗЫРОВА.
Вучаніцы Камароўскай сярэдняй школы.