Сіг — недатыкальны

98

Сіг — недатыкальныЗ ЛІСТАПАДА ўстанаўліваецца забарона на здабычу сіга. Гэта звязана з тым, што ў рыб дадзенага віду сямейства ласосевых пачынаецца нераст. Сіг чудскі — жыхар глыбакаводнай часткі азёр з добрым кіслародным рэжымам. Толькі зрэдку ён выходзіць у вусці ўпадаючых у возера рэк, пазбягае малых вадаёмаў. Назва віду звязана з тым, што асноўнае месца яго жыхарства — Чудскае возера.

У нашых азёрах сіг з’явіўся ў 1925 гадах. Але асноўныя мерапрыемствы па зарыбленні пачаліся ў пасляваенны перыяд. З 1948 года ў вадаёмы рэспублікі ўпушчана больш за 48,8 мільёна лічынак і 3,9 мільёна сяголетка сіга. Але толькі ў возеры Нарач утварылася стабільная самаўзнаўленчая папуляцыя. Найбольшыя ўловы назіраліся ў 50-60-х гадах.Забарона на лоўлю сіга працягваецца паўтара месяца — да 15 снежня.

Нядобрасумленным рыбаловам хачу нагадаць, што ў перыяд забароны павялічваюцца штрафныя санкцыі. Акрамя штрафу, пры незаконным вылаве нерастуючай рыбы давядзецца кампенсаваць нанесены рыбнай гаспадарцы ўрон. Так, кожны злоўлены сіг незалежна ад памераў абыдзецца браканьеру ў тры базавыя велічыні, а рапушка (яна занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь) — у дзевяць базавых велічынь. Сёння адна базавая велічыня складае 130 тысяч рублёў. А калі нанесены ўрон у буйным памеры, а гэта 40 і больш базавых велічынь, то «заслугі» аматара рыбкі будуць ацэньвацца ў адпаведнасці з артыкулам 281 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Хачу сказаць, што мы пастаянна праводзім рэйды па выяўленні фактаў браканьерства. Але гэтага недастаткова. Толькі сумеснымі намаганнямі можна павялічыць рыбныя запасы ў азёрах Мядзельшчыны. Таму, калі вам сталі вядомы факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, калі ласка, тэлефануйце ў інспекцыю па нумары 50-7-40.

У. ХІЛА.

Дзяржінспектар Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.