Шлях да здароўя

286

Як пачаць весці здаровы лад жыцця? Як знайсці сілу волі і матывацыю, каб гэтым заняцца? Тэарэтычна пытанні простыя і зразумелыя, а на практыцы — не зусім. Для асобных сапраўды жаданне пачаць штосьці новае так і застаецца жаданнем: знаходзяцца апраўданні, старт адкладаецца на дзень, тыдзень, месяц.

Шлях да здароўяЗатое для грамадзян пажылога ўзросту, якія наведваюць аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання ДУ “Мядзельскі ТЦСАН”, паняцце “здаровы лад жыцця” стала не проста наборам слоў, а прынцыпам існавання. Не адразу, а паступова кожны з іх упэўнена ідзе да мэты: як мага даўжэй заставацца маладым, падцягнутым, актыўным. Дарэчы, для ажыццяўлення запланаванага ў нас створаны ўсе ўмовы. Ёсць зала для заняткаў, спартыўнае абсталяванне, падабраны цудоўныя аздараўленчыя комплексы практыкаванняў.
Людзям так званага залатога ўзросту даецца магчымасць штодзённа падтрымліваць сваю фізічную актыўнасць. Адной з методык, якія прапаноўваюцца, з’яўляецца ёга — выдатная прафілактыка хвароб. Такая ўсходняя практыка падтрымлівае фізічнае і эмацыянальнае здароўе, можа падштурхнуць да самаразвіцця і раскрыць унутраныя рэсурсы энергіі. Аздараўленчая гімнастыка “Цыгун”, дыхальная па Стрэльнікавай дапамогуць умацаваць суставы і мышцы, палепшыць кровазварот, каардынацыю рухаў, падтрымліваць у рабочым стане органы дыхання і сардэчна-сасудзістую сістэму. А абсталяванне і інвентар, якія ёсць у аддзяленні (гантэлі, гімнастычныя кругі і палкі, масажныя мячы, дыскі для каардынацыі, трэнажоры), дазваляюць падабраць практыкаванні для ўсіх груп мышцаў. Ахвотныя могуць наведваць Мядзельскі фізкультурна-
аздараўленчы цэнтр, дзе для іх праводзяцца заняткі з фітболамі, практыкаванні на стэпах, комплексы з элементамі пілатэсу і шэйпінгу.
Не існуе такога паняцця, як старасць, для тых, хто штодзённа займаецца скандынаўскай хадзьбой — даступнай для ўсіх эфектыўнай фізічнай дзейнасцю. Група “Здароўе” пад кіраўніцтвам валанцёра, створаная ў аддзяленні, з’яўляецца таму доказам.
У нас даўно стала добрай традыцыяй праводзіць велапаходы. Радуе, што атрыманы падчас іх зарад бадзёрасці доўгі час не пакідае турыстаў-аматараў. Каб пашырыць кола ведаў аб тым, як на доўгія гады заставацца маладым і не ведаць хвароб, запрашаем для чытання лекцый медыкаў.
І сёння памятаем удзел наведвальнікаў аддзялення ў міжнародным турыстычным злёце для грамадзян пажылога ўзросту “Азёркі-2019”. Яго ўдзельнікі павезлі з сабой дадому прыемныя ўражанні, станоўчыя эмоцыі і надзею на спатканне з новымі сябрамі.
Здаровы лад жыцця — гэта цэлая філасофія, мэта якой — зрабіць сябе лепшым, дабіцца росту як асобы. І пачніце ўжо сёння, каб заўтра адчуць і ўбачыць рэальныя вынікі.

А. АНДРОН.
Кіраўнік гуртка аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ДУ “Мядзельскі ТЦСАН”.