Сэнс жыцця Ганны Каробчыц — у дзецях і працы

300

resize-of-rotation-of-p8170165Па сутнасці, усё свядомае жыццё Ганна Іванаўна Каробчыц прысвяціла УП «Ілаўскае». Прыйшла на прадпрыемства ў 1975 годзе. Жанчына прызнаецца, калі б ёй у юнацтве сказалі, што застанецца жыць у вёсцы, то не паверыла б. Пасля заканчэння школы яна, як і многія  равесніцы, паехала ў горад. Праўда, не ў сталіцу, а крыху бліжэй да дома — у Маладзечна. Уладкавалася на работу на хлебазавод. Крыху пазней паступіла вучыцца на завочнае аддзяленне політэхнікума. У недалёкім будучым Аню чакалі пер­спектыўныя прапановы, бо была яна надзвычай адказным і старанным чалавекам. Аднак лёс распарадзіўся інакш. Дзяўчына вярнулася назад у родную вёсачку Будслаў, дзе жыве і сёння. Тут і сваё сямейнае гняздзечка звіла. На радасць сабе і мужу нарадзіла дачушку і сыночка. Працаваць стала на заводзе. Была тэхнолагам, у лабараторыі шчыравала. Апошнія 15 год з’яўляецца майстрам купажнага цэха.

— Увогуле не ўяўляю свайго жыцця без завода, — апавядае Ганна Іванаўна. — За столькі год зраднілася з прадпрыемствам. Яно стала для мяне другім домам. Люблю сваю работу, людзей, з якімі працую поплеч. А калектыў у нас і сапраўды цудоўны. Усе і справу даручаную выдатна ведаюць, і іншым гатовы ў любы час дапамагчы. Дарэчы, на прадпрыемстве раней працаваў і муж. Ён, на жаль, рана пайшоў з жыцця. Таваразнаўца УП «Ілаўскае» — мой сын Аляксандр. Дачка Алена закончыла Белдзяржуніверсітэт і засталася ў Мінску. У дзецях, а таксама ў працы бачу сёння сэнс свайго жыцця, — дадала жанчына.

Шмат добрых слоў давялося пачуць пра Г. І. Каробчыц на заводзе. А рабочая купажнага цэха Алена Казіміраўна Томкавіч выказалася так: «Наша Іванаўна — чалавек шчодрай душы і вялікага сэрца. Да таго ж, надзвычай старанная, адказная. Я аса­біста ўдзячна лёсу, што працую пад яе непасрэдным кіраўніцтвам. Дарэчы, і мая мама Ніна Уладзіміраўна Віт­рук таксама шмат год запар шчыравала поплеч з Ганнай Іванаўнай. Яна і нам, дзецям, заўсёды ставіла гэту жанчыну ў прыклад. Цяпер добра разумею, за што яна яе так любіла і паважала».

Не так даўно Ганна Іванаўна Каробчыц адзначыла юбілейны дзень нара­джэння. З гэтай нагоды яе шчыра па­віншавалі калегі па рабоце, суседзі, знаёмыя. Гаварылі цёплыя, удзячныя словы, дарылі кветкі, падарункі. Былі і тэлефонныя званкі з пажаданнямі моцнага здароўя, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага. Сапраўды, вельмі хочацца, каб і надалей на жыццёвай дарозе гэтай цудоўнай жанчыны страчаліся толькі харошыя людзі, а кожны новы дзень атуляў ласкай, прыносіў радасць і задавальненне.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: Ганна Івнаўна Каробчыц.

Фота Таццяны Несцярэнка.