Сцяжынкамі чалавечых лёсаў

60

Сцяжынкамі чалавечых лёсаўЦЯЖКА прадказаць лёс чалавека падчас яго нара¬джэння. І толькі з часам, калі азіраешся на адышоўшыя ў мінулае гады, разумееш, што не было на шляху выпадковых падзей і сустрэч, што ўсе яны заканамерныя, толькі нам наканаваныя. А калі яшчэ цябе добрым словам успамінаюць іншыя, гэта значыць, што ты адбыўся як асоба і жыццё тваё склалася належным чынам.

Сямейную пару Міклушовых у Мядзеле ведаюць многія. І не толькі ведаюць, але і паважаюць. Ірына Мікалаеўна нарадзілася 9 мая 1933 года на Міёршчыне. Выхоўвалася ў мнагадзетнай сям’і. Бацькі былі простымі, але надзвычай шчырымі, працавітымі людзьмі. Гэтаму і дзяцей навучалі. А было іх пяцёра: тры дзяўчынкі і два хлопчыкі. Пасля заканчэння дзесяцігодкі Ірына паступіла вучыцца ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча. З маленства дзяўчына хацела стаць выхавальнікам дзіцячага сада, і мара яе ажыццявілася. Сваю прафесію яна выбірала сэрцам і засталася вернай ёй на ўсё жыццё. Працоўны шлях пачынала на радзіме. А пасля таго, як выйшла замуж, як нітка за іголкай падалася ўслед за каханым. Аляксандр Паўлавіч на той час ужо адслужыў у войску, закончыў Магілёўскі фізкультурны тэхнікум. Дарэчы, пазнаёміліся яны ў Магілёве, і гэты горад застаўся для іх і сёння самым любімым.

А. П. Міклушоў пасля заканчэння навучальнай установы атрымаў размеркаванне ў Нарачанскі край. Разам з жонкай працавалі ў Мікольцах, Слабадзе, затым — у Мядзеле. Ён — настаўнікам фізічнай культуры. Яна — выхавальнікам інтэрната, піянерважатай, бібліятэкарам, вяла танцавальны і тэатральны гурткі… Душу ўкладвалі абое ў работу з дзецьмі, адносіліся да іх з павагай, разуменнем. Што датычыць Ірыны Мікалаеўны, то гэта, наогул, вельмі актыўны, ініцыятыўны чалавек, проста скарбонка цікавых ідэй і знаходак. Магла і спець, і станцаваць, умела добра шыць, вышываць… Муж разумеў сваю каханую з паўслова, ва ўсім падтрымліваў яе, дапамагаў. А яна старалася працаваць шчыра, як кажуць, на поўную катушку, бо інакш не ўмела, не магла. Нездарма любілі жанчыну дзеці, цягнуліся да яе, давяралі свае сакрэты, прыходзілі за парадай і падтрымкай. А колькі цікавых мерапрыемстваў на яе рахунку, нават не злічыць! Не пераставалі здзіўляцца калегі, цешыліся бацькі вучняў, што лёс падараваў іх сынкам і дачушкам педагогаў ад Бога — шчырых, уважлівых, неабыякавых. За што ні браліся — усё ў іх атрымлівалася добра і складна. Не ўгнацца было за імі: працавалі старанна і рупліва на рабоце і дома былі на вышыні: і між сабой выдатна ладзілі, і па хатняй гаспадарцы дружна ўпраўляліся, паказваючы добры прыклад іншым, і гасцей умелі сардэчна прыняць, і прыпеўку праспяваць…

Радасцю бацькоў з’яўляюцца, вядома, дзеці. А іх у Міклушовых двое: Ганна і Мікалай. Абое атрымалі вышэйшую адукацыю. Дачка выбрала спецыяльнасць бібліятэкара, а сын стаў ваенным. У званні падпалкоўніка звольніўся ў запас. Цешацца бацькі дзецьмі, бо выраслі яны таксама паважанымі людзьмі, маюць добрыя сем’і. Ганарацца дзядуля з бабуляй і ўнукамі, якіх у іх трое, а таксама трыма праўнукамі, якія падрастаюць ім на радасць.

Імкліва бяжыць рака жыцця. Аднак не трэба гэтаму засмучацца. Бо чалавек у кожным узросце можа заставацца маладым і шчаслівым. Сапраўды, не старэе яго душа, калі ён не чэрствы, не абыякавы. Калі навакольным жадае толькі дабра, жыве згодна з уласным сумленнем. Ды і не сядзіць з ранку да вечара склаўшы рукі, а пастаянна знаходзіць для сябе занятак. За любімай справай і дзень хутчэй праходзіць, і настрой уздымаецца. Прыклад таму — Ірына Мікалаеўна. Актыўнасці ёй не трэба пазычаць. Яна баявая, ініцыятыўная. З задавальненнем наведвае клуб пажылых людзей “Задушэўная размова”. І не проста наведвае, але з’яўляецца арганізатарам і нязменнай удзельніцай многіх мерапрыемстваў. Яна і сёння можа хораша і песню праспяваць, і верш прачытаць, і бліскуча справіцца з любой роляй у міні-спектаклі. Артыстызму жанчыне не займаць. Што гэта сапраўды так, выдатна ведаюць яе калегі з клуба “Задушэўная размова”. І Мядзельскую сярэднюю школу №1 імя У. Дубоўкі, дзе працавала апошнім часам у асноўным выхавальніцай групы падоўжанага дня, І. М. Міклушова не забывае. Яна — частая і жаданая госця і на класных мерапрыемствах, і на святах. Можа і параду мудрую даць, і добрае слова сказаць, і жыццёвым вопытам падзяліцца.

Дарэчы, летась адзначыў 80-гадовы юбілей Аляксандр Паўлавіч, сёлета — Ірына Мікалаеўна. Прымала ў мінулым годзе гэта прыгожая сямейная пара і віншаванні з нагоды 55-годдзя сумеснага жыцця. Прыемна ўсведамляць, што ёсць сярод нас людзі, якія ў каханні і згодзе пражылі такі працяглы, можна сказаць рэкордны, адрэзак часу і здолелі захаваць лебядзіную вернасць, павагу адзін да аднаго. Яны і сёння падаюць нам урок сямейнай мудрасці, з’яўляюцца прыкладам ва ўсім. І дай Бог, каб так было яшчэ доўга-доўга. Каб Ірына Мікалаеўна і Аляксандр Паўлавіч і надалей заставаліся энергічнымі, бадзёрымі, радаваліся жыццю і кожнаму дню, праведзенаму разам.

Па даручэнні прафсаюзнага камітэта і работнікаў Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі

Г. СЁМКА.