Самы дарагі наш чалавек

292

Самы дарагі наш чалавекНАПЯРЭДАДНІ Дня маці звярнулася да некаторых гараджан з пытаннем: хто для іх з’яўляецца самым дарагім чалавекам, якому яны абавязаны сваім жыццём і дабрабытам? А пачула наступнае:

Святлана Анатольеўна ЧАРНЯЎСКАЯ, дырэктар Мядзельскага музея Народнай славы:

— Мая мама Антаніна Якаўлеўна была і застаецца для мяне прыкладам ва ўсім. Ад прыроды яна мае цудоўны мілагучны голас. Яшчэ і сёння выступае на сцэне, радуе сваімі спевамі навакольных. Гэта ўвогуле залатой душы чалавек, цудоўная матуля, клапатлівая бабуля і прабабуля. За ўсё і за ўсіх баліць і хвалюецца яе сэрца. Чалавек мудры, разважлівы, неабыякавы. Заўсёды можа даць слушную параду, падтрымаць, супакоіць. Наш самы дарагі чалавек адчувае сябе шчаслівым. Мама нарадзіла і выхавала трое дзяцей, мае сем унукаў і адзінаццаць праўнукаў. А яшчэ дапамагла сваёй унучцы Сашы, пакуль яна заканчвала ўніверсітэт, падгадаваць яе дачушку, а сваю праўнучку Ульянку. Прычым займалася гэтым практычна адразу пасля вяртання немаўляткі з радзільнага аддзялення. За гэта нізкі паклон табе, любая мамачка! Дай Бог табе здароўя, дабра, аптымізму. Жыві яшчэ доўга-доўга і радуй нас сваёй прысутнасцю. Згадзіцеся, як добра, калі дома заўсёды цябе чакае мама.

Самы дарагі наш чалавекВячаслаў Пятровіч КЛІМОВІЧ, дырэктар гімназіі-інтэрната г. Мядзел:

— Мы жывём на гэтай зямлі толькі дзякуючы нашым матулям. Менавіта яны вырасцілі і выхавалі нас такімі, якія мы ёсць. Жыццём сваім і лёсам мы з братам абавязаны нашай маме Марыі Аляксандраўне. Прыклад стараннасці і працавітасці яна нам паказвала штодзённа. Матуля была начальнікам паштовага аддзялення ў Старых Габах. Яе паважаюць людзі за шчырасць, ветлівасць і добрасумленнасць. Для нас з братам яна была і застаецца самым дарагім і любячым чалавекам — добрым, уважлівым, клапатлівым. Дзякую табе, мілая, за ўсё. Віншую цябе, дарагая мая, са святам! Жыві доўга і светла, сагравай нас сваім душэўным цяплом, а мы вернем табе яго сто разоў.

Алена Генадзьеўна ЖЫХАР, начальнік раённага вузла паштовай сувязі:

— Мая матуля Марыя Іванаўна Казакова па жыцці была і застаецца лідарам: і на рабоце, і ў сям’і. Гэта чалавек надзвычай адказны, добрасумленны і цярплівы. Да ўсіх цяжкасцей і праблем заўсёды адносіцца з разуменнем, ніколі нікога ні за што не папракае. І падтрымае, і супакоіць, і параду мудрую пры неабходнасці дасць. Самы дарагі наш чалавек любячы і клапатлівы. І гэта сцвярджаем не толькі мы, дочкі, але і зяці, унукі. Ні мінуты мамачка не сядзіць без справы. Яна выдатная рукадзельніца, цудоўная гаспадыня. А якія смачныя пірагі пячэ, булкі! Калі збіраемся ўсе за сямейным сталом, так хораша і ўтульна сябе адчуваем. За гэта мы ўсе паважаем, цэнім і любім нашу матулю, цешчу і бабулю і зычым ёй моцнага здароўя і ўсяго самага найлепшага.

Запісала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.