Рыхтуецца новы маршрут

63

Рыхтуецца новы маршрутДЛЯ сапраўдных знатакоў роднай прыроды да сезона 2014 года рыхтуецца новы экалагічны маршрут, які размесціцца непадалёку ад курортнага пасёлка Нарач на тэрыторыі геалагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Паўвостраў «Чараўкі». Гэта ўнікальны прыродны комплекс, дзе разнастайнасць форм рэльефу і прыродных экасістэм стварылі ўмовы для росту каля двух дзясяткаў рэдкіх і знікаючых відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і якія ахоўваюцца ў Еўропе.

Складаны рэльеф, эксклюзіўныя пейзажы, каштоўныя батанічныя аб’екты садзейнічаюць правя¬дзенню тут навукова-пазнавальных батанічных і геаграфічных экскурсій, арніталагічных назіранняў, тураў для аматараў фота- і відэаздымкі.

Сумесная работа на працягу некалькіх гадоў супрацоўнікаў навуковага аддзела НП «Нарачанскі» і сектара кадастру расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дазволіла рэалізаваць даўнюю ідэю — пры мінімальным умяшанні ў прыроду з мэтай захавання дадзенага ўнікальнага прыроднага комплексу стварыць цікавы аб’ект экатурызму «Парк рэдкіх раслін». Тут дзеці і дарослыя, спецыялісты і турысты змогуць захапляцца казачным светам аднаго з запаведных куткоў Нарачанскага краю.

Экалагічны «дэсант» 

НЯДАЎНА чарговы экалагічны «дэсант» з ліку дзяцей і дарослых папрацаваў у лесапаркавай зоне курортнага пасёлка Нарач. Яны сабралі смецце, якое пакінулі пасля сябе шматлікія адпачываючыя са здраўніц курорта і мясцовыя жыхары. Вельмі добра, што ў адміністрацыі Нацпарку існуе ўзаемаразуменне з кіраўніцтвам Нарацкай №2 сярэдняй школай. Сумесна гэтыя дзве ўстановы па некалькі разоў на год ладзяць мерапрыемствы і акцыі па навядзенні парадку ў лясных масівах, прыбярэжнай і прыдарожнай палосах. Вось і на гэты раз сорак школьнікаў сумесна з педагогамі і супрацоўнікамі Нацпарку ачысцілі каля 20 гектараў лесапаркавай тэрыторыі і 5 кіламетраў прыдарожных палос. Дырэкцыя НП «Нарачанскі» выказвае шчырую падзяку школьнікам за дапамогу ў навядзенні парадку. Адначасова хочацца сказаць, што сорам і ганьба тым, хто лянуецца выкінуць смецце ў спецыяльна вызначанае месца.

Наш кар.