Рулюю, куды хачу!

108

Рулюю, куды хачу!НЯДАЎНА адбыўся абласны этап конкурсу “АўтаЛедзі”. Гэта рэспубліканскае мерапрыемства, арганізаванае грамадскім аб’яднаннем “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Сёлета абласны этап праходзіў у Заслаўі Мінскага раёна, адкуль пераможца мінулага года.
Мядзельскі раён на конкурсе прадстаўляла Ірына Лубнеўская, якая ўдзельнічала ў такім спаборніцтве ўпершыню. Але тут мы крыху хітрым, бо Ірына не проста прыняла ўдзел у “АўтаЛедзі”, а яшчэ і перамагла ў адной з намінацый!
— Я атрымала прыз за перамогу ў намінацыі “Ледзі за рулём”, бо дала больш за ўсіх правільных адказаў па правілах дарожнага руху, — расказвае Ірына. — На конкурс трапіла амаль што выпадкова. Аднойчы ўжо ўдзельнічала ў конкурсе ад БРСМ на Дзень маці, дзе перамагла. У раённым камітэце мяне запомнілі і запрасілі ўдзельнічаць. Я пагадзілася, хоць кірую аўтамабілем толькі год. Можна сказаць, што паездкай у Заслаўе прайшла баявое хрышчэнне, таму што часцей за ўсё езджу па Мядзеле, а тут такі доўгі шлях. У выніку пра тое, што дала згоду на ўдзел, ніколькі не шкадую: было вельмі цікава і весела.
— Што змянілася ў вашым жыцці за гэты год за рулём?
— Стала адчуваць сябе вальней, вельмі падабаецца, што цяпер ні ад каго не залежу. Раней, бывала, каб куды-небудзь паехаць, даводзілася альбо карыстацца грамадскім транспартам (а ён прывязаны да раскладу), альбо чакаць, калі вызваліцца муж. Цяпер жа сама гаспадыня свайго часу, трэба кудысьці ехаць — паехала. Тым больш зручна, што ў мяне двое маленькіх дзяцей. Мы можам гуляць не толькі каля дома, але паехаць на дзіцячую пляцоўку на пляж, напрыклад, за горад. А выезды з дзецьмі патрабуюць вялікай увагі, з сабой трэба мець нямала рэчаў, і, вядома, нашмат зручней загрузіць гэта ўсё ў машыну, чым везці ў калясцы або несці ў руках.
Каб максімальна разнастайна выпрабаваць удзельніц, арганізатары конкурсу абвясцілі аб трох заданнях. І першым было — “Ледзі за рулём”, падчас якога удзельніцы павінны здаць тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху. Затым ім прапаноўвалася прадэманстраваць сваё майстэрства на адкрытай пляцоўцы ў конкурсе “Ледзі — вопытны вадзіцель”. Дзяўчаты выконвалі розныя элементы, такія, як “змейка”, “гараж”, “бакавая паркоўка”, “дворык”.
Вядома, арганізатары конкурсу не забыліся пра тое, што за рулём усё ж дзяўчаты, таму ў апошнім конкурсе “Я — Ледзі” далі ўдзельніцам магчымасць прэзентаваць саміх сябе, расказаць пра захапленні і дасягненні, а таксама паказаць свае аўтамабілі, кожны з якіх быў упрыгожаны ў адпаведнасці з абранай удзельніцамі тэматыкай.
— Над афармленнем машыны думалі разам з прадстаўнікамі раённага камітэта БРСМ, у выніку спыніліся на тэме малой радзімы, — працягвае Ірына. — Упрыгожылі капот ручніком і васількамі, на даху замацавалі саламяны какошнік. Таксама адным з заданняў гэтага тура было прыдумаць новы дарожны знак. У мяне атрымаўся трохкутнік з нацыянальным арнаментам па контуры. І слоган: “Памятай аб малой радзіме”. Я хацела гэтым выказаць, што мы не павінны забываць пра тое месца, дзе нарадзіліся, дзе жывуць нашы бацькі. І знак нагадвае нам, каб заехаліся да іх у госці, зазірнулі дадому. Таму што Радзіма павінна быць не толькі на карце, але і ў нашых сэрцах.
Адно з галоўных пытанняў, якое задавалі дзяўчатам: “Чаму вы пайшлі здаваць на правы?”
— У маім выпадку ўсё даволі проста, — тлумачыць мядзельская аўталедзі. — Я — мама ў дэкрэце, але разумею, што хутка дзеці пойдуць у садок, і мне трэба будзе іх туды вазіць. Вядома, хацелася рабіць гэта максімальна камфортна і для сябе, і для дзяцей, таму пайшла вучыцца.
Ірына не думала пра перамогу, планавала проста праверыць сябе і добра правесці час.
— Ведаю, што ў хуткім часе ў Мядзеле пройдзе раённы этап, пераможца якога паедзе на вобласць у наступным годзе. Я б з задавальненнем паўдзельнічала ў такім конкурсе яшчэ раз, — дадала на развітанне маладая жанчына.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота з архіву РК ГА «БРСМ».