Расказваем пра фармацэўта-рэцэптара Вольгу Усовіч

383

ФАРМАЦЭЎТА-рэцэптара Вольгу УСОВІЧ добра ведаюць жыхары нашага горада. І не толькі ведаюць, але і паважаюць. За прафесіяналізм, добразычлівасць і ўважлівасць да людзей.

Вольга Іванаўна — ураджэнка Валожынскага раёна. На Мядзельшчыну прыехала па размеркаванні ў 1986 годзе пасля заканчэння Магілёўскага медвучылішча. Атрымала накіраванне ў аптэку ў Мядзельскую цэнтральную раённую бальніцу.
— Адразу вельмі хацелася дадому, — згадвае мінулае мая суразмоўца. — Але пакрысе прывыкла. Самае галоўнае, што падабалася работа, якой займалася. Даводзілася мець справу не толькі з лекамі, дакументацыяй, але і з людзьмі. У Мядзеле пазнаёмілася з будучым мужам, стварыла сям’ю і засталася. Цяпер для мяне гэта самы лепшы горад на зямлі.
— Зараз працуеце ў аптэцы ў “Еўраопце”?
— Так, у аптэцы № 300 Мядзела. Я тут ужо 10 год — з яе адкрыцця, — расказвае. — Шмат наведвальнікаў у нас штодзённа. Многія прыходзяць у краму і па дарозе ў аптэку заходзяць. Каб быць у курсе спраў, трэба ведаць прызначэнне ўсіх прэпаратаў і іх аналагаў, пры неабходнасці растлумачыць, як яго прымяняць. Ёсць лекі, якія адпускаюцца па рэцэпту і без яго. Здараецца, што раю наведвальнікам аптэкі пракансультавацца з урачом, а пасля ўжо купляць прэпараты. Бо адна справа — прадаць лекі ад галаўнога болю, прастуды, а зусім іншая — ад сэрца ці іншых хвароб, у якіх сімптомы часта падобныя. І пакуль не пастаўлены дыягназ, не варта займацца самалячэннем. Тут павінен дзейнічаць прынцып — не нашкодзь! І я яго прытрымліваюся.
Неаднойчы і сама бачыла, як вопытны фармацэўт кампетэнтна і ветліва абслугоўвала кліентаў, цярпліва тлумачыла прызначэнне таго ці іншага прэпарата. І пры гэтым заўсёды спакойная, стрыманая, уважлівая. Да Дня медыцынскіх работнікаў Вольга Іванаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай РУП “Мінская Фармацыя”. За шматгадовую працу, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад ва ўдасканальванне лекавага забеспячэння насельніцтва.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Наталлі Лісіцкай.