Расказваем пра аматарку кветак з Будслава Яніну Дземідовіч

441

АКТЫЎНЫ ўдзел у фотаконкурсе “Мядзельшчына ў кветках” прымала жыхарка аграгарадка Будслаў Яніна ДЗЕМІДОВІЧ. Цікава і тое, што дасланыя здымкі жанчына зрабіла выключна на клумбах каля свайго дома.

— Як даўно займаецеся вырошчваннем кветак? — цікаўлюся ў Яніны Вацлаваўны.
— Па сутнасці ўсё жыццё. Гэта захапленне ў мяне ад мамы. Яна вельмі любіла кветкі. Тады не было такіх прыгожых, як зараз. Але нават рамонкі, настурцыі выглядалі прывабна, заварожвалі. Шмат было вазонаў. Раслі фікусы, герані. Была манстэра амаль да столі…
Суседзі сцвярджаюць, што дом Яніны Дземідовіч з ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках. Ледзь толькі сыдзе снег, зацвітаюць крокусы, крышку пазней — нарцызы, цюльпаны, раннія фіялкі, прымулы, маргарыткі. Улетку цешаць вока кусты півоняў, рознакаляровых лілій, касачы, рамонкі, флёксы, бягоніі, петуніі… Пад восень — аксаміткі, астры, хрызантэмы…
— Стараюся кожны кавалак зямлі каля дома выкарыстоўваць эфектыўна. Не хочацца, каб пуставала і зарастала травой, — працягвае Яніна Вацлаваўна. — Саджу кветкі не толькі на клумбах, але і ў гаршках, якія вешаю на сценах дома, пабудоў. Выстаўляю вазоны і ў двары. Нават герані высаджваю вясной на клумбы. Ёсць у мяне і папаратнікі, язмін, іншыя квітнеючыя кусты…
— Раней, наколькі ведаю, у вас было шмат вяргіняў. А зараз?
— Засталося не вельмі шмат. Самі расліны сталі чамусьці невысокія, кветкі — дробныя. Напэўна, зводзяцца. У двары нашым амаль ніколі не бывае сонца, пераважае цень. Ды і землі не вельмі прыдатныя для кветак. Але ўсё роўна хочацца, каб было прыгожа. А які пах стаіць навокал! Раблю фотаздымкі, захоўваю на планшэце. А зімовымі вечарамі іх разглядаю, цешуся з такой прыгажосці. На дварэ сцюжа, а здаецца, быццам у лета вярнулася…
— Вы і пакаёвымі кветкамі займаецеся…
— Так, люблю, каб і ў доме былі кветкі. Расстаўляю іх на стале, падаконніках. У пакоях нашмат утульней становіцца. Даглядаю, паліваю. Часам і размаўляю з імі. Ёсць у мяне герберы, рознага колеру герані, хатнія хрызантэмы… Яшчэ калі працавала ў школе, у маім кабінеце беларускай мовы і літаратуры былі 64 вазоны. Нават у кабінеце біялогіі іх не было столькі. Усе дэлегацыі, якія прыязджалі ў нашу ўстанову адукацыі, звярталі ўвагу на кветкі і дзівіліся, што яны такія дагледжаныя, прыгожыя. Вядома ж, трэба было імі займацца, але такая праца мне заўсёды дастаўляла радасць. Парасткамі вазонаў дзялілася з настаўнікамі, давала дзецям, каб занеслі дадому і пасадзілі. Цешуся, калі бачу, што растуць кветкі ў жыхароў нашага аграгарадка — і на дварэ, і ў пакоях. Асабіста я, калі дакранаюся да такой прыгажосці — здаравею душой.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота забяспечана Янінай Дземідовіч.