Расчыняйце дзверы, на парозе — госці з Цверы!

106

Расчыняйце дзверы, на парозе — госці з Цверы!АД Мядзела да горада Цвер (былога Калініна, які знаходзіцца паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам) — больш за сем соцень кіламетраў і каля васьмі гадзін часу ў дарозе. Улічваючы маштабы Расійскай Федэрацыі, амаль суседні рэгіён. А з суседзямі, як вядома, трэба сябраваць і ўзаемадзейнічаць. Тым больш, калі і самі яны ў гэтым зацікаўлены. Вось і нядаўна ў рамках далейшага развіцця і ўмацавання эканамічнага і культурнага партнёрства паміж брацкімі народамі Расіі і Беларусі Мядзельшчыну наведалі дэпутат Заканадаўчага сходу Цвярской вобласці Людміла Вараб’ёва і яе памочнік, журналіст абласной газеты “Пролетарская правда” Аляксей Шлякаў.

— Канечне, мы шмат чулі і ведаем пра Беларусь, пра яе гераічны і працавіты народ, — кажа Людміла Фёдараўна. — Але заўсёды цікава ўбачыць усё на свае вочы, паглядзець, як развіваецца Беларусь, як вырашае сацыяльныя і вытворчыя праблемы. У прыватнасці, для нас зараз актуальна развіццё турызму, які наша Цвярская вобласць вызначыла адным з прыярытэтных накірункаў нараўне з развіццём сельгасвытворчасці. Мы шукаем новыя падыходы, сучасныя формы, нас цікавіць той жа агратурызм…
У нас на Мядзельшчыне, як вядома, якраз і ёсць што паказаць цікаўным гасцям. Спачатку дэпутата і яе памочніка прымалі ў Нарачанскім вытворчым участку Маладзечанскага малочнага камбіната. Іх суправаджалі старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка, яго намеснік Іна Барыева, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Саюзная дзяржава» Галіна Трафіменка і загадчык сектара турызму і арганізацыйна-кадравай работы галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Інга Малашкевіч. Начальнік участка Віктар Баўфал пазнаёміў прысутных з тэхналагічным працэсам вытворчасці ўнікальнага сыру з блакітнай цвіллю “Ракфорці” — гонару нарацкіх вытворцаў. Як паведаміў падчас экскурсіі Віктар Уладзіміравіч, сыр карыстаецца папулярнасцю не толькі ў беларусаў, значная яго доля ідзе на экспарт менавіта ў піцерскім і маскоўскім накірунках. Акрамя гэтага, на філіяле з мясцовай сыравіны выпускаюць стэрылізаванае малако, сыр “Адыгейскі”, тварог. Ва ўсім працэсе задзейнічана каля 140 чалавек персаналу.
Пакаштаваць жа нарачанскія прысмакі можна было ў аграсядзібе “Панскі маёнтак”, дзе для гасцей арганізавалі дэгустацыю сыроў, а таксама прадукцыі УП “Ілаўскае”. Тут жа расіяне змаглі ацаніць размах прыватнай ініцыятывы ў сферы агратурызму. Гаспадар “Панскага маёнтка” Генадзь Байко паказаў залы для арганізацыі банкетаў, пакоі для адпачынку, правёў па дагледжаных і з густам аформленых сцяжынках і газонах. Госці зазірнулі ў будучы музей беларускага побыту — перавезеную са Старлыг стогадовую хату, дзе ствараецца атмасфера даўніны і аўтэнтычнасці (кажуць, у ёй жыў першы шэметаўскі ксёндз). Дарэчы, экспанатаў для музея ў гаспадара, як кажуць, воз і маленькая каляска. Даўнія прасы, гадзіннікі, калаўроты, іншыя прадметы побыту выкарыстаны пры афармленні лавак, месцаў для адпачынку, сцен. Шмат іх чакае свайго часу і ў асобным кутку “маёнтка”.
У расіян вочы разбягаліся: “Як пачыналі?”, “Ці дапамагае дзяржава, мясцовыя ўлады?”, “Дзе бераце ідэі?”, “Як рэкламуеце сябе?” Гаспадар шчыра расказваў, што першых гасцей прымалі, калі замест клумбаў расла бульба. Так, дзяржава падтрымлівае, але і самім папрацаваць давялося. А зараз настолькі ўцягнуліся, што спыніцца цяжка: ездзяць па іншых аграсядзібах, пераймаюць ідэі, ладзяць пад сябе. Рэкламай асабліва не займаюцца (добра працуе сарафаннае радыё), але для далейшай перспектывы і над гэтым працаваць трэба.
— Заслугоўвае ўвагі іх акцэнт на гісторыю роднага краю, — кажа Людміла Фёдараўна. — Гэта ж цікава не толькі дарослым, але і дзецям. Такая самабытная і арыгінальная ідэя не пакіне нікога раўнадушным. Абавязкова раскажу пра гэты вопыт сваім калегам.
Зазірнулі яшчэ на адну аграсядзібу пад назвай “Стары дом”, якая размяшчаецца ў курортным пасёлку Нарач. Тут банкетаў не праводзяць, наадварот, у гэтым месцы створаны выдатныя ўмовы для спакойнага і ціхага адпачынку: зялёны прасторны лужок, лазня, калодзезь-журавель, градкі, дзе можна сарваць пучок зеляніны. А ў доме — утульныя і сціплыя пакоі з усім неабходным для пражывання. Усё абуладкавана з густам, з элементамі этнастылю. Па словах цвярчан, падобнага пакуль у іх няма, таму выклікае цікавасць і пачуццё захаплення.
Уражанняў дадаў і летні дождж, які напаткаў гасцей у “Аптэкарскім садзе”. Усе сядзелі ў прасторнай празрыстай палатцы, па якой барабанілі буйныя кроплі, пілі фірменную гарбату на мясцовых зёлках, размаўлялі і дзяліліся ўражаннямі.
— Для мяне сёння Беларусь адкрылася з іншага боку, — кажа Людміла Фёдараўна. — Я б сказала з лірычнага, душэўнага. Тое, як, займаючыся бізнесам, людзі апіраюцца на сваю культуру, традыцыі, заслугоўвае павагі.
— Увогуле, для нас важны пазітыўны вопыт Рэспублікі Беларусь. І тое, што мы ўбачылі сёння і ўчора ў Уздзенскім раёне, яскравае таму пацвярджэнне, — працягвае думку памочнік дэпутата Аляксей Яўгенавіч. — Не сакрэт, што ваша краіна ў шмат якіх аспектах апераджае многія краіны СНД. Асабліва, што тычыцца агратурызму. Гэтаму спрыяе абсалютна зразумелая і дакладная заканадаўчая база, падтрымка мясцовых улад. Бачна, што тэндэнцыя набывае масавы характар. Людзі самазанятыя, плацяць падаткі, забяспечваюць сябе працай, ствараюць працоўныя месцы для іншых. Перспектыва ў гэтай сферы, па ўсім бачна, вымалёўваецца выдатная. Людзі адчуваюць для сябе патэнцыял, і гэта заслугоўвае толькі добрых слоў у адрас вашага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксей Яўгенавіч не абышоў бокам і сферу вытворчасці малочнай прадукцыі. На яго думку, людзі, якія ствараюць перашкоды для беларускай “малочкі” на расійскім рынку, відавочна, дзейнічаюць не ў інтарэсах расійскіх спажыўцоў. Бо беларускі малочны прадукт — высокай якасці, яе сістэма кантролю на парадак вышэй за расійскую.
— Не магу не адзначыць і яшчэ адзін момант, — кажа на развітанне расійскі журналіст. — Расіі і Беларусі нельга парываць сувязь. Нягледзячы на рознагалоссі, якія часам здараюцца ў рамках саюзнага ўзаемадзеяння, трэба трымацца адзін аднаго. Мы бачым, што зараз робіцца ў адносінах з некалі брацкімі народамі. Лічу, калі не будзе Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, не будзе ні Расіі, ні Беларусі з улікам сучасных геапалітычных умоў. Таму любыя двухбаковыя кантакты — дэпутацкага корпуса, бізнесу і так далей — трэба падтрымліваць. У нас ёсць галоўнае — два брацкія народы з агульнай гісторыяй, традыцыямі, культурай, сур’ёзнымі эканамічнымі сувязямі. Усё разам дае патэнцыял для далейшага росту як нашай, так і вашай эканомік.

Іна ЯРЧАК.
Фота аўтара.