“Рамонт абутку – справа творчая!”

66

“Рамонт абутку – справа творчая!”МЕНАВІТА так сцвярджае індывідуальны прадпрымальнік З. А. Папковіч. Яе майстэрня па рамонту абутку месціцца непадалёку ад гарадскога рынку — праз дарогу. Сюды наведваюцца не толькі мядзельцы, але і іншыя жыхары раёна. Гаспадыня гэтага шапіка аказалася цікавым субяседнікам. Падрабязна расказала аб сваёй дзейнасці, адчувалася, што работа ёй па душы.

— У якасці індывідуальнага прадпрымальніка працую з 1999 года, — распачала размову Зоя Аляксандраўна. — У свой час закончыла радыётэхнічнае вучылішча, працавала ў сталіцы на заводзе “Інтэграл”. Пасля таго, як пераехала ў Мядзел, па набытай прафесіі работы не знайшлося. Давялося шукаць нешта іншае. Дапамог муж Уладзімір Аркадзьевіч, які і стаў маім галоўным настаўнікам. З ім і працуем разам. А ўвогуле, шавецкай справай прымусіла, можна сказаць, заняцца само жыццё. Так пакрысе і асвоіла гэта рамяство. З цягам часу паболела заказаў, стала выконваць і складаныя рамонты. Цяпер бяруся нават за эксклюзіўныя рэчы, дзе патрабуецца творчы падыход, фантазія. Напачатку шавецкай “кар’еры” ездзіла (па дамоўленасці з Домам быту) па розных кропках раёна: Будслаў, Крывічы, вёска Нарач, гарадскі пасёлак Свір. Але матацца так штодзённа цяжкавата. Таму і вырашылі перайсці на “стацыянар”. Раней арандавалі памяшканне на аўтавакзале. І вось ужо тры гады як размяшчаемся тут, ля рынку. Людзі да нас пайшлі, недахопу ў заказах не адчуваем.

Як патлумачыла З. А. Папковіч, працуюць яны практычна з любым абуткам, як жаночым, так і мужчынскім, дзіцячым. У тым ліку і з дарагім, які часам па нейкай прычыне таксама псуецца. Тут работа, вядома ж, асабліва адказная. Хаця для Зоі Аляксандраўны галоўным прынцыпам заўсёды застаецца паважлівае стаўленне да любога кліента. Каб чалавек, як сама зазначае, усміхнуўся і застаўся задаволеным. Ды і ўласны імідж — рэч далёка не апошняя! Дарэчы, прыносяць у майстэрню не толькі традыцыйны абутак. Да прыкладу, рыбацкія боты і лыжныя чаравікі, красоўкі, сумкі, нават чахлы да матацыклаў! А яшчэ розную галантарэйную драбязу, дэкаратыўныя дэталі і г. д. І з гэтымі заказамі таксама трэба ўмець спраўляцца.

— Вытворчы працэс у нас поўнасцю забяспечаны, — працягвае далей З. А. Папковіч. — Маем адпаведныя швейныя машынкі, іншае абсталяванне. І матэрыялы для работы, канешне. Іх закупляем на аптовых базах. Ездзім па іншых гарадах, абменьваемся вопытам. Усё падпарадкавана адзінай мэце — максімальна задаволіць попыт наведвальнікаў, з тым, каб мець сваю надзейную нішу на гэтым рынку паслуг.

— Як разумею, Зоя Аляксандраўна, па суботах, калі працуе гарадскі рынак. у вас найбольшы наплыў кліентаў…

— Сапраўды, гэта так. Наведвальнікаў шмат і трэба працаваць не толькі якасна, але і хутка. Каб той жа вясковец, які прыехаў на рынак, па заканчэнні свайго “шопінгу” мог адразу забраць адрамантаваную рэч, затым сесці ў аўтобус і паехаць дадому. Бо стратна таму ж пенсіянеру спецыяльна ехаць у Мядзел па гэтай прычыне. А яшчэ, вялікая нагрузка з надыходам восені. Як правіла, чалавек у апошні момант успамінае, што абутак у яго не гатовы да сезона. Калі ўжо зацерушыць халодны дождж ці выпадзе першы снег. Таму напамінаем людзям, каб загадзе клапаціліся, і своечасова звярталіся да нас у майстэрню за дапамогай.

Аляксандр Быкаў. 

На здымку: гаспадыня прыватнай майстэрні па рамонту абутку З. А. Папковіч.

Фота Ігната Лубнеўскага.