Пытанні жыццезабеспячэння – на мясцовым узроўні

76

Пытанні жыццезабеспячэння – на мясцовым узроўніАНАЛІЗ работы на месцах сведчыць, што ў цэлым кіраўнікі выканаўчых і распарадчых органаў улады прымаюць меры па безумоўным выкананні заканадаўства ў частцы вырашэння злабадзённых праблем насельніцтва. Райвыканкамы рэгулярна праводзяць “гарачыя лініі” па найбольш хвалюючых людзей пытаннях. У той жа час, нямала зваротаў паступае і да нас. Прытым такіх, якія павінны здымацца на мясцовым узроўні. А менавіта: не працуе каналізацыя, холадна ў кватэры, працякае дах, не вывозяць смецце, не асвятляецца вуліца… І калі грамадзяне не знаходзяць разумення ў сваім рэгіёне, пачынаюць скардзіцца ў сталіцу. Як гэта адбылося з пачаткам ацяпляльнага сезона ў дзіцячым садку вёскі Гаўрыльчыцы Салігорскага раёна. Дзеткі ў гэтай дашкольнай установе з наступленнем халадоў мерзлі з-за адсутнасці па віне дарослых прыбора ўліку спажываемай цеплавой энергіі. І толькі пасля тэлефоннага званка ў гаспадарчую групу аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама праблема вырашылася.

Зноў жа, пасля нашага ўмяшання атрымала кампенсацыю за патраву агарода статкам мясцовага таварыства жыхарка вёскі Камарова Мядзельскага раёна, быў задаволены на працягу аднаго дня зварот старшыні савета ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Салігорскага раёна наконт непрацуючага радыё ў вёсцы Гаўрыльчыцы, аператыўна адрамантавана водаправодная траса ў вёсцы Старое Гарадзішча Лагойскага раёна. У ходзе правядзення “прамой тэлефоннай лініі” і прыёму грамадзян у Пухавіцкім раёне жыхар аграгарадка Блонь паскардзіўся на дрэннае асвятленне вуліцы Школьная. Пры гэтым аграгарадок з’яўляецца, практычна, ваколіцай райцэнтра. Па інфармацыі райвыканкама, дадатковыя ліхтары ўстанавілі на працягу некалькіх дзён. З ліпеня гэтага года заставалася на кантролі пытанне водазабеспячэння жыхароў вёсак Курганне і Падліп’е Смалявіцкага раёна. Перабоі з вадой і нават поўная яе адсутнасць з’яўляліся для 400 жыхароў вострай праблемай. Нарэшце-такі ў пачатку снежня там запрацавала новая воданапорная вежа.

Выбарачны аналіз званкоў на нашу “гарачую лінію” і прыёмаў грамадзян паказвае, што найбольшая колькасць уздымаемых пытанняў паступае ад жыхароў прысталічных раёнаў. Відавочна і наступнае: вырашэнне злабадзённых праблем знаходзіцца ў непасрэднай кампетэнцыі мясцовых органаў улады і камунальных службаў. У гэтай сувязі наспела актывізацыя дзейнасці сельскіх выканкамаў, наданне новага імпульсу ў рабоце старастаў населеных пунктаў. Плюс да гэтага — рэгулярныя сельскія сходы, што дазволіць аператыўна адгукацца на надзённыя праблемы насельніцтва.

Упраўленне экспертна-прававой работы і зваротаў грамадзян Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці.