Пытанні аховы працы заўсёды актуальныя

76

Пытанні аховы працы заўсёды актуальныяНЯДАЎНА ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама сумесна з зацікаўленымі службамі і рэдакцыяй раённай газеты “Нарачанская зара” правяло “прамую лінію”, прысвечаную пытанням аховы працы. На тэлефонныя званкі адказвалі: галоўны дзяржаўны інспектар працы Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Сяргей ТАДРА, галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Уладзімір МІКІШКА, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар ЧЫРКЕВІЧ. Ніжэй публікуем зададзеныя пытанні і адказы на іх:

Святлана Шарафаненка, інжынер па ахове працы ўстановы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”:

— Ці можа адна службовая асоба быць адначасова адказнай за бяспечную эксплуатацыю ліфтаў і аб’ектаў, працуючых пад ціскам?Віктар Чыркевіч: — Можа, пры ўмове праходжання курсавога навучання па бяспечнай эксплуатацыі ліфтаў і аб’ектаў, якія працуюць пад ціскам, і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы ва ўстаноўленым парадку.

Уладзімір Ануфрыенка, інжынер па ахове працы філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 133”:

— Ці трэба пры змене кіраў¬ніка арганізацыі перагледжваць загады і іншыя лакальныя нарматыўныя акты па ахове працы?

Уладзімір Мікішка: — У гэтым няма неабходнасці, лакальныя нарматыўныя акты дзейнічаюць. Аднак, калі, напрыклад, дырэктар узначальваў камісію арганізацыі па праверцы ведаў па пытаннях аховы працы, то склад яе трэба перагледзець.

Мікалай Роўда, інжынер-электрык філіяла КУП “Мінск¬аблдарбуд”-“ДРБУ № 133”:

— Ці змянілася перыядычнасць праверкі ведаў персаналу з першай кваліфікацыйнай групай па электрабяспецы?

Сяргей Тадра: — Так, цяпер перыядычнасць праверкі ведаў персаналу з першай кваліфікацыйнай групай па электрабяспецы праводзіцца адзін раз у тры гады.

Леў Шчарбіцкі, інжынер па ахове працы РВУП “Мядзельская ЖКГ”:

— У сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі шмат сезонных рабочых (качагары, слесары кацельняў), якіх восенню прымаем на работу, а вясной звальняем. Ці трэба праводзіць з імі стажыроўку і праверку ведаў па пытаннях аховы працы?

Сяргей Тадра: — Так, з гэтымі работнікамі неабходна праводзіць уводны інструктаж, першасны і паўторны інструктажы на рабочым месцы, стажыроўку і праверку ведаў па пытаннях аховы працы.

— У нашай галіне ёсць шмат відаў работ павышанай небяспекі, якія праводзяцца па нара¬дзе-допуску. Ці можа адна службовая асоба выдаваць нарад-допуск і быць адказнай за вытворчасць дадзенага віду работ?

Уладзімір Мікішка: — У арганізацыі павінен быць распрацаваны і зацверджаны ва ўстаноўленым парадку пералік работ павышанай небяспекі, якія выконваюцца па нарадзе-допуску; пералік службовых асоб, якія маюць права выдачы нарада-допуску; пералік службовых асоб, якія з’яўляюцца адказнымі кіраўнікамі работ, якія выконваюцца па нарадзе-допуску. Нарад-допуск павінен выпісвацца ў двух экзэмплярах (першы знаходзіцца ў асобы, якая выдавала нарад-допуск, другі — у адказнага кіраўніка работ); пры работах на тэрыторыі дзеючай арганізацыі нарад-допуск афармляецца ў трох экзэмплярах (трэці выдаецца адказнай асобе дзеючай арганізацыі), калі іншае не прадугледжана нарматыўнымі прававымі актамі, у тым ліку тэхнічнымі. Асобы, якія выдаюць нарад-допуск, устанаўліваюць неабходнасць і аб’ём работ, вызначаюць магчымасць бяспечнага іх выканання, адказваюць за правільнасць і паўнату ўказаных у нарадзе-допуску мер бяспекі; вызначаюць якасны і колькасны склад брыгады; назначаюць асоб, адказных за бяспечнае выкананне работ. Адказны кіраўнік работ перад допускам да іх знаёміць работнікаў з мерапрыемствамі па бяспечным выкананні работ, праводзіць мэтавы інструктаж з запісам у нарадзе-допуску (альбо ў журнале інструктажоў). Ён жа ажыццяўляе кантроль за выкананнем прадугле¬джаных у нарадзе-допуску мера¬прыемстваў па забеспячэнні бяспечнай вытворчасці работ. Пры ўзнікненні небяспекі для жыцця і здароўя працаўнікоў упаўнаважаная службовая асоба наймальніка, якая ажыццяўляе кіраўніцтва работамі, прымае меры па ўхіленні гэтай небяспекі, пры неабходнасці спыняе работы і забяспечвае эвакуацыю работнікаў з небяспечнай зоны. У выключных выпадках з мэтай ухілення пагрозы жыццю людзей, папярэджання аварыі альбо ліквідацыі яе вынікаў (вынікаў стыхійнага бедства) работы з павышанай небяспекай на іх пачатковай стадыі могуць быць пачаты без афармлення нарада-допуску, аднак з абавязковым захаваннем комплексу мер па забеспячэнні бяспекі работнікаў і пад непасрэдным кіраўніцтвам адказнай службовай асобы. Калі гэтыя работы прымаюць зацяжны характар, афармленне нарада-допуску ажыццяўляецца ў абавязковым парадку. Адна службовая асоба выдаваць нарад-допуск і быць адказным кіраўніком работ не можа.

— На нашай тэрыторыі падрадчык ажыццяўляе будаўніча-мантажныя работы сіламі сваіх работнікаў пад кіраўніцтвам уласных спецыялістаў. Намі сумесна з прадстаўніком падрадчыка аформлены нарад-допуск для правядзення гэтых работ на тэрыторыі дзеючага прадпрыемства. Хто павінен праводзіць інструктажы з работнікамі падрадчыка?

Сяргей Тадра: — У дадзеным выпадку інструктажы, стажыроўку і праверку ведаў работнікаў па пытаннях аховы працы праводзяць адпаведныя службовыя асобы падрадчыка.

Міхаіл Місуна, спецыяліст па ахове працы раённага вузла паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП “Белпошта”:

— Раней з работнікамі, якія працуюць па спецыяльнасці “паштальён па суправаджэнні паштовых адпраўленняў”, праводзіліся стажыроўка і праверка ведаў па пытаннях аховы працы. Цяпер гэта не патрабуецца. Чаму?

Віктар Чыркевіч: — Наколькі ведаю, тыпавы пералік работ павышанай небяспекі ў галіне паштовай сувязі зацверджаны вашай вышэйстаячай арганізацыяй. Паколькі ў ім няма названай спецыяльнасці, не патрабуецца правядзенне стажыроўкі і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы.

Святаслаў Суханскі, інжынер па ахове працы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

— Ці ёсць у райвыканкаме камісія па ахове працы і якімі пытаннямі яна займаецца?

Віктар Чыркевіч: — Да 2012 года ў райвыканкаме дзейнічала раённая камісія па ахове працы. У 2012 годзе ў сувязі са змяненнем шэрагу нарматыўных прававых актаў па ахове працы былі створаны дзве камісіі: камісія па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесіянальных захворванняў пры Мядзельскім раённым выканаўчым камітэце і камісія Мядзельскага райвыканкама для праверкі ведаў па пытаннях аховы працы. Узначальваюць іх намеснікі старшыні райвыканкама. У склад камісій уваходзяць прадстаўнікі наглядных органаў, аддзелаў райвыканкама і галіновых прафсаюзаў. Камісія па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесіянальных захворванняў пры Мядзельскім райвыканкаме ажыццяўляе аналіз узроўню вытворчага траўматызму і стану аховы працы ў арганізацыях раёна, распрацоўвае мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку вытворчага траўматызму і паляпшэнне ўмоў працы. Камісія райвыканкама для праверкі ведаў па пытаннях аховы працы арганізуе навучанне і праверку ведаў па пытаннях аховы працы кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый, якія не маюць вышэйстаячых органаў дзяржаўнага кіравання, аказвае арганізацыйную і метадычную дапамогу камісіям арганізацый раёна для праверкі ведаў па пытаннях аховы працы.

Падрыхтавала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.