Першы раз — у першы клас

79

Першы раз — у першы класПЫТАННІ падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года знаходзяцца ў Мінскай вобласці на асаблівым кантролі. Для гэтай мэты са сродкаў абласнога бюджэту выдзелены сёлета 143 млрд рублёў, на якія праведзены цякучыя рамонтныя работы ў 428 установах адукацыі, у 25 — зроблены капітальны рамонт. Акрамя таго, па звестках па стану на 1 жніўня бягучага года ўстановам адукацыі аказана спонсарская дапамога на суму 31 млрд рублёў, шэфская — на 11,5 млрд рублёў, гуманітарная — на 0,9 млрд рублёў.

У рамках кантролю за эфектыўнасцю правядзення рамонтных работ Камітэтам дзяржкантролю былі арганізаваны кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы. Устаноўлена, што, не зважаючы на вялікія сумы, затрачаныя з бюджэту на падрыхтоўку школ да новага навучальнага года, асобныя не могуць пахваліцца тым, што поўнасцю гатовы да свята 1 верасня. Прыёмка міжведамаснымі камісіямі многіх устаноў праведзена фармальна, без дэталёвага абследавання аб’ектаў. Так, пры наведванні ДУА “Крупская раённая гімназія” высветлілася, што ва ўстанове не завершаны рамонт класа фізікі і не завезена абсталяванне. Праўда, службовыя асобы райвыканкама запэўнілі, што названыя работы будуць да пачатку навучальнага года закончаны. У ДУА “СШ № 11 г. Слуцка”, “СШ № 12 г. Слуцка” не адрамантаваны поўнасцю стрэхі. Акрамя таго, у першай з навучальных устаноў на момант яе наведвання спецыялістамі Камітэта дзяржкантролю працягваліся работы па замене 225 вокнаў. У ДУА “Лядненская сярэдняя школа” Слуцкага раёна па стану на 23 жніўня 2013 года не быў завершаны рамонт харчблоку, запланаваны яшчэ ў мінулым годзе. На гэту дату была заліта толькі сцяжка падлогі, укладвалася плітка, не было ўстаноўлена неабходнае абсталяванне. У ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Рованіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа” Чэрвенскага раёна не абгароджана тэрыторыя, з-за чаго бесперашкодна ходзяць па ёй пабочныя асобы. У ходзе абследавання былі выяўлены і іншыя недахопы: адсутнасць у асобных школах сантэхнічнага абсталявання, а таксама неабходнага абсталявання на харчблоках, працяканне стрэх, няякасная пафарбоўка сцен і г. д. Па выніках праверкі 6 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Па фактах безгаспадарчасці, якія яшчэ маюць месца ва ўстановах адукацыі, грамадзяне могуць звярнуцца 3 верасня гэтага года ў Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці на “гарачую лінію”. Яе правядзе з 11 да 13 гадзін па тэл. 8-(017) 284-09-06 начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы і дзяржаўных органаў Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Васільевіч Кульбакін.

Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці.