Першы лёд — небяспечны

70

Першы лёд — небяспечныЗ НАСТУПЛЕННЕМ пахаладання вадаёмы Мядзельшчыны пачынаюць пакрывацца ледзяным панцырам. А лёд у пачатку зімы нетрывалы, і выходзіць на яго небяспечна. Але першы лёд заўсёды вабіць аматараў зімовай рыбалкі і дзяцей, якія часта становяцца ахвярамі ўласнай неасцярожнасці. Якіх правілаў патрэбна прытрымлівацца для таго, каб не здарылася бяды? З гэтага пытання і пачалася гутарка са старшынёй раённага таварыства выратавання на водах Дзмітрыем МЯЛЕШКАМ:

— Заўсёды варта памятаць, што нельга выходзіць на лёд у час ледаставу, пакуль яго таўшчыня не дасягне 7-10 сантыметраў. Але перш, чым пачаць рух па ім, трэба пераканацца ў трываласці, і ні ў якім разе не нагой.Рыбакі гэта могуць зрабіць пяшнёй, астатнія аматары лёдавых гульняў і прагулак — калом ці іншым падручным прадметам. Калі лёд пасля першага ўдару праломваецца, на ім з’яўляецца вада, неабходна спыніцца і асцярожна, не адрываючы падэшвы, рухацца назад. Пры гэтым трэба быць уважлівымі, абыходзіць падазроныя і небяспечныя месцы. Гэта месцы ўпадзення раўчукоў, выхаду грунтавых вод і крыніц, скіду сцёкавых вод, умёрзшых кустоў чароту, травы. Падчас дрэннай бачнасці (ноч, завея) яны могуць апынуцца па-за полем зроку. Таму наогул лепш не выходзіць на лёд. Пры групавым пераходзе варта рухацца гужам, на адлегласці не меней пяці метраў адзін ад аднаго.

— Дзмітрый Тадэвушавіч, дзяцей першы лёд прыцягвае як магніт жалеза: стаць на канькі, паганяць шайбу…

— Самае небяспечнае якраз і ёсць дзіцячае нецярпенне. Таму ў школе і дома ім варта растлумачваць, што падобныя гульні ў канчатковым выніку могуць прывесці да трагедыі. Абуладкаванне пляцовак для катання на каньках, гульняў у хакей дазваляецца на мелкаводдзі, у месцах, дзе няма плыняў і пры таўшчыні лёду не менш 10-12 сантыметраў. А пры масавых мерапрыемствах — лёд павінен быць у два разы таўсцейшым.

Нават на лыжах пераходзіць вадаёмы рэкамендуецца па пракладзенай лыжні з адшпіленым мацаваннем, пры знятых з кісцей рук петлях лыжных палак. Пры наяўнасці рукзака адну яго шлейку трэба зняць з пляча, каб у выпадку неспадзяванай сітуацыі лёгка вызваліцца ад яго.

А самае простае і надзейнае правіла: не ўпэўнены — не ідзі на лёд!

— Безразважна вядуць сябе дзеці. Але гэта тычыцца часам і рыбакоў — сталых людзей…

— Ведаеце, часам ахвота — горш няволі. Аматары падлёднай лоўлі сцвярджаюць, што па першым лёдзе не клёў, а жор. Вось гэта і прытупляе асцярожнасць. Бо ўсе мы думаем, што гэта можа здарыцца з кімсьці, толькі не са мной.

У пагоні за рыбацкай удачай некаторыя рыбаловы забываюць аб асцярожнасці і адпаведных мерах бяспекі.

Аднак на вадаёмах заўсёды трэба быць вельмі ўважлівымі. Памятайце, што вада не даруе памылак і заўсёды ўяўляе вялікую небяспеку для чалавека.

Кожны рыбалоў, калі адпраўляецца на рыбалку, заўсёды павінен мець з сабой хаця б самыя простыя сродкі: выратавальную камізэльку ці нагруднік, вяроўку даўжынёй 15 — 20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам вагой 400-500 грамаў — на другім. І самае галоўнае — падчас рыбнай лоўлі катэгарычна забараняецца ўжываць спіртныя напіткі, бо яны прытупляюць пачуццё небяспекі.

— А як дзейнічаць у выпадку, калі праваліўся пад лёд?

— Рашуча і хутка: кінуць у бок берага замацаваную на поясе вяроўку, шырока раскінуць рукі і без рэзкіх рухаў імкнуцца выбрацца на лёд, а затым на жываце ці спіне рухацца ў бок берага, адначасова гукаючы іншых людзей на дапамогу. Пры аказанні дапамогі чалавеку, які праваліўся, можна выкарыстоўваць дошкі, драбіны, жэрдкі, вяроўкі, рамяні, шалікі, лыжныя палкі, перадаючы іх пацярпеўшаму. Набліжацца да яго варта паўзком, абапіраючыся на прадметы, якія павялічваюць плошчу апоры. Выратаванаму патрэбна аказаць медыцынскую дапамогу, сагрэць.

Раённая арганізацыя таварыства выратавання на водах звяртаецца да рыбаловаў Мядзельшчыны з просьбай прытрымлівацца вышэйназваных мер бяспекі падчас рыбалкі ў зімовы перыяд, жадае прыемнай рыбнай лоўлі і шчаслівага вяртання дадому!

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.