Прынцыпы долевага будаўніцтва жылых дамоў

73

Прынцыпы долевага будаўніцтва жылых дамоўКІРАЎНІК дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 263 “Аб долевым будаўніцтве аб’ектаў у Рэспубліцы Беларусь”. Гэты дакумент вызначае асноўныя прынцыпы долевага будаўніцтва шматкватэрных, аднакватэрных і блакіраваных жылых дамоў для розных катэгорый грамадзян. Прадугледжаны таксама дадатковыя меры па абароне правоў дольшчыкаў і адказнасці забудоўшчыкаў. Так, з ліку магчымых забудоўшчыкаў выключаны індывідуальныя прадпрымальнікі.

Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі грамадзяніну будзе выдавацца накіраванне на долевае будаўніцтва жылога памяшкання з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі і (альбо) з абмежаваным прыбыткам забудоўшчыка толькі з улікам даты яго рэгістрацыі на паляпшэнне жыллёвых умоў. Дагавор заключаецца па зацверджанай тыпавой форме. Акрамя таго, устаноўлена забарона на заключэнне дагавора, калі цана аб’екта прымеркавана да валютнага эквіваленту (для грамадзян, якія не знаходзяцца на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў, такая норма не прадугледжана).Для грамадзян, якім патрабуецца паляпшэнне жыллёвых умоў, ільгота аб абмежаванні памеру прыбытку да 5 працэнтаў ад вызначанай у бягучых цэнах каштарыснай вартасці аб’екта долевага будаўніцтва будзе распаўсюджвацца толькі на нарміраваную плошчу з разліку 20 кв. м. агульнай плошчы жылога памяшкання на кожнага члена сям’і. У Мінску — 15 кв. метраў, для шматдзетных сем’яў — 20 кв. м. Гэта тлумачыцца тым, што на практыцы часта здараюцца выпадкі будаўніцтва вялікіх кватэр па льготных цэнах сем’ямі, у якіх адзін-два чалавекі.

Кантроль за парадкам заключэння і выканання дагавораў будзе здзяйсняцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, якія выдалі забудоўшчыку дазвол на долевае будаўніцтва аб’ектаў. З мэтай выключэння падвойнага продажу жылога памяшкання прадугледжана рэгістрацыя не толькі саміх дагавораў, але і дадатковых пагадненняў да іх. Пры датэрміновым скасаванні дагавора забудоўшчык абавязаны прадаставіць права дабудоўваць жылое памяшканне ў першую чаргу члену сям’і дольшчыка.

Змена цаны аб’екта па ініцыятыве забудоўшчыка можа адбыцца толькі ў выпадках змянення статыстычных індэксаў кошту будаўніча-мантажных работ і (альбо) ўнясення змен у заканадаўства аб уплаце ўскосных падаткаў, па пагадненні бакоў — пры зменах і дапаўненнях у праектнай дакументацыі альбо па хадайніцтву дольшчыкаў аб аказанні дадатковых паслуг (адмове ад аказання паслуг).

Дакументам прадугледжваецца абавязковае правядзенне забудоўшчыкам аўдыту мэтавага выкарыстання сродкаў, якія прыцягваюцца ў будаўніцтва з прадастаўленнем копіі яго вынікаў у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

Тэрмін здачы дома ў эксплуатацыю непасрэдна звязаны з нарматыўным тэрмінам будаўніцтва. Забудоўшчык мае права з дазволу мясцовых органаў падоўжыць яго. У выніку прызнання віны забудоў¬шчыка ў парушэнні нарматыўнага тэрміну, да яго пасля завяршэння аб’екта прымяняюцца штрафныя санкцыі (выплата пені дольшчыкам), а пры разліку цаны будзе абавязаны выкарыстоўваць да аб’ёмаў звыштэрміновага будаўніцтва статыстычныя індэксы, якія ўстаноўлены для месяца, што з’яўляўся апошнім пры нарматыўным тэрміне ўзвядзення аб’екта.

Акрамя таго ў дагаворы можа праду¬гледжвацца і адказнасць дольшчыка за невыкананне сваіх абавязкаў. У выпадку парушэння тэрміну плацяжоў, ён уносіць пеню ў памеры 0,02 працэнта (калі плацяжы адбываюцца ў адпаведнасці з графікам) альбо 0,002 працэнта (калі яны ўнесены дольшчыкам адначасова) ад сумы пратэрмінаванага плацяжу за кожны дзень пратэрміноўкі да дня ліквідацыі запазычанасці альбо прыняцця рашэння аб скасаванні дагавора ва ўстаноўленым парадку. Дольшчык не нясе адказнасці за несвоечасовае пералічэнне банкам плацяжоў, якія складаюць дзяржаўную падтрымку.

Забудоўшчык пры заключэнні дагавора будаўнічага падраду прымае рашэнне аб перадачы часткі свайго прыбытку падрадчыку па заканчэнні аб’екта. Памер гэтых сродкаў і іншыя ўмовы вызначаюцца ў дагаворы паміж бакамі.

Гарантыйны тэрмін аб’екта долевага будаўніцтва павялічаны з 2 да 5 год.

Указ не распаўсюджваецца на дагаворы долевага будаўніцтва, якія былі заключаны да таго, як ён уступіць у сілу — 9 верасня 2013 года.

С. НЕСЦЯРЭНКА.

Начальнік упраўлення экспертна-прававой работы і зваротаў грамадзян Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці.