Прыменены адміністрацыйныя санкцыі

83

Прыменены адміністрацыйныя санкцыіУ ХОДЗЕ праверкі ААТ “Вілейскі райаграсэрвіс” выяўлены парушэнні парадку вядзення бухгалтарскага ўліку, працоўнага заканадаўства, факты неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных і ўласных сродкаў, безгаспадарчасці і неэфектыўнага ажыццяўлення вытворчай дзейнасці. Мелі месца і парушэнні патрабаванняў заканадаўства пры вядзенні будаўніцтва. Прычым большасць недахопаў абумоўлена неэфектыўным кіраваннем таварыствам. Найбольш негатыўнае становішча ў галіне жывёлагадоўлі, дзе паказчыкі самыя нізкія ў Вілейскім раёне. За 2012 год ніводзін з іх не дасягнуў узроўню папярэдняга года. У прыватнасці, вытворчасць малака зменшылася на 391 т (14,5% да ўзроўню 2011 года), а яго рэалізацыя — на 420 т (18,1%). У сярэднім ад каровы надоена 3018 кг малака. Скарацілася і колькасць атрыманага прыплоду буйной рагатай жывёлы на 105 галоў (13,1% да ўзроўню 2011 года), а выхад цялят склаў толькі 37 галоў на 100 кароў. Пра якія надоі можа весціся гаворка, калі паказчык ялавасці кароў перавышае 50% пагалоўя. Валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы зменшыліся на 48,6 т (25,3%), а сярэднясутачныя — павялічыліся на 7,6% (36 грамаў) і склалі 472 грамы, што не адпавядае рэчаіснасці. На самай справе сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе БРЖ было завышана на 43 грамы і склала 429 грамаў ці 98,4% да ўзроўню 2011 года.

Са студзеня 2012 года таварыствам праводзіцца рэканструкцыя фермы “Кузьмічы” без праектна-каштарыснай дакуметацыі. І як вынік — незаконнае налічэнне заработнай платы прыцягнутым на работу будаўнікам склала 67,4 млн руб. Акрамя таго, на названым аб’екце 10 т цэменту прыйшло ў непрыгоднасць (закамянела) з-за захоўвання на будаўнічай пляцоўцы. Сума прычыненага ўрону склала 9,5 млн рублёў. Для выканання будаўніча-мантажных работ незаконна здабыта 2760 т пясчана-гравійнай сумесі на кар’еры “Студэцкі”. Прычынена навакольнаму асяроддзю шкода на суму 6,44 млн рублёў, даналічана падаткаў на 13,5 млн рублёў.

Адсутнасць гаруча-змазачных матэрыялаў і механізатарскіх кадраў не дазволілі на працягу 2012 года выканаць даведзенае заданне па вапнаванні кіслай глебы. План выкананы толькі на 59%. На полі таварыства больш года захоўвалася 54,8 т матэрыялаў для вапнавання, на набыццё якіх затрачана з бюджэту 5,2 млн рублёў.

Пры недахопе гаруча-змазачных матэрыялаў для вытворчай дзейнасці ў студзені 2013 года службовымі асобамі таварыства аформлены недакладныя пярвічныя ўліковыя дакументы на спісанне 200 літраў бензіну Н-80 і 378 літраў дызельнага паліва. Куды яны зрасходаваны, высвятляюць зараз праваахоўныя органы. Толькі пасля ўмяшання міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю ў сакавіку бягучага года было зроблена вапнаванне глебы за кошт матэрыялаў, набытых за бюджэтныя сродкі.

Па выніках праверкі да таварыства прыменены адміністрацыйны штраф у размеры 21,4 млн рублёў і спагнаны ўрон, прычынены навакольнаму асяроддзю, на суму 6,44 млн рублёў. Акрамя таго, даналічаны і спагнаны падатак за здабыванне карысных выкапняў у размеры 13,5 млн рублёў. Былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці 11 службовых асоб, а да адміністрацыйнай — 3.

Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржаўнага кантролю.