Прыгожае імя — Надзейка

111

Прыгожае імя -- НадзейкаТАКОЕ прыгожае імя далі бацькі Тамара Леанідаўна і Уладзімір Мікалаевіч Крывенькія сваёй любай дачушцы, спадзеючыся на тое, што вырасце яна дастойным і паважаным чалавекам, якому будзе шчасціць у жыцці. Нічым адметным дзяўчынка сярод дзягільскіх дзяцей не вызначалася. Расла, як і ўсе. Хадзіла ў школу, дапамагала бацькам па гаспадарцы, гуляла з равеснікамі на вуліцы. Да працы прызвычаілася рана. Яшчэ падлеткам была неаднойчы ў таты-камбайнера памочніцай на жніве. Экіпаж Крывенькіх ніколі не быў у адстаючых, а гэта таксама пра многае сведчыць.

Пасля школы Надзея паступіла вучыцца ў Пастаўскі сельскагаспадарчы каледж. Закончыла яго і вярнулася ў родную вёску. З 1 сакавіка бягучага года дзяўчына працуе загадчыцай фермы “Дзягілі” ПСГ “Дзягілі”. Пасада гэта надзвычай складаная і адказная. Кіраваць людзьмі заўсёды няпроста. Адна справа, калі работу выконваеш сам, а зусім іншая — калі вынікі працы залежаць ад калектыву, які ў тваім падпарадкаванні. Але хочацца верыць, што ў маладога спецыяліста ўсё атрымаецца. Тым больш, што такое жаданне ў дзяўчыны ёсць.

Неяк вечарам убачыла здалёк дзве жаночыя постаці, якія крочылі па дарозе, што вяла на ферму. Чуўся смех, ажыўленая гамонка. Гэта маці з дачкой ішлі на работу і пра нешта гаварылі. Адчувалася, што ім добра разам, што сваім жыццём абедзве задаволены.

Засталося дадаць, што Надзейка вырасла ў шчырай, працавітай сям’і. Яе мама — цялятніца, завіхаецца на той жа ферме, якую ўзначальвае дачка. Бацька — механізатар, чалавек руплівы, дбайны. Па ўсім бачна, у бацькоў удалася і Надзея. Хочацца толькі пажадаць ёй поспехаў на першай самастойнай працы і здзяйснення запаветных мар.

Р. ВЕРАБЕЙ.

в. Дзягілі.