Праздник в Будславе

125

Праздник в БудславеДругі год запар у першую суботу жніўня ў пасёлку Будслаў, які многія дагэтуль называюць яшчэ станцыяй Будслаў, было шматлюдна. На свята населенага пункта сабраліся не толькі жыхары, але і ўраджэнцы гэтых мясцін, якія па волі лёсу апынуліся ў розных кутках Беларусі. Яны любяць сваю малую радзіму, ганарацца ёй і заўсёды з радасцю наведваюцца ў бацькоўскі дом, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва, дзе ім усё дарагое і знаёмае.

Як расказала кіраўнік справамі Будслаўскага сельвыканкама Крысціна Палачанская (яна з’яўляецца ўраджэнкай пасёлка), пачалося мерапрыемства каля крыжа, устаноўленага два гады таму, святой Імшой. Яе цэлебраваў кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай айцец Віктар Бурлака. Падчас набажэнства святар маліўся за памерлых жыхароў пасёлка, для жывых прасіў Божай дапамогі ў справах, здароўя, міру, спору ў працы.
Свята прадоўжылася каля памятнага знака, які летась па ініцыятыве і пры актыўным удзеле дэпутата Будслаўскага сельскага Савета дэпутатаў па пасёлку і мясцовага ўраджэнца Івана Пятроўскага быў тут устаноўлены ў гонар настаўнікаў і вучняў былой пачатковай школы, якую ў свой час ён таксама заканчваў.
Мая суразмоўца паведаміла, што свята пасёлка становіцца традыцыйным. Людзі з цеплынёй выказваюцца пра мерапрыемства, якое дае ім магчымасць сабрацца разам, каб узгадаць пражытае і дзень сённяшні, цікава і з карысцю правесці вольны час, адпачыць, павесяліцца.
— Зараз, напрыклад, ушаноўваліся работнікі чыгункі, — падкрэсліла прадстаўніца мясцовай улады. — Ім усім, вядома, было вельмі прыемна чуць добрыя словы ў свой адрас — і ад арганізатараў мерапрыемства, якое праходзіла напярэдадні іх прафесійнага свята, і ад артыстаў Крывіцкага гарпасялковага Дома культуры, якія завіталі са змястоўнай канцэртнай праграмай. Дарэчы, на наступны год прынародна вырашана ўшаноўваць жыхароў пасёлка, якія сваё жыццё прысвяцілі УП “Ілаўскае”: і тых, хто раней працаваў, і тых, хто шчыруе сёння. А яшчэ праз год пашана будзе аддавацца хлебаробам, жывёлаводам, спецыялістам — словам, усім, хто заняты ў сельскагаспадарчай вытворчасці. І гэта правільна, бо ўсе прафесіі важныя і патрэбныя. Да таго ж, правядзенне такіх мерапрыемстваў — цудоўная нагода для таго, каб у чарговы раз сабрацца з дзецьмі, унукамі на сумеснае свята.
Выступіў на свяце і Іван Пятроўскі, які павіншаваў прысутных з Днём чыгуначніка. Вядома, найперш названая дата датычыць тых, хто прысвяціў сваё жыццё забеспячэнню нармальнай работы гэтага надзейнага, камфортнага і эканамічнага віду транспарта. А яго паслугамі карыстаюцца на самай справе вельмі многія, прычым не толькі будслаўчане. Парадніліся, па меркаванні Івана Станіслававіча, з чыгункай і тыя, хто там не працуе, а толькі жыве непадалёку. Бо яны таксама не ўяўляюць сябе без грукату колаў цягнікоў, якія са свістам праносяцца міма станцыі. І гэта, дарэчы, адна з адметнасцей пасёлка Будслаў, яго адрозненне ад многіх іншых населеных пунктаў.
Узгадаў Іван Пятроўскі ў сваёй прамове і некаторыя гістарычныя звесткі. У прыватнасці, пра тое, што адразу пасля пракладкі ў 1900 годзе чыгункі Варшава — Пецярбург была заснавана станцыя Будслаў. Напачатку гэта было невялікае пасяленне з вартаўнічай будкай, тыпавым вакзалам і казармай для работнікаў. Ішоў час, пасяленне разбудоўвалася, абрастала хутарамі: Арэхава, Загор’е, Бароўка, Крушыннік, Міхалова, Іванькава, Вінцэнтова. Зараз з іх захаваўся толькі хутар Крушыннік. У савецкі час станцыі Будслаў быў нададзены статус пасёлка, дзе пражывалі пераважна працаўнікі чыгункі, якіх налічвалася ў розны перыяд больш за 40 чалавек. На жаль, пакінулі ўжо гэты свет і адышлі ў вечнасць Восіп, Лізавета, Вікенцій, Ян Грышкевічы, Часлаў Дзік, Валерый Валеваец, Еўдакія Шаўрова, Серафім Малькевіч, Уладзімір Пятроўскі, Аляксей Белік, Антон Рачыцкі, Станіслаў Пятроўскі, Марыя і Ніл Бародзічы, Вераніка і Павел Ермаковічы, Вольга і Павел Шкадуны, Сяргей і Ала Івончыкі, Раіса і Іван Сувалкі, Іосіф Шчасны, Мікіта і Галіна Мацюшонкі, Міхал Дарваед, Ян Ждановіч, Валянціна Высоцкая, Станіслаў Катковіч, Марыя Міхаель, Міхал Масевіч, Пётр Грыневіч, Васіль Радзівонаў, Яўген і Ядвіга Баркоўскія, Баляслаў Ярашэвіч, Ігнат Ліль, Жан-Поль Сакалоўскі, Іван Катковіч, лёс якіх быў цесна пераплецены з чыгункай. Прыемна, што і сёння радуюць аднавяскоўцаў сваёй прысутнасцю Здзіслаў і Уладзіслава Гарадэцкія, Юзэфа Рачыцкая, Алена Шчасная, Леаніда Паляк, Канстанцін Гушча, Валянціна Ратнікава, Ігар Малькевіч, Віталь Хацяновіч, Леанарда Грыневіч. Яны ўсе таксама чыгуначнікі: хто ў мінулым, хто — зараз, а таму з радасцю прымалі віншаванні з нагоды гэтага свята ў свой адрас.
Акрамя таго, Іван Станіслававіч падкрэсліў такі цікавы факт: у пасёлку была дынастыя Грышкевічаў. Агульны стаж яе работы на чыгунцы складае больш за 100 гадоў. Увогуле былі звязаны з чыгункай тры пакаленні Грышкевічаў (з перыяду заснавання станцыі да 1992 года). Населены пункт адметны яшчэ і тым, што кожная яго частка мае сваю мясцовую назву. Ёсць “разарвар” — перайначанае слова “рэзервуар” (цыстэрна), “смалярня” (месца, дзе выварвалі смалу), “канюшня” (падчас Першай сусветнай вайны там былі ваенныя канюшні).
У сярэдзіне XX стагоддзя ў пасёлку Будслаў налічваліся 104 дамы, на сённяшні дзень засталося 60. Пражываюць пастаянна 57 чалавек. Ёсць яшчэ 20 дачнікаў, якія звычайна прыязджаюць сюды на летні перыяд.
Крысціна Ігнатаўна паведаміла, што мерапрыемства доўжылася да 10 гадзін вечара. Яго ўдзельнікі засталіся вельмі задаволеныя. Яны шчыра дзякавалі арганізатару свята Івану Пятроўскаму, а таксама мясцовай уладзе — за ўвагу да іх праблем. Цёплыя словы гучалі і
ў адрас артыстаў з Крывічоў за цудоўную канцэртную праграму.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.