“Праз вышыўку глядзіць душа”

73

“Праз вышыўку глядзіць душа”ШМАТ таленавітых, творчых людзей жыве ў г. п. Крывічы. У ліку іх і былая настаўніца Крывіцкай сярэдняй школы, а зараз пенсіянерка С. М. Роўда. Святлана Мікалаеўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Новікі. У 1968 годзе закончыла Княгінінскую СШ і паступіла ў Мінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Затым вучылася на завочным аддзяленні Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Горкага. Да выхаду на пенсію працавала настаўніцай пачатковых класаў. Вучыла дзетак не толькі пісаць, чытаць, рашаць задачы, але і самастойнасці, працавітасці, адказнасці за свае паводзіны і ўчынкі. Разам з трывалымі ведамі па школьных дысцыплінах давала сваім вучням урокі дабрыні і міласэрнасці, выхоўвала іх у павазе да дарослых і бацькоў, у любові да роднага краю і любай Айчыны. І ў тым, што яны знайшлі сваю дарогу ў жыцці, сталі паважанымі людзьмі, вялікая заслуга педагога.

Як расказала Святлана Мікалаеўна, яна вырасла ў звычайнай сялянскай сям’і, дзе змалку ёй прывілі бацькі любоў да працы. Мама была шчырай, руплівай гаспадыняй. Яна ўмела вышываць, вязаць, ткаць кросны. Майстрам на ўсе рукі быў і тата. Дрэва было ўвогуле паслухмяным у яго руках. Рабіў зрубы, ведаў нядрэнна сталярную справу. Акрамя таго, складваў і рамантаваў печкі. Не ведаючы законаў фізікі, мог правесці і падключыць святло. Нядрэнна вышывала крыжыкам і старэйшая сястра. З замілаваннем назірала Святлана, як яна ўмела ўпраўляецца з іголкай, якія дзівосныя ўзоры выводзяць яе рукі. Вельмі хацелася і самой хутчэй асвоіць гэта рамяство. Аднак сястра вельмі рэдка дазваляла ёй вышываць сваю работу. Затое, калі такую магчымасць ёй зрэдку прадастаўляла, вочы дзяўчынкі радасна свяціліся. І здавалася ёй тады, калі вырасце, абавязкова стане такой жа ўмеліцай, як і любая сястрычка.

У юнацтве мода на вышыўку адышла. А там паехала вучыцца. Пасля выйшла замуж, нарадзіла трое дзетак, якіх разам з мужам выхоўвала, працавала ў школе. Было неяк не да вышыванак. А вось вязаць давялося шмат: і дзецям, якія падрасталі, і сабе. Ра¬біла таксама і дываны. А калі Святлана Мікалаеўна пайшла на заслужаны адпачынак, ёй прапанавалі папрацаваць яшчэ выхавальнікам і весці гурток. Тады і ўспомніла жанчына пра сваё дзіцячае захапленне. Дачка выпісала спецыяльную літаратуру, часопісы, у якія акунулася з галавой, і ўсё закруцілася. Гурток назвалі “Самацветы”. Так пакрысе любоў да вышыўкі стала перадаваць настаў¬ніца сваім падапечным. А калі ўвогуле пайшла на пенсію, настолькі ўцягнулася ў гэты занятак, што ўжо без вышыванак не ўяўляла свайго далейшага жыцця. За прасцейшымі работамі пайшлі больш складаныя. Пакрысе асвоіла балгарскі крыжык, іншыя тонкасці. Умеліца прызналася, калі бярэ ў рукі пяльцы з канвой і іголку з ніткамі, забывае пра ўсё на свеце. Вельмі любіць вышываць кветкі, прыроду. Ёсць у яе карціны і на духоўную тэматыку. Многія свае работы матуля падаравала дзецям. Менавіта ім яна прысвяціла карціну “Лебедзі”, “Рамэо і Джульета”, а ўнукам, якіх у бабулі шасцёра, — “Буслы”. Спецыяльна для мужа вышыла карціны “Фламінга”, “Алень”, “Паляванне”… Назвы прац гавораць самі за сябе: “Божая Маці”, “Воскресное утро”, “Поры года: “Зіма”, “Вясна”, “Лета”, “Восень”, “Палявыя кветкі”, “Каралева кветак”, “Кветкі”, “Букет півоні”, “Летні пейзаж”, “Зімовы пейзаж”, “Дама на каньках”, аднакаляровая вышыўка “Вальс”, “Гімнастка”, “Аднарог”… У іх — душа ўмеліцы, яе вялікае жаданне з дапамогай сваіх прац данесці людзям прыгажосць навакольнага свету, прыроды, роднай зямлі.

— Вядома, вышыванне — справа карпатлівая, патрабуючая ўважлівасці, цярплівасці, — прызнаецца майстрыха. — Тут трэба ведаць і шмат сакрэтаў, інакш крыжыкі не атрымаюцца акуратныя, роўныя. Нельга таксама, каб былі бачны вузельчыкі, пераходы. Вялікае значэнне надаю і афармленню работ. Вельмі радуюся, калі працы гатовы, калі іх можна ўзяць у рукі, палюбавацца імі. У такія моманты адчуваю сябе самай шчаслівай. Ды і як жа інакш, калі ў мяне ёсць занятак у вольны час, да якога ляжыць душа, які прыносіць задавальненне.

Дарэчы, у Крывіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў нядаўна экспанавалася выстава вышыванак Святланы Мікалаеўны. Яна называлася: “Праз вышыўку глядзіць душа”. І жыхары пасёлка з яе дапамогай мелі магчымасць дакрануцца да аднаго з відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зазірнуць у душу майстрыхі, убачыць яе ўнутраны свет — такі ж чысты, светлы і прыгожы, як і працы, якія нясуць цяпло і святло іншым. Менавіта пра гэта гаварылі падчас прэзентацыі выставы ў раённым цэнтры рамёстваў тагачасны начальнік аддзела культуры райвыканкама Ганна Мікалаеўна Падгол, метадыст-майстар названай установы культуры, былы калега ўмеліцы па сумеснай працы ў мясцовай сярэдняй школе Генадзій Іванавіч Скурко, яе сябры, знаёмыя.

Экспанаваліся таксама работы С. М. Роўды на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына” падчас абласной духоўна-асветніцкай праграмы “Сям’я — Натхненне — Айчына”, наладжанай у г. Мар’іна Горка да Дня сям’і.

Хочацца ад чыстага сэрца пажадаць Святлане Мікалаеўне новых творчых поспехаў. Няхай яе работы і надалей радуюць усіх, хто іх бачыць, прыносяць асалоду для душы, ствараюць добры настрой.

На здымку: С. М. Роўда ля сваіх вышыванак.

Фота Аляксандра Высоцкага.