Прайшоў дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: “Рыхтуем транспарт да зімы!”

90

Прайшоў дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: “Рыхтуем транспарт да зімы!”ПАД такім дэвізам нядаўна праводзіўся адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху. З пачатку года на аўтадарогах Міншчыны зарэгістраваны 723 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 175 чалавек загінула і 83 —атрымалі траўмы і калецтвы. 83 ДТЗ учынілі нецвярозыя вадзіцелі. На тэрыторыі Мядзельшчыны зафіксавана 13 ДТЗ, у якіх 2 чалавекі загінулі, 12 — былі траўміраваны. У трох ДТЗ пацярпелі дзеці. Асноўная прычына аварый — няправільны выбар скорасці, парушэнне правілаў абгону, незахаванне дыстанцыі ў складаных метэаралагічных і дарожных умовах, няўважлівасць за рулём. Як паказвае аналіз, з наступленнем неспрыяльных умоў надвор’я абстаноўка з аварыйнасцю пагаршаецца. А таму ўжо цяпер патрэбна замяніць летнія шыны на зімовыя. Вядома, спа¬дзявацца, што толькі гэта акалічнасць прадухіліць дарожна-транспартныя здарэнні, няправільна. Аднак варта памятаць, што, калі вадзіцелі будуць захоўваць бяспечную скорасць, перастануць займацца ліхацтвам, — аўтамабіль на шынах з зімовым пратэктарам нашмат устойлівей і лепш “трымае” дарогу. Акрамя замены шын, вадзіцелям неабходна паклапаціцца, каб нармальна працавалі абагравальнік шкла, “дворнікі”, тармазы. Не пашкодзіць праверыць узровень антыфрызу і заліць у бачок вадкасць, якая не замярзае. Паклапаціцца пра наяўнасць запаскі, дамкрата, тросу для буксіроўкі. Патрэбна, каб быў надзейным акумулятар, заменены паліўны фільтр. Неабходна таксама звярнуць увагу на правільную рэгуліроўку святла фар.

Асаблівую небяспеку ўяўляюць галалёдзіца і туман, да якіх трэба быць пастаянна гатовымі. У гэтай сувязі раім вадзіцелям выбіраць бяспечную скорасць, праяўляць асцярожнасць і павышаную ўважлівасць.

А. КРЫШТАФОВІЧ.

Старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС.