Праводзіцца прафілактычная акцыя «Цвярозы вадзіцель»

86

Праводзіцца прафілактычная акцыя «Цвярозы вадзіцель»АНАЛІЗ аварыйнасці сведчыць пра тое, што кожны год на тэрыторыі вобласці больш за 15-20 працэнтаў дарожна-транспартных здарэнняў здзяйсняецца вадзіцелямі, якія знаходзяцца ў нецвярозым стане. Увогуле транспартная дысцыпліна асобных жадае быць значна вышэйшай.

Паважаныя вадзіцелі, запомніце: кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, пад уздзеяннем наркатычных сродкаў і псіхатропных ці таксічных рэчываў недапушчальна! Заканадаўства за першы выпадак язды ў нецвярозым стане без наступстваў ці перадачу права кіравання п’янаму чалавеку, а таксама адмову ад праходжання медыцынскага агляду прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права кіравання ўсімі транспартнымі сродкамі тэрмінам на 3 гады і штрафу ад 15 да 35 базавых велічынь (ад 1,5 мільёна да 3,5 мільёна рублёў). За паўторнае кіраванне аўто «пад хмяльком» на працягу года ў якасці пакарання прадугледжана пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін да 5 гадоў са спагнаннем штрафу да 1000 базавых велічынь; папраўчыя работы на перыяд да двух гадоў; арышт да шасці месяцаў; у шэрагу выпадкаў — абмежаванне ці нават пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.Каб не стаць ахвярай патэнцыяльнага забойцы за рулём, людзі павінны старацца па магчымасці іх спыніць. Нецвярозыя вадзіцелі звычайна марудзяць, кранаючыся з месца, рэзка тармозяць, едуць на забаронены сігнал святлафору, неадэкватна ацэньваюць адлегласць, хуткасць руху і геаметрыю дарогі. Пад хмяльком ўсе аўтадарогі здаюцца роўнымі і прамымі, а хуткасць руху — вельмі маруднай. Яны быццам паказваюць, як нельга паводзіць сябе за рулём.

Для актывізацыі работы па недапушчэнні фактаў кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, а гэта — адна з асноўных прычын дарожна-транспартных здарэнняў з цяжкімі наступствамі, на тэрыторыі вобласці з 23 па 31 ліпеня бягучага года праводзіцца прафілактычная акцыя «Цвярозы вадзіцель». Калі вы сталі сведкам або відавочцам кіравання транспартным сродкам чалавекам, які знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, паведаміце пра гэта па тэлефоне 102.

А. БАРОДЗІЧ.

Інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ РАУС.