Пракуратура раёна: ад гісторыі да сучаснасці

392

СЁЛЕТА прафесійнае свята работнікаў пракуратуры адзначаецца адначасова са стагоддзем ведамства, якое знаходзіцца на варце законнасці і справядлівасці. Напярэдадні гэтай даты сустрэлася з пракурорам раёна Віталіем АФАНАСЕНКАМ. І гутарка наша — аб дзейнасці вядучага праваахоўнага і асноўнага праваабарончага органа дзяржавы.

— Віталій Міхайлавіч, давайце ўспомнім, як усё пачыналася.
— Гісторыя свята бярэ пачатак з 26 чэрвеня 1922 года, калі на трэцяй сесіі ЦВК Беларускай ССР з мэтай ажыццяўлення нагляду за выкананнем законаў і барацьбы са злачыннасцю было прынята Палажэнне аб пракурорскім наглядзе і зацверджана Дзяржаўная пракуратура ў складзе Народнага Камісарыята Юстыцыі. Гісторыя пракуратуры раёна непарыўна звязана з гісторыяй нашага краю. Паводле архіўных звестак, з 1940 па 1944 год пракуратура раёна ўваходзіла ў склад пракуратуры Вілейскай вобласці. Пасля вызвалення Мядзельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у сувязі з утварэннем Маладзечанскай вобласці ўвайшла ў склад Маладзечанскай абласной пракуратуры, а з 20 верасня 1960 года — Мінскай абласной. На сучаснай тэрыторыі раёна з 1944 па 1960 гады знаходзіліся таксама пракуратуры Свірскага і Крывіцкага раёнаў, якія былі расфарміраваны ў сувязі з ліквідаваннем гэтых двух раёнаў. Цікава, што ў пракуратуры раёна быў конюх (паводле загаду ад 29 мая 1960 года на гэту пасаду быў узяты Ф. Н. Малафей), а аператыўныя работнікі перамяшчаліся на гужавым транспарце.
— Хто быў першым пракурорам раёна?
— Васіль Пятровіч Задонскі. На той час штат складаўся з чатырох чалавек: пракурора, памочніка пракурора, народнага следчага і сакратар-машыністкі.
— Што ўваходзіць у сферу інтарэсаў пракуратуры?
— Работа наша шматгранная. Пракуратура каардынуе дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх фарміраванняў па папярэджанні злачыннасці і правапарушэнняў, у тым ліку карупцыйных. Забяспечвае нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем закону ўсімі суб’ектамі гаспадарання і грамадзянамі. Кантралюе выкананне заканадаўства на стадыі аператыўна-пошукавай дзейнасці, дасудовай падрыхтоўкі і разгляду крымінальных спраў у судзе, а таксама нагляд за выкананнем пакарання. Пракурорскія работнікі выступаюць на судовых працэсах у якасці дзяржаўнага абвінаваўцы, дзе ад іх прафесіяналізму, кампетэнтнасці нярэдка залежыць далейшы лёс падсуднага.
— Якім накірункам надаецца першачарговая ўвага?
— Барацьбе са злачыннасцю, правапарушэннямі, у тым ліку сярод непаўналетніх. Не абыходзім увагай пытанні прафілактыкі карупцыі, іншых негатыўных з’яў. У полі зроку таксама нагляд за выкананнем заканадаўства і дзейсны кантроль за законнасцю прававых актаў ва ўсіх яго сферах. З пачатку года ў пракуратуру раёна паступіла 17 зваротаў грамадзян. У адным, напрыклад, свядомыя людзі паведамлялі аб неналежных умовах, у якіх жывуць у мнагадзетнай сям’і дзеці. Тут жа выехалі на месца. Выявілі парушэнні правіл пажарнай бяспекі, якія ўяўлялі пагрозу для жыцця малалетніх. Аператыўна вынеслі прадпісанне ва ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, што дазволіла хутка выправіць сітуацыю.
Галоўная задача пракуратуры — забеспячэнне вяршэнства права, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, прадпрыемстваў, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў.
— Якія яшчэ пытанні ў полі зроку пракуратуры раёна?
— Актуальнымі застаюцца пытанні выканання суб’ектамі гаспадарання заканадаўства аб эканамічнай дзейнасці, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, санітарыі, захавання бяспекі жыцця і здароўя грамадзян. Тут таксама хачу спаслацца на прыклад. У пачатку года, правяраючы выкананне суб’ектамі прафілактыкі заканадаўства аб папярэджанні пажараў, траўмавання і гібелі падчас іх людзей, высветлілі, што ў не прыстасаваным для жылля памяшканні практычна без цяпла, ежы і вады адзін жыў пажылы мужчына. Не было ні святла, ні газу. Няспраўную печку цепліў спадручнымі матэрыяламі. Пакоі былі захламлены. І гэта пры тым, што курыў. Больш за тое, будынак знаходзіўся ў аварыйным стане і ў любы момант мог абваліцца. У мужчыны ёсць дзеці, але іх ніхто не шукаў… Фактычна самаўхіліліся ад праблемнай сітуацыі сельскі выканаўчы камітэт і ўласнік жылля — мясцовая гаспадарка. Не праяўляла настойлівасці ў яе вырашэнні і сацыяльная служба. Пасля ўмяшання пракуратуры чалавек змешчаны ў аддзяленне забеспячэння кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Вузла.
— Раскажыце, калі ласка, пра свой калектыў.
— У штаце пракуратуры раёна шэсць чалавек. Пракурор — я, намеснік пракурора — Андрэй Гавета. Андрэй Іванавіч займае гэту пасаду з 2014 года, а прыйшоў на службу ў пракуратуру раёна ў 2007 годзе. Старшы памочнік пракурора — Аляксей Купрэвіч. Аляксей Аляксандравіч нядрэнна ўпісаўся ў калектыў, хоць у нашай структуры толькі з сакавіка 2019-га. Магу з упэўненасцю сказаць, што на Мядзельшчыне служаць сапраўдныя прафесіяналы. Многія былыя работнікі пракуратуры займалі, а асобныя і цяпер займаюць адказныя пасады ў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, пракуратуры Мінскай вобласці, Мінскім абласным судзе, іншых дзяржаўных установах.
Загадчыцай канцылярыі ў нас працуе шчырая, неабыякавая Вольга Юр’еўна Паўлючэнка. Толькі добрае магу сказаць пра вадзіцеля Уладзіміра Іванавіча Ермаковіча — руплівага, адказнага. Ён воін-інтэрнацыяналіст, служыў у Афганістане. Кур’ерам-прыбіральшчыцай больш за 17 год працуе Таццяна Грыбовіч. Таццяна Анатольеўна наводзіць чысціню і стварае ўтульнасць у кабінетах. Яна ж забяспечвае аператыўную дастаўку пошты.
— Ці падтрымліваеце сувязь з ветэранамі?
— Вядома ж, ветэранаў не забываем, на іх раўняемся. Звыш 35 год у пракуратуры раёна нёс службу на розных пасадах Канстанцін Мікалаевіч Ганчар. З іх 13 — узначальваў ведамства. За бездакорную працу ў органах пракуратуры ў чэрвені 2012 ён быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. 28 год добрасумленна і адказна выконвала абавязкі загадчыцы канцылярыі Людміла Яўгенаўна Сабко. З павагай ставімся і да іншых былых калег. Напярэдадні адметнай даты хачу павіншаваць супрацоўнікаў і ветэранаў органаў пракуратуры з нашым прафесійным святам. Пажадаць моцнага здароўя, мірнага неба, шчасця, дабрабыту, аптымізму, поспехаў у служэнні Радзіме.
Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.