Працуюць «Харвестэр» і «Фарвардэр»

85

Працуюць «Харвестэр» і «Фарвардэр»НАРЫХТОЎКА дзелавой драўніны — адна з важнейшых задач, якія стаяць перад лясніцтвамі НП «Нарачанскі». Але гэта вельмі клапатлівая справа. Перш, чым дрэва трапіць на апрацоўку, яго трэба спілаваць і вывезці з лесу. З даўніх часоў існавалі такія прафесіі, як дрывасекі і лесасекі. І тады іх назва сапраўды адпавядала выконваемай працы, а ў якасці прылад пры лесанарыхтоўцы былі толькі сякера ды піла. Валка дрэва, вызваленне ствала ад сукоў, вывазка ствалоў з прасекі — усе гэтыя працэсы выконваліся ўручную. Ішоў час, і з развіццём тэхнічнага прагрэсу пачалі з’яўляцца першыя механізмы, якія прызначаліся для палягчэння працы лесасекаў. З’явіліся першыя цягачы і сапраўдны цуд тэхнікі — бензапіла «Дружба». Усе дасягненні тэхнічнага прагрэсу павышалі прадукцыйнасць працы пры лесанарыхтоўках, але ў цэлым работа па-ранейшаму заставалася цяжкай і небяспечнай. А сёння можна смела канстатаваць, што ўсё гэта засталося ў далёкім мінулым. Зараз у лясах працуюць сапраўдныя камбайны, якія здольны выконваць практычна ўсю работу па валцы дрэў ад пачатку і да канца. Працуюць «Харвестэр» і «Фарвардэр»У бягучым годзе такую тэхніку, а дакладней «Харвестэр» «АМКАДОР-2551» і «Фарвардэр» «АМКАДОР-2661» набыў і НП «Нарачанскі». Нам пашчасціла паназіраць за работай тэхнікі, пагутарыць з гаспадарамі.

Спачатку пра «Харвестэр». Што сабой ўяўляе гэтая разумная машына. Так, менавіта разумная, таму што, гледзячы на тое, як працуе яна, па-іншаму не скажаш. Захапіўшы ствол дрэва, яна на працягу некалькіх секунд спілоўвае яго, абразае сукі, крыжуе і складае ўсе часткі ствала. Па сваёй сутнасці «Харвестэр» — гэта самаходная машына, прызначаная для выканання ўсіх асноўных аперацый на лесанарыхтоўцы.

— Ці складана ёй кіраваць? — пытаюся ў гаспадара С. І. Міцэвіча.

— Скажу шчыра, машына сучасная, замяняе шмат людзей і тэхнікі. А кіраваць ёй проста і лёгка, — дзеліцца Станіслаў Іосіфавіч. — На ёй устаноўлены магутны і ў той жа час эканамічны матор. Машына мае высокую праходнасць і добрую манеўранасць, прыемны дызайн і бяспечная ў працэсе эксплуатацыі. Дзякуючы кандыцыянеру ў кабіне падтрымліваецца стабільная, камфортная тэмпература. Словам, вытворцы пастараліся.

Такія водгукі пра новую тэхніку пачуў ад чалавека, які ў лесанарыхтоўцы працуе з 1994 года. Праўда, раней ён вазіў лес. Спачатку на аўтамабілі «МАЗ», потым больш за 10 гадоў кіраваў лесавозам, зманціраваным на базе аўтамабіля «Урал».

— Станіслаў Іосіфавіч, пасля аўтамабіля пераселі за руль «Харвестэра» — і справа пайшла? — цікаўлюся.

— Не. Паўтара месяца вучыўся на спецыяльных курсах ад Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь у Ждановічах. Але самая лепшая навука — гэта практыка. Паціху асвоіўся. Давялося працаваць у Вузлянскім лясніцтве, а зараз вось у Будслаўскім, — адказвае ён.

— Які аб’ём работы выконваеце за дзень?

— Сярэдняя прадукцыйнасць «Харвестэра» — 10 кубічных метраў лесу ў гадзіну. Пры суцэльнай высечцы — да 150 кубаметраў за дзень атрымліваецца. Уяўляеце, колькі для гэтага патрэбна было задзейнічаць людзей?!

— Вы спілавалі дрэва, пакрыжавалі яго. А хто тралюе, вывозіць сарціменты? — пытаюся.

— Калега Міхаіл Казіміравіч Варановіч. Мы разам былі на курсах. За ім замацавана спецыяльная машына «Фарвардэр» «АМКАДОР-2661». Па сутнасці «Харвестэр» і «Фарвардэр» — адзін камплект.

Выкарыстаўшы момант, пагутарыў і з Міхаілам Казіміравічам. Ён таксама задаволены новай тэхнікай. Яе галоўнае прызначэнне — збор і пагрузка раней апрацаваных «Харвестэрам» лесаматэрыялаў, якія ў далейшым транспартуюцца цеснымі ляснымі дарогамі да месца іх сартавання і складзіравання.

— Тут устаноўлены гідраманіпулятар фінскай вытворчасці, які дазваляе падымаць груз да 550 кілаграмаў, пры гэтым максімальны вылет можа дасягаць 8,2 метра, — расказвае М. К. Варановіч. — За адзін рэйс вывожу прыкладна 20 кубоў драўніны. Грузападымальнасць — да 12 тон.

— Ці зручнае месца для працы? — задаю чарговае пытанне.

— Так. Нягледзячы на тое, што ў лясной мясцовасці заўсёды ёсць шмат нечаканасцей, знаходжуся ў абсалютнай бяспецы. Кабіна мае абарону ад падаючых дрэў і бярвення, шкло таксама разлічана вытрымаць рэзкія ўдары галінак. Прахалоду ў спякотны час дорыць устаноўлены ў кабіне кандыцыянер, у халодны час — абагрэе. Словам, усё прадумана і зроблена на высокім узроўні, — крыху падумаўшы, адказаў Міхаіл Казіміравіч.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Гаспадар «Харвестэра» «АМКАДОР-2551» С. І. Міцэвіч; 2. «Фарвардэрам» «АМКАДОР-2661» кіруе механізатар М. К. Варановіч.

Фота аўтара.