Уважлівы жыхар Мядзела мог заўважыць на Дошцы гонару фотаздымак Алены Крывенькай. Яна была прызнана лепшым аператарам па штучным асемяненні за 2016 год. Працуе Алена Іванаўна ў ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга”, куды ўладкавалася ў 2013 годзе.
— Нарадзілася ў Крывічах, — распавядае пра свой жыццёвы шлях Алена Іванаўна, — пасля васьмі класаў пайшла ў саўгас-тэхнікум (цяпер Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж) вучыцца на заатэхніка, а ў 1988 годзе паехала па размеркаванні ў калгас “1 Мая”, у вёску Канстанцінава Слабадскога сельсавета. Прызначылі мяне загадчыцай фермы “Слабодка”, і на гэтай пасадзе адпрацавала вельмі доўга — дваццаць гадоў ёсць дакладна. Потым пайшла ў адпачынак па доглядзе дзіцяці, а калі выйшла з дэкрэта — наш калгас аб’ядналі з калгасам “17 верасня”. Але я засталася на сваім працоўным месцы.
— Як атрымалася, што заатэхнік узяўся за асемяненне?
— Яшчэ ў калгасе “1 Мая” бывала выручала ў гэтай справе. Атрымалася амаль выпадкова — асемянатар захварэў, і мяне папрасілі дапамагчы. Дамовіліся, што паспрабую. Не хацелася падводзіць людзей. Але ўсё атрымалася. І пакуль спецыяліст быў на бальнічным, замяняла яго, затым вярнулася на пасаду загадчыцы. А ўжо калі выйшла з дэкрэта, сумяшчала гэтыя пасады. А пасля мяне прызначылі асемянатарам па ўсім калгасе.
— А як вы трапілі ў Мядзел? Усё ж такі дваццаць гадоў працавалі на адным месцы.
— Мяне запрасілі. Раблю цяпер на ферме “Лотва”. У той час штатны асемянатар была ўжо пенсіённага ўзросту. Як да спецыяліста, да яе не мелася ніякіх прэтэнзій, працавала яна добра, але дырэктар вырашыў перастрахавацца, бо разумеў, што ў выпадку чаго, яму не знайсці новага работніка за дзень. Трэба сказаць, што першапачаткова ў мяне быў страх з прычыны пераезду. Пражыла на адным месцы амаль усё жыццё, але дом быў ужо стары. Таму адным з фактараў, які паўплываў на маё рашэнне, стала новае жыллё. Да таго ж, трэба было падумаць пра дзяцей. У мяне іх двое: сын ужо дарослы, працуе ў ПМС трактарыстам, а дачка закончыла школу і паехала ў Мінск вучыцца на тэхніка-тэхнолага па перапрацоўцы расліннай і жывёльнай сыравіны. А Мядзел — раённы цэнтр, тут і магчымасцей больш. У канцы 2013 года мы і пераехалі.
— Адразу пайшлі працаваць аператарам па штучным асемяненні?
— Не, спачатку заатэхнікам. На ферме якраз уводзілася ў эксплуатацыю даільная зала. Трэба было прывучаць кароў, прымацоўваць на іх чыпы і ашыйнікі, заносіць звесткі ў камп’ютар. Акрамя гэтага, складала рацыёны для жывёл. Але, калі трэба было, без праблем падмяняла тутэйшага асемянатара. А пасля ўжо заняла гэту пасаду. Працаваць заатэхнікам часам было складана, вельмі вялікая адказнасць, шмат розных задач. А працу асемянатара ведаю добра, выконваю якасна. Мне тут спакайней. Да работы падыходжу максімальна адказна. Да таго ж, яшчэ займаюся гінекалогіяй, сачу за здароўем кароў.
— А як распланаваны ваш дзень?
— Еду на працу вельмі рана, у пачатку шостай гадзіны. Займаюся непасрэдна асемяненнем, затым замацоўваю ашыйнікі, чыпы, заношу ў камп’ютар усю інфармацыю: колькі кароў апладніла, колькі ацялілася і іншае. Стаўлю біркі цялятам. Вяртаюся дадому ў палове дзясятай, а то і пазней. Нядаўна было, што і ў дванаццаць дадому вярнулася. Добра, туды мяне падвозяць. Спачатку прапаноўвалі ездзіць самой, але дамаглася, каб быў транспарт, таму што мне важна працаваць на вынік, а час вельмі каштоўны.
— Ці стамляецеся?
— Вядома, такі графік цяжкаваты. Але не скарджуся. Стараюся сама кантраляваць свой час. Бывае, два дні да абеду папрацую, а на трэці спраўлюся хутчэй і раней прыеду дадому. Выхадныя бяру, толькі калі сапраўды трэба. Ды і дома праца не заканчваецца. І ўборку зрабіць трэба, і ежу для сям’і прыгатаваць. Плюс у нас свая гаспадарка ёсць, таксама час адымае. Водпуск у мяне заўсёды ў красавіку. Таму што заканчваецца справаздачны год. Сакавіцкае асемяненне — гэта снежаньскі ацёл. На вынік уплывае “выхад” цялят на сто кароў. Звычайна суадносіны атрымліваюцца больш за 100%. З красавіка пачынаецца новы перыяд, вынік лічыцца ўжо на наступны год, таму гэта самы зручны час для адпачынку. Але калі на ферме патрэбна дапамога, не адмаўляю — для мяне важны добры вынік.
Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.