З мэтай вывучэння сітуацыі па развіцці асабістых падсобных гаспадарак Камітэт дзяржкантролю правёў з жыхарамі вобласці “гарачую лінію”. Падчас яе высветлілася, што ў большасці раёнаў з боку мясцовых органаў улады не прадпрымаецца належных мер па аказанні ўсебаковай падтрымкі грамадзян і стымуляванні развіцця асабістых падсобных гаспадарак. Вельмі часта людзі застаюцца адзін на адзін са сваімі праблемамі. Іх звароты наконт вырашэння ўзнікшых цяжкасцей застаюцца без рэагавання.
Аналіз паступіўшых на “гарачую лінію” зваротаў паказаў, што адной з найбольш вострых з’яўляецца праблема рэалізацыі лішкаў прадукцыі, вырашчанай на прысядзібных участках. Шмат скаргаў выказвалася і наконт пасьбы асабістай жывёлы. Нярэдка для гэтай мэты выдзяляюцца самыя горшыя ўгоддзі. Незважаючы на звароты па гэтым пытанні ў мясцовыя органы ўлады і сельгасарганізацыі, узнятая грамадзянамі праблема не вырашаецца. Напрыклад, жыхарам в. Асабец Любанскага раёна для пасьбы жывёлы выдзелена старая і непрыгодная паша. Акрамя таго, для сенакашэння грамадзянам адведзены ўчасткі, якія знаходзяцца на адлегласці 20 км ад населенага пункта. З такімі ж праблемамі ў арганізацыі пасьбы жывёлы сутыкаюцца жыхары Вілейскага, Валожынскага, Маладзечанскага і Смалявіцкага раёнаў.
Таксама ўстаноўлена, што з боку кіраўнікоў асобных сельгасарганізацый не прадпрымаліся меры па аказанні на бязвыплатнай аснове паслуг насельніцтву ў нарыхтоўцы кармоў для ўласных рагуль. Хоць гэтыя грамадзяне пастаянна рэалізоўваюць малако перапрацоўчым прадпрыемствам, а маладняк буйной рагатай жывёлы — сельгасарганізацыям. Так, грамадзянка Г. В. Трыфанава з в. Доры Валожынскага раёна трымае на ўласным падворку 4 каровы, цялушку, свіней. Аднак сена і салому для жывёлы ў ААТ “Аградоры” так і не змагла набыць. Хоць з пачатку бягучага года жанчына прадала больш за 15 тон малака дзяржаве. Па гэтым пытанні заяўніца звярталася двойчы ў сельвыканкам, Валожынскі райвыканкам, воблсельгасхарч. Аднак ніхто да яе просьбы там не прыслухаўся. Акрамя таго, ААТ “Аградоры” не разлічвалася з Г. В. Трыфанавай збожжам, згодна з умовамі дагавору, за здадзенае яшчэ вясной цяля. Раўнадушныя адносіны да праблем вяскоўцаў адзначаны таксама з боку кіраўнікоў асобных арганізацый Вілейскага, Валожынскага, Маладзечанскага і Слуцкага раёнаў. З боку мясцовых органаў улады дапускаюцца выпадкі валакіты і ў вырашэнні зваротаў грамадзян з просьбай аб выдзяленні зямельных участкаў для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.
У ходзе “гарачай лініі” ўказвалася таксама на тое, што не ўсюды арганізавана работа па аказанні насельніцтву платных паслуг у частцы правядзення поўнага цыкла мерапрыемстваў па вырошчванні бульбы, збожжавых культур (узорванне, перадпасяўная апрацоўка глебы, пасадка і г. д. да ўборкі ўраджаю). У той час як вяскоўцы гатовы аплачваць гэтыя паслугі ў поўным аб’ёме, толькі б яны ім аказваліся.
Па ўсіх нараканнях, выказаных грамадзянамі ў ходзе “гарачай лініі”, праінфармаваны Мінскі абласны Савет дэпутатаў. Праведзена пашыраная селектарная нарада з удзелам службаў, ведамстваў і арганізацый, зацікаўленых у вырашэнні паднятых насельніцтвам праблем. Арганізаваны на месцах шэраг сустрэч і сходаў з вяскоўцамі. Большасць узнятых пытанняў сёння выканана. Асобныя з нявырашаных пытанняў пакінуты на кантролі.
Упраўленне кантролю за работай аграпрамысловага, лесагаспадарчага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці.