Пра тэхнічны агляд і выратавальныя камізэлькі

174

Дзяржінспектар Мядзельскага ўчастка Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Яўген Сахончык у размове пра важнасць выканання правіл карыстання лодкамі і іншымі суднамі прыводзіць леташні прыклад:
— У ліпені на возеры Нарач адбыўся інцыдэнт з катамаранам. Разлічаны ён быў на пяць чалавек — і столькі ж знаходзілася. Але была няправільна размеркавана нагрузка: людзі розныя па камплекцыі, і катамаран перакуліўся. Добра, што ніхто не пацярпеў — дарэчы, усе былі ў выратавальных камізэльках.
Перад тым, як выйсці на ваду, у першую чаргу варта вывучыць умовы надвор’я
і выключыць парушэнне правіл асабістай бяспекі. Памятаць, што выратавальную камізэльку апранаюць не для таго, каб інспектар не пакараў, а каб павялічыць верагоднасць выжыць пры непрадбачаным выпадку. Інспектар толькі папярэджвае, а кожны чалавек у першую чаргу сам адказны за сваё жыццё.
Часта людзі не ведаюць ступень адказнасці, думаюць, што пакараць могуць толькі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане ці за непрышпілены рэмень бяспекі. Пры гэтым не ведаюць, што Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае і адказнасць за парушэнне правіл карыстання маламернымі суднамі. І тут досыць вялікія штрафы — да 50-ці базавых велічынь.

Кожнае маламернае судна павінна эксплуатавацца ў спраўным тэхнічным стане з неабходным камплектам абсталявання (камплект вёслаў, выратавальныя сродкі па колькасці пасажыраў на борце, водаадліўныя прылады, супрацьпажарныя сродкі (брызент (кашма) ці азбеставае палатно 1,5х1,5 для вяслярных лодак, вогнетушыцель — для моталодак і катараў), медыцынская і рамонтная аптэчкі, якар, швартавы канат, сігнальныя агні ці ліхтар.

— Ці часта даводзіцца штрафаваць?
— Пакуль толькі папярэджваем. Летась былі ўнесены змяненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, і калі ў чалавека выявілі правапарушэнне першы раз на працягу года, то толькі папярэджвалі. Але пры гэтым складаецца пастанаўленне аб накладанні адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе папярэджання, яно ўносіцца ў адзіную базу. Некаторыя думаюць: вось мінулы раз было папярэджанне і гэты раз камізэльку не апрану, нічога страшнага. Але калі гэта здарыцца зноў на працягу года, папярэджання ўжо не будзе — будзе штраф да трох базавых велічынь.
— Нагадайце, як часта трэба праходзіць тэхнічны агляд маламерных суднаў?
— Для маламерных вяслярных суднаў, з года выпуску якіх прайшло менш за 10 год, — раз у 5 год. Для маламерных суднаў з рухавіком, з года выпуску якіх прайшло менш за 10 год, — раз у 3 гады, для іншых маламерных суднаў і гідрацыклаў, з года выпуску якіх прайшло менш за 10 год — раз у 2 гады. Пры разліках трэба ўключаць год выпуску. Для маламерных суднаў, з года выпуску якіх прайшло 10 і больш год — раз у 2 гады.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.