«Пра нас пішуць»

211

"Пра нас пішуць"ЗНАЁМСТВА з раённай газетай адбылося яшчэ ў раннім дзяцінстве. Самы першы ўспамін, калі мой тата чытае ўголас артыкул пра Надзейку, надрукаваны ў тагачаснай “Савецкай вёсцы”. “Да новых перамог”, “Нарачанская зара” заўсёды былі жаданымі гасцямі ў хаце маіх бацькоў. Не памятаю такога, каб наша сям’я не падпісалася на раёнку.
Непасрэднае супрацоўніцтва з раённай газетай пачалося са жніўня далёкага семдзесят пятага года. Пасля заканчэння вучобы мяне накіравалі на працу ў аддзел культуры. На той час у раёне дзейнічала звыш сотні ўстаноў культуры: бібліятэкі, клубы, музычныя школы, музей. У шэрагу з іх працавалі самаадданыя, творчыя, таленавітыя асобы. На старонках раённай газеты можна было пазнаёміцца з цікавым вопытам людзей, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі менавіта сферы культуры: Соф’і Навумаўны Ходас, Стэлы Станіславаўны Таразевіч, Еўдакіі Іосіфаўны Дзевялтоўскай, Леакадзіі Іосіфаўны Зотавай, Ганны Лукінічны Несцеравай, Маргарыты Фёдараўны Рагіні, Ванды Баляславаўны Малько, Ганны Канстанцінаўны Шмігельскай, Лідзіі Еўцісееўны Курніцкай, Зінаіды Аляксандраўны Балаш, Ніны Пятроўны Клямяціч, Ірыны Іосіфаўны Рымашэўскай, Алены Уладзіміраўны Пляшак, Розы Мікалаеўны Роўды, Клары Сцяпанаўны Фірагі, Ганны Аляксандраўны Валадкевіч, Ірыны Уладзіміраўны Падбярэзскай, Ірыны Іванаўны Бойкі, Вікторыі Гвідонаўны Клямяціч, Людмілы Сяргееўны Мацко, Ірыны Францаўны Ракецкай, Галіны Сцяпанаўны Аксючыц і многіх-многіх іншых. Ганне Пятроўне Захарэвіч было даручана інфармаванне газеты пра навіны культурнага жыцця рэгіёну, з чым яна выдатна спраўлялася.
Асабліва цесным было супрацоўніцтва з тагачаснай загадчыцай аддзела пісьмаў Валянцінай Яфімавай. Хочацца выказаць словы шчырай удзячнасці Валянціне Станіславаўне за “Літаратурную старонку”. Чытачы газеты мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю пачынаючых у той перыяд аўтараў: Мар’яна Дуксы, Міколы Шабовіча, Ігара Пракаповіча, Аляксандра Быкава, Тамары Купрэвіч, Наталлі Капы, Аркадзя Нафрановіча, Міколы Маскевіча, Вячаслава Лапціка і некаторых іншых. Зараз на паліцах бібліятэк можна лёгка адшукаць іх кнігі, а друкавацца многія пачыналі менавіта ў раёнцы.
А колькі аповедаў нарадзілася з-пад пяра Валянціны Станіславаўны ў рубрыцы “Энтузіясты культуры”, у тым ліку і пра мяне! Шчыры дзякуй! Я захоўваю гэтыя артыкулы, паказваю ўнукам. І не толькі гэтыя. У нашым сямейным архіве ёсць газетныя выразкі з фотаздымкамі мужа, сына. Як бачыце, газета не пакінула без увагі нашу сям’ю.
Вяртаючыся да разважанняў пра газету, хачу ўспомніць рубрыку “Біяграфіі нашых вёсак”. У раённай бібліятэцы захоўваецца альбом з артыкуламі з гэтай рубрыкі. Яны знаёмяць з багатай гісторыяй нашых населеных пунктаў, цікавымі людзьмі. Апантаныя краязнаўцы Міхаіл Трафімавіч Чарняўскі і Іван Пятровіч Драўніцкі стваралі гісторыю нашай малой радзімы, адкрывалі раней невядомыя імёны, узгадвалі пра трагічныя падзеі ваеннага ліхалецця, услаўлялі людзей, якімі ганарыцца Мядзельшчына.
Гэтыя артыкулы збіраліся і беражліва захоўваліся бібліятэкамі. На іх аснове ствараліся летапісы гаспадарак, арганізацый, устаноў. Пагартаўшы тэматычныя папкі “Пра нас пішуць”, можна шмат даведацца пра падзеі з жыцця рэгіёну, пра працоўныя поспехі перадавікоў.
І хоць сёння, дзякуючы сучасным тэхналогіям, не так складана знайсці патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце, я не магу абысціся без традыцыйных летапісаў на папяровых носьбітах. “Гісторыя Мядзельскай гімназіі на старонках СМІ” — папкі пад такой назвай экспануюцца на выставе ў бібліятэцы навучальнай установы, у якой зараз працую. Пераважная большасць змешчаных матэрыялаў, вядома ж, са старонак нашай раёнкі. Пра перамогі ў розных конкурсах, поспехі ў вучэбнай і даследчай дзейнасці, цікавыя справы з жыцця гімназістаў перш за ўсіх піша менавіта “Нарачанка”.
Імкліва бяжыць час. Газета мяняе сваё аблічча, на яе старонках з’яўляюцца новыя рубрыкі, прозвішчы аўтараў. З задавальненнем чытаю трапныя замалёўкі Наталлі Лісіцкай, імпануе мне і стыль падачы матэрыялу Інай Ярчак, падабаюцца фотаздымкі Аляксандра Высоцкага. Аддаю перавагу рубрыцы “Людзі Нарачанскага краю,” старонкам “Вытокі”, “Сям’я.”
Я ўдзячна лёсу за супрацоўніцтва і, не пабаюся сказаць, сяброўства з раённай газетай на працягу большай часткі майго жыцця. Амаль трыццаць пяць гадоў мне было даверана ўзначальваць сетку бібліятэк раёна, звыш дзесяці — выконваць ганаровы абавязак старшыні раённага савета жанчын. Усе гэтыя гады мы крочылі па жыцці разам з газетай, якая дапамагала фарміраваць наш імідж, своечасова падмячаючы прыярытэтныя накірункі дзейнасці, адным словам, дапамагала ў штодзённай рабоце. Не было такіх выпадкаў, каб мы не знайшлі ўзаемаразумення з галоўным рэдактарам ці яго шчырым, працавітым намеснікам. Хочацца яшчэ раз сказаць вам вялікі дзякуй за творчую працу і пажадаць раёнцы і надалей заставацца запатрабаванай, змястоўнай, цікавай.
Засталося толькі дадаць, што нашу газету з задавальненнем чытае мая сястра, якая жыве на Пастаўшчыне. Яна глыбока пераканана, што наша раёнка цікавейшая. Хай так і будзе!

Л. НЕСЦЯРОВІЧ.
Пастаянная падпісчыца і чытачка раённай газеты, бібліятэкар гімназіі-інтэрната г. Мядзела.