Подзвігу народа жыць вечна!

136

Подзвігу народа жыць вечна!Вялікая Айчынная вайна — гэта нечуваная ў гісторыі па сваіх маштабах бітва савецкага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Удзел у ёй прымалі як дарослыя, так і дзеці, моладзь і нават пажылыя людзі. Хто змагаўся з ненавісным ворагам на фронце, хто — у падполлі ці ў партызанскім атрадзе, а многія набліжалі Вялікую Перамогу сваёй стараннай працай у тыле. Свабода і незалежнасць Радзімы былі заваяваны цаной незаменных страт. Кожны трэці жыхар Беларусі аддаў сваё жыццё ў імя шчасця і свабоды тых, хто жыве сёння.

У гонар герояў пастаўлены помнікі, названы вуліцы населеных пунктаў. Яскравым увасабленнем велічнага подзвігу народа, здзейсненага ў гады гітлераўскай навалы, з’яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які запрацаваў у Мінску ўжо ў кастрычніку 1944 года. Доўгі час ён знаходзіўся на Ленінскім праспекце. А напярэдадні 70-годдзя вызвалення нашай рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў перамясціўся ў новы будынак на праспекце Пераможцаў. Нядаўна там пабывала група ветэранаў праваахоўных органаў. Сваімі ўражаннямі ад гэтай незабыўнай паездкі падзялілася былая супрацоўніца Мядзельскага РАУС Лілія Грынцэвіч.
— Наведванне музея, лічу, нікога не можа пакінуць абыякавым. Там усё прасякнута духам ваеннай пары, — кажа Лілія Віктараўна. — Мы, дарэчы, там даўно збіраліся пабываць, але ўсё не атрымлівалася. На шчасце, запланаваная паездка ажыццявілася. Усе яе ўдзельнікі, хоць нас было і нямнога, засталіся задаволеныя. Пра музей можна расказваць бясконца. Экспазіцыйныя залы размяшчаюцца на двух паверхах. У фондах — зброя воінаў і партызан, узнагароды, асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі, баявыя сцягі воінскіх фарміраванняў… Асабліва запомнілася трэцяя экспазіцыйная пляцоўка. Яна самая вялікая. Знаходзяцца там танкі (нашы і нямецкія), гарматы. Калі паглядзіш уверх, то пад столлю заўважыш розныя мадэлі самалётаў. Здаецца, зараз паступіць каманда — і яны тут жа адправяцца на чарговае заданне. Там жа знайшлі прыстанак легендарная “саракапятка”, даваенныя аўтамабілі маркі “ГАЗ” — грузавы і легкавы. За рулём апошняга — манекен афіцэра. Дарэчы, манекены зроблены так выразна, што здалёку іх можна прыняць за канкрэтных людзей, якія задзейнічаны на баявых пазіцыях. Ні за што не пройдзеш міма знакамітай “Кацюшы”, якой вельмі баяліся немцы. Заўважыла, што з цікавасцю разглядвалі ваенную тэхніку мужчыны. Шмат было ў гэтай зале і хлопчыкаў, якія падоўгу стаялі каля танкаў і артылерыйскіх установак. На экранах, устаноўленых на сценах, дэманстраваліся эпізоды баёў. Яны міжволі пераносілі нас у тыя далёкія часы, калі вялася крывавая барацьба за свабоду і незалежнасць Радзімы.
— Што яшчэ вам запомнілася? — цікаўлюся.
— Пра ўсё ўбачанае ў музеі коратка не раскажаш. Настолькі багатыя экспазіцыі, вельмі трапна расстаўлены экспанаты. Мне яшчэ запомнілася зала, якая апавядае пра масавую партызанскую і падпольную барацьбу з фашыстамі на тэрыторыі Беларусі і ўдзел савецкіх грамадзян у еўрапейскім руху Супраціўлення. Рэканструяваныя зямлянкі з манекенамі партызан, сані з кулямётам “Максім”, іншая зброя і сёння перад вачамі. Былі там асабістыя рэчы, дакументы, баявыя ўзнагароды многіх народных герояў. У тым ліку вядомага ў Беларусі дзяржаўнага дзеяча, Героя Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы Пятра Машэрава. Усе мы ведаем, што званне Героя Савецкага Саюза Пётр Міронавіч атрымаў за актыўны ўдзел у развіцці партызанскага руху менавіта ў Нарачанскім краі. Адчувала ў душы гонар за нашу краіну, беларускі народ, калі стаяла разам са сваімі калегамі ў велічнай зале Перамогі. Там усё настолькі зроблена з густам, арыгінальна: шкляны купал са Сцягам Перамогі, мармуровыя сцены, на якіх залатымі літарамі ўвекавечаны імёны Герояў Савецкага Саюза, назвы воінскіх злучэнняў, якія вызвалялі нашу рэспубліку ад фашыстаў. У гэтай жа зале мы сфатаграфаваліся на памяць.
Лілія Віктараўна паведаміла, што дадому вярталіся ўзрушаныя ўбачаным. Па дарозе яшчэ доўга мужчыны гаварылі пра ваенную тэхніку, параўноўвалі нашы танкі з нямецкімі, адзначалі арыгінальнасць экспанатаў, якія відавочна перадавалі тагачасную баявую атмасферу і салдацкі дух. Сумесна прыйшлі да высновы, што проста здорава, што такі цудоўны музей ёсць у нашай краіне. Ён — увасабленне бессмяротнага подзвігу народа, здзейсненага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра які ні мы, ні нашы дзеці, ні ўнукі не павінны забываць. Разам з тым, гэта яшчэ і напамінак нашчадкам, як важна берагчы і цаніць мір на зямлі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.