Плылі на байдарцы і зачапіліся за корч — што дазволіла выратавацца сям’і з дзіцем

608

НАПЕРАДЗЕ — лета. Гэта час актыўнага адпачынку, у тым ліку на рэках і азёрах. Каб ён запомніўся і прайшоў з карысцю, важна паклапаціцца пра выкананне элементарных правіл бяспекі. Аб гэтым у рамках рэалізацыі рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат” папярэджвае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вікторыя ВАЙЦЮЛЬЯН:

— Папулярным адпачынкам з’яўляецца апошнім часам сплаў на байдарках. Аднак ён, як і многія іншыя віды забаў, не поўнасцю бяспечны. Нагадвае пра гэта і наступны выпадак.

24 сакавіка каля 15 гадзін у аддзел унутраных спраў райвыканкама паступіла паведамленне пра тое, што пры сплаве на байдарках па рацэ Страча пацярпела дзіця. У ходзе праверкі, праведзенай супрацоўнікамі аддзела, было ўстаноўлена, што сям’я з трох чалавек (бацька, маці і сямігадовае дзіця) у складзе арганізаванай групы “Клуб аматараў сплаву на байдарках” адправіліся ў воднае падарожжа. Падчас сплаву, як расказалі яго ўдзельнікі, трохмесная байдарка, дзе было дзіця, зачапілася за корч, які тырчаў з вады, стала напаўняцца вадой і праз некаторы час перакулілася. Усім удалося выратавацца: на іх былі зашпілены выратавальныя камізэлькі.

Выбраўшыся з вады, людзі пераапрануліся ў сухое адзенне, якое было пры іх у герметычных пакетах. Дзіця было дастаўлена ў Мядзельскую цэнтральную раённую бальніцу для абследавання.

Парушэнняў у ходзе праве­дзенай праверкі не выяўлена. Група турыстаў была зарэгістравана. Перад адпраўленнем у воднае падарожжа на байдарках яго ўдзельнікі прайшлі інструктаж па тэхніцы бяспекі. Акрамя таго, кожны меў пры сабе ўсё неабходнае для бяспечнага сплаву.

Прыведзены прыклад паказвае, што падчас адпачынку, у тым ліку на рэках, азёрах, нельга ігнараваць правілы паводзін на вадзе. Веданне іх якраз і дапаможа правесці вольны час з карысцю і задавальненнем. А яшчэ і пазбавіцца ад магчымых непатрэбных праблем.

Напярэдадні летніх канікул хачу парэкамендаваць бацькам быць пільнымі. Не пакідайце непаўналетніх без нагляду. Нагадвайце сынам і дочкам пра меры бяспекі на дварэ, дома, на дарогах, у лесе, на вадзе. Давайце разам зробім лета цікавым і карысным, накіраваным на аздараўленне і ўзнаўленне сіл нашых дзяцей!

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.