Паслугі пошты значна пашырыліся

80

Паслугі пошты значна пашырылісяСУЧАСНАЕ жыццё насычана новаўвядзеннямі і рознымі тэхнічнымі дасягненнямі. Ці ўплываюць яны на работу паштовай сувязі і якім чынам? Ці становіцца дзейнасць этай галіны больш простай і даступнай? Адказ на гэтыя пытанні якраз і дасць прапанаваная ніжэй гутарка з намеснікам начальніка раённага вузла паштовай сувязі І. Л. МАСЕВІЧ:

— Так, вядома, тэхнічны прагрэс імкліва ўвашоў і ў жыццё работнікаў паштовай сувязі. З’явіліся новыя віды паслуг: паскораная пошта, паштовы кур’ер, электронны грашовы перавод, “электронная марка” і некаторыя іншыя.— Ірына Леанідаўна, раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра кожны з відаў новых паслуг. Давайце пачнём нашу размову з тлумачэння тэрміну “паскораная пошта”.

— Паскораная пошта — гэта найбольш хуткая з паштовых службаў, якая дазваляе ў самыя кароткія тэрміны дастаўляць паштовыя адпраўленні з укладаннем дакументаў і тавараў адрасатам як унутры краіны, так і па ўсім свеце. Прычым прыём адпраўленняў ажыццяўляецца ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі, на даму ці ў офісе ў зручны для кліентаў час па даступных тарыфах. Унутраная паскораная пошта прадугледжвае дастаўку “сёння на заўтра” і “сёння на сёння”. Перавагі міжнароднай — гэта дастаўка карэспандэнцыі ў больш чым 200 краін і тэрыторый свету, прадастаўленне паслуг мытнага агента, прыярытэт на ўсіх этапах апрацоўкі.

— А што ўяўляе сабой паслуга “паштовы кур’ер”?

— Гэта прыём і ўручэнне ўсіх відаў паштовых адпраўленняў у офісах і на даму. Ёсць “эканом-клас”, калі выезд паштовых работнікаў ажыццяўляецца на працягу дня, “эліт-клас” — у вызначаны час, і “оптыма” — на працягу дня, пры прыёме заяўкі да 12 гадзін.

— Ірына Леанідаўна, Вы назвалі такую паслугу як “электронная марка”.

— “Электронная марка” — новая сістэма аплаты паштовых адпраўленняў. Яе прымяненне падчас высылкі простых і заказных пісьмаў дазволіць сэканоміць час. Каб скарыстацца ёю, патрэбна зарэгістравацца на сайце РУП “Белпошты” www.belpost.by. Пасля чаго можна самастойна раздрукоўваць марку на адпраўленне. Каб адаслаць карэспандэнцыю, нават не трэба пакідаць дом ці офіс, дастаткова выклікаць паштовага кур’ера. Дарэчы, прыём простых і заказных пісьмаў, аплочаных “электроннымі маркамі”, ажыццяўляецца ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі, у тым ліку і ў нас.

— Ужо не першы год аддзяленні паштовай сувязі аказваюць такую паслугу, як “электронны перавод”. Ці запатрабавана яна на Мядзельшчыне? Якія перавагі мае электронны перавод перад звычайным?

— Хачу падкрэсліць, што ў нашым раёне такая паслуга запатрабаваная і людзі ахвотна ёй карыстаюцца. Па-першае, ёй уласцівы хуткасць і гарантаванасць перасылкі грашовых сродкаў. Па-другое, ахопліваюцца ўсе населеныя пункты рэспублікі. Па-трэцяе, унутраныя грашовыя электронныя пераводы прымаюцца без абмежавання перасылаемай сумы. Па-чацвёртае, яго можна адпраўляць з дадатковымі паслугамі: з дастаўкай, з пісьмовым паведамленнем, паведамленнем аб атрыманні.

— Якія яшчэ новыя паслугі можа аказваць “Белпошта”?

— Гэта “прамая паштовая рэклама” і “каталог тавараў беларускіх вытворцаў”. У першай з іх рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства прапануе: рассылку рэкламы адрасным ці безадрасным спосабам; падбор адрасоў для рассылкі, шырокі выбар канвертаў, рассылку па даступных тарыфах, сістэму скідак, канфідэнцыяльнасць і самыя кароткія тэрміны рассылкі. Атрымаць рэкламна-інфармацыйны матэрыял можна ў аператараў паштовых аддзяленняў. Змяшчаецца ён таксама на інфармацыйных стэндах, на сталах у зале для кліентаў. У другой — дапамагае знайсці пакупніка прадукцыі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Дадзеная паслуга прадугледжвае размяшчэнне тавараў у каталогу тавараў беларускіх вытворцаў і ў яго электроннай версіі, размешчанай на сайце:www.belpost.by /services/cataloq-towarow/.

— Ірына Леанідаўна, як бачна, навукова-тэхнічны прагрэс і, у прыватнасці, камп’ютарызацыя ўнеслі карэктывы і ў работу паштовай сувязі. Толькі вось цікава, ці адлюстравалася гэта акалічнасць на выкананні вельмі папулярнай у мінулым паслузе, як разноска пісьмаў. І, наогул, ці шмат цяпер людзі пішуць адзін аднаму?

— Такая паслуга, вядома, захавалася. Людзі па-ранейшаму пішуць адзін аднаму лісты, і такую цудоўную форму зносін між імі, лічу, нішто не заменіць. Толькі, карыстаючыся выпадкам, хачу нагадаць, што ў 1997 годзе Беларусь перайшла на новы парадак адрасавання, які адпавядае міжнародным правілам. Зараз напачатку ўказваецца прозвішча, імя і імя па бацьку, затым — вуліца, дом, кватэра, ніжэй — паштовы код (індэкс), населены пункт, раён, вобласць і краіна. Адрас атрымальніка ўказваецца ў правай ніжняй частцы канверта, а адпраўшчыка — уверсе злева. Правільна ўказаны індэкс значна аблягчае аўтаматызаванае сартаванне пісьмаў. На хуткасць дастаўкі карэспандэнцыі можа паўплываць любая неразборліва напісаная лічба альбо літара. А таму раю ўсім, хто піша пісьмы, акуратна запаўняць канверт і правільна ўказваць адрас.

Гутарыла

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.