Парады татам дае псіхолаг

18

ЧАЛАВЕЦТВУ добрыя мужчыны патрэбны яшчэ больш, чым вялікія. Так сказаў
у свой час італьянскі дзіцячы пісьменнік Джані Радары. Словы гэтыя паказваюць вялікую ролю прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва як у грамадстве ўвогуле, так і ў сям’і. Пра асобу таты разважае псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Мядзельскага ТЦСАН Таццяна ТАНАНА:

— Дзіцяці ў сям’і неабходны як жаночая, так і мужчынская ўвага. Маці, як правіла, уздзейнічае на малога пяшчотай і дабрынёй. Яна выконвае вялікую ролю ў выхаванні гуманістычных рыс характару. А вось фарміраванне ў дзіцяці мэтанакіраванасці, настойлівасці, смеласці — гэта клопат таты. На самай справе мужчынскія адносіны да свету, да свайго абавязку, правільнае разуменне месца ў жыцці, урэшце, рыцарства, здольны даць хлопчыку менавіта тата — уласным прыкладам.

Важная роля бацькі ў падрыхтоўцы дзяцей да сямейнага жыцця. Менавіта ў яго сын вучыцца быць сапраўдным мужчынам, а потым мужам і татам. Дачушка ж, параўноўваючы знаёмых хлопцаў з бацькам, прад’яўляе да іх пэўныя патрабаванні і хоча бачыць будучага выбранніка падобным на тату.

Дзеці ўсё заўважаюць і многае засвойваюць. І, найперш, надзейнасць, чуласць у адносінах да іх саміх, а таксама да маці, бабулі, імкненне раздзяліць з блізкімі дамашнія клопаты, зрабіць сямейнае жыццё больш цікавым і шчаслівым. Галоўнае — не спазніцца, літаральна з першых дзён выхоўваць і ў сябе, і ў дзіцяці патрэбу як мага больш часу праводзіць разам.
Трэба заваяваць давер сына, дачкі. Яны павінны самі расказваць пра сябе, пра свае думкі і таямніцы, задаваць хвалюючыя пытанні. Аднак гэта магчыма толькі тады, калі вы самі пойдзеце ім насустрач: паведаміце пра справы на працы, чым займаліся, што паспелі зрабіць за дзень, падзеліцеся клопатамі і задумкамі. Гаварыце з імі пра сямейныя праблемы і планы на выхадныя, пра кнігу, якую прачыталі, пра фільм, што паглядзелі. Не думайце, што дзеці нічога не зразумеюць. Важна, што яны адчуюць, што вы з імі шчырыя, звяртаецеся да іх як да дарослых. Часцей пытайцеся: што новага адбылося? у што гулялі? хто перамог? Цікаўцеся сябрамі, учынкамі. Не сячыце з пляча: маўляў, што за песні спяваеце, не тым займаецеся! Успомніце, якімі самі ў іх узросце былі, што вам падабалася. І ці заўсёды былі вамі бацькі задаволены?
У некаторых сем’ях сочаць за кожным крокам дзіцяці. Тата нярэдка забараняе гуляць у шумныя гульні, патрабуе строгага выканання распарадку дня. А калі заўважыць беспарадак на стале для заняткаў, дык увогуле праблема. Не трэба ісці на крайнасці. У выхаванні павінна быць мера. Каб дзіця паводзіла сябе спакойна ў школе, яму неабходна разраджаць энергію дома. Цеплыня, спакой, утульнасць у сям’і ў многім залежаць ад матулі, а душэўны стан блізкіх — ад мужа, бацькі. Не забывайце, што дзяўчынак неабходна хваліць заўсёды, а хлопчыкаў — за вынік. І тады ў вас ўсё атрымаецца!
Памятайце: гонар за сваіх бацькоў — гэта маральны фундамент для ўзлёту асобы дзіцяці. Сорам за матулю і тату — гэта цяжар на сэрцы, які не дазваляе сыну, дачцэ набраць вышыню.

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.