Пакуль жывём — павінны памятаць

87

Пакуль жывём -- павінны памятацьЁСЦЬ раны, якія ніколі не загояцца. Менавіта такія нанесены нашаму народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ахвярамі захопнікаў станавіліся і мірныя жыхары. Не абышла бяда і многія населеныя пункты азёрнага краю.

У мінулую пятніцу ля помніка ахвярам фашызму вёскі Шкленікова сабраліся кіраўнікі раёна, сельскіх выканаўчых камітэтаў, прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі. Гучыць сумная, шчымлівая музыка. Да мікрафонаў падыходзяць вядучыя — Кацярына Якубоўская і Аляксей Яфімаў — і пачынаюць мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці ахвяр гэтага населенага пункта. Ідзе аповед пра жудасныя падзеі сямідзесяцігадовай даўніны, якія пераносяць прысутных у 26 верасня 1943 года, калі густы ланцуг салдат і паліцэйскіх рушыў з боку Княгініна да непрыметнай лясной вёсачкі. Людзі, пачуўшы такую звестку, пачалі хавацца ў балоцістай мясціне пад Няверамі.У вёсцы засталіся толькі старыя, хворыя, інваліды. Карнікі сагналі ўсіх у будынак Рамана Місуны, забаранілі выходзіць. А раніцай 27 верасня фашысты пачалі “сартоўку”: старых, хворых, хто моцна плакаў, сабралі ў адно месца, астатніх далучылі да калоны нявольнікаў, якіх збіраліся вывезці на катаржныя работы ў Германію. Людзей, якія засталіся, развялі па хлявах і гумнах па некалькі чалавек і расстралялі з аўтаматаў. У хляве Віктара Аляксеевіча Чарняўскага забілі Аляксандра, Кацярыну, Аўдоццю Чарняўскіх, Ілью Малько. Да будынка школы прывялі Адама Грышкевіча, які паскардзіўся на холад. “Хутка сагрэешся!”, — усміхнуўся гітлеравец і прашыў яго аўтаматнай чаргой. Пасля на яго паклалі дровы і падпалілі. Так… і сагрэлі… Пад печ схавалася ў сваёй хаце Хрысціна Малько, якая з дзяцінства была інвалідам. Яна загінула ў страшэнных пакутах — была спалена жывою. Не пашкадавалі фашысты і Ксеню Глінскую з дачкой Юзэфай, якія вярталіся са Скарадоў, забілі абедзвюх. Пасля крывавай расправы гітлераўцы спалілі вёску — 58 дамоў, гаспадарчыя пабудовы.

Пакуль жывём -- павінны памятацьСлова мае старшыня раённага Савета дэпутатаў А. А. Бароўка:

— Другая сусветная вайна каштавала 55 мільёнаў жыццяў. 27 мільёнаў з іх — гэта жыцці мірных жыхароў — жанчын, старых, дзяцей. Расстрэлы, жорсткія катаванні, спальванне жывымі — асноўныя злачынствы германскага фашызму, яго ідэалогіі, узброеных сіл. Жыхары Мядзельскага раёна добра зведалі зверствы ворагаў. 68 вёсак спалілі за час акупацыі захопнікі. 350 жыхароў былі зверскі знішчаны ворагамі. Не стэлы і абеліскі адлюстроўваюць мінулае, а сама гістарычная памяць народа, якая павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. Менавіта для гэтага мы і сабраліся сёння тут. На жаль, і ў XXI стагоддзі чалавецтва не забылася, што такое войны, канфлікты, сутыкненні, развязаныя сіламі зла і насілля. А таму вельмі важна захаваць памяць пра кожнае такое месца трагедый.

Выступае старшыня Сваткаўскага сельскага выканаўчага камітэта В. У. Хацяновіч:

— Вайна ўнесла карэктывы ў жыццё насельніцтва Мядзельшчыны. Хто змагаўся з ворагамі на фронце, хто ў партызанскіх атрадах. Хапіла цяжкасцей, пакут і мірным жыхарам. 16 чалавек са Шкленікова былі спалены і расстраляны фашыстамі. Але не толькі гэты населены пункт 27 верасня 1943 года напаткаў такі лёс. А яшчэ і 7 іншых вёсак — Брусы, Лужы, Мацкі, Новікі, Наўрані, Даўжані, Андрэйкі. Усе яны адрадзіліся нанова і вярнуліся да жыцця. Мы ў даўгу перад мужнымі абаронцамі Айчыны за тое, што маем магчымасць працаваць, гадаваць дзяцей, унукаў і проста жыць.

Да помніка ахвяр фашызму Шкленікова ўскладаюцца кветкі і вянкі. Аб’яўляецца хвіліна маўчання. Яна — даніна павагі ўсім, чые жыцці забрала вайна.

Затым прысутныя накіроўваюцца ў вёску Брусы, якая таксама ў дваццаць сёмы дзень верасня была спалена фашыстамі. У вогнішчы загінулі 22 жыхары, а на месцах былых хат засталіся толькі коміны. Сёння аб трагедыі нагадвае абеліск, а таксама брацкая магіла, у якой пахаваны 41 жыхар гэтай, а таксама вёсак Лужы, Заазер’е і хутара Гаць. Мітынг-рэквіем, прысвечаны 70-годдзю Дня памяці ахвяр фашызму Брусоў, пачынаецца. Чуюцца галасы вёскі: спеў пеўня, рыканне каровы, скрып калодзежа, шум рэчкі, дрэў.., якія раптоўна змяняюцца гукамі вайны: крыкамі дзяцей, плачам жанчын, ровам самалётаў, жудаснымі выбухамі, размовай немцаў… Жанчына ў чорным убранні, а гэта вядучая Аксана Вязевіч, на пачутыя гукі рэагуе так, нібыта ўсё бачыць сваімі вачамі. Зноў гучаць галасы: дзіцяці: “Не трэба, дзядзечка, не палі”, “мамачка, горача, горача, матуля” і жанчыны: “Усё, сынку, пацярпі крыху, скора ўсё скончыцца. Усё, сынку”. Чуцен трэск вогнішча, які паступова змаўкае і пераходзіць у мелодыю, пад якую дзяўчынкі ў чорным убранні з запаленымі лампадкамі выконваюць харэаграфічны нумар, сімвалізуючы трагедыю і людскую памяць, якая вось ужо 70 год гарыць, палае ў душах і свядомасці людзей. Не дазваляе забыцца пра мінулае, стукае ў сэрца, сціскае яго болем за тых, хто жыў і працаваў на гэтай зямлі і загінуў.

На ўсё жыццё захавала ў памяці падзеі той 70-гадовай даўніны Галіна Уладзіміраўна Балаховіч.

— Гэта трагічная гісторыя, — расказвае яна, — пачалася 16 лютага 1943 года. Мы, дзеці, гулялі на вуліцы. Раптам у небе раздаўся нейкі гул. Дзед Лявон кажа: “Глядзіце, гэта эраплан”. Усе паднялі галовы ўверх. Два самалёты спусціліся нізка і пачалі страчыць з кулямётаў па стрэхах хат, па вокнах. Жыхары паразбягаліся, хто куды. Гэта працягвалася нядоўга. Праз некаторы час прыляцела шмат самалётаў і пачалася бамбёжка. Былі і першыя ахвяры. Сталі палаць хаты. Анэля Сцяпанкава, заламіўшы рукі, крычыць, жудасны плач вырываецца з яе грудзей. Просіць жанчына паратунку: яе хата гарыць, а там — дзеці. Людзі бягуць у лес, у поле, хаваюцца ў канавы, а кулі свішчуць над галавой. Многім з іх прытулак далі вяскоўцы з суседніх населеных пунктаў… А 27 верасня, на вялікае праваслаўнае свята Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга, прыйшлі карнікі ў вёску. Сагналі людзей. Адабралі маладзейшых, дужых і пагналі ў рабства на нямеччыну. А старэйшых з дзецьмі сабралі ў ток, дзе было многа збажыны, сена, закрылі дзверы на замок, паставілі паставых. Затым абліліПакуль жывём -- павінны памятаць бензінам і падпалілі. Вестка пра трагедыю разляцелася далёка. Людзі, што ўцалелі, пачалі вяртацца на папялішча, шукаць сваіх. Ганна Тачыцкая пазнала маці і бацьку па вялікім медным кубку. Другая дзяўчына знайшла абгарэлую кішэнь ад сярмягі, дзе была нізка ключоў, якія насіў яе тата… А мая мама сваю маму не знайшла… Косці, попел сабралі і пахавалі ў брацкай магіле… Цяжка такое ўспамінаць, але забываць не трэба. Каб стаць моцнымі, дужымі. Будзем прасіць у Бога абараніць нас, нашу зямельку беларускую ад новых пакут і ахвяр. Будзем працаваць, вучыцца, любіць і паважаць адзін аднаго, каб зберагчы мір і шчаслівае жыццё на зямлі.

Слова мае старшыня раённага выканаўчага камітэта І. І. Шацько:

— Цяжка ўсведамляць пачутае. Але трэба ведаць сваю гісторыю, памятаць яе і перадаваць з пакалення ў пакаленне — дзецям, унукам. Дзве вайны прайшлі праз Мядзельскую зямлю. Тут прымянялася хімічная зброя ў Першую сусветную, зверствавалі фашысты ў Вялікую Айчынную, бо наш народ гераічна змагаўся з захопнікамі. Сёння наша краіна — адна з самых міралюбівых дзяржаў. Мы бачым па тэлевізары, чытаем у прэсе, што робіцца ў свеце. А таму нельга забываць сваё мінулае. Трэба пранесці ў сваім сэрцы памяць аб ім, каб аберагаць сваю краіну, захоўваць мір і спакой на зямлі.

Ад імя ўдзельнікаў вайны выступае Міхаіл Гершэнавіч Гардон. Ён заклікае памятаць, якой дарагой цаной дасталася перамога, колькі ахвяр, у тым ліку і ні ў чым невінаватых людзей, прынесена на яе алтар. А таму стараннай працай, вучобай трэба прымнажаць багацці роднай Беларусі, ствараць дастойнае грамадства.

Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый ускладаюць кветкі да помніка загінуўшых і да мемарыяла. Да прысутных звяртаецца благачынны цэркваў Мядзельскай акругі протаіерэй Ігар Шалуха. Айцец Ігар падкрэсліў, што мы жывём за тых, хто прынёс сябе ў ахвяру, загінуў за свабоду роднай зямлі. Вечная ім памяць! Гучыць метраном. Аб’яўляецца хвіліна маўчання. У гонар тых, хто жыў, працаваў, радаваўся жыццю, марыў, а пасля быў неспадзявана зверскі забіты ці спалены жывым у агні. Да месца было і выступленне чытальнікаў з ліку вучняў. Пранікнёным было і выступленне в. а. першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Кацярыны Якубоўскай, якая запэўніла, што маладое пакаленне будзе шанаваць мінулае сваёй краіны і ганарыцца ім.

Дарэчы, аддаць даніну павагі і пашаны спаленым 27 верасня 1943 года разам з вёскай жыхарам Новікаў адправілася дэлегацыя ў складзе старшыні Сваткаўскага сельвыканкама В. У. Хацяновіч, культработнікаў, вучняў і настаўнікаў Сваткаўскай сярэдняй школы.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. Выступае сведка падзей Г. У. Балаховіч; 2, 3. Удзельнікі мітынгу-рэквіема ў Шкленікове.

Фота Аляксандра Высоцкага.