“Паклонімся вялікім тым гадам”

187

resize-of-dsc04879НАПЯРЭДАДНІ слаўнага юбі­лею над гарадамі і вёскамі краіны залуналі сцягі, гонар якіх на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах мужна адстаялі нашы бацькі і дзяды. Грандыёзнае абласное мерапрыемства «Паклонімся вялікім тым гадам», прысвечанае 65-годдзю Перамогі, адбылося 8 мая і ў Маладзечне. Сюды, да гарадскога Палаца культуры, сабраліся прад­стаўнікі з усіх рэгіёнаў Міншчыны. У тым ліку і дэлегацыя з Мя­дзельшчыны, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Аляксандр Іванавіч Даніленка. Галоўнымі гасцямі свята былі, безумоўна, ветэраны Вялікай Айчыннай. Тыя, каму мы сёння ў многім абавязаны існаваннем нашай незалежнай і суверэннай дзяржавы. Іх шчыра ўшаноўвалі, уручалі кветкі і падарункі, выказвалі на працягу ўсяго мерапрыемства сардэчную ўдзячнасць.

А распачалося яно з цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да мемарыяльнага комплексу ў гарадскім парку. Першымі памяць загінуўшых у гады вайны ўшанавалі наш губернатар Леанід Фёдаравіч Крупец, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Мінскай вобласці Мікалай Міхайлавіч Іванчанка, члены аблвыканкама, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Святлана Міхайлаўна Герасімовіч, за імі — дэлегацыя ветэранаў Вялікай Айчыннай, старшыні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, моладзь. З парку ўсе вярнуліся на плошчу ля Палаца культуры, дзе духавыя аркестры resize-of-dsc04915Міншчыны далі бадзёры марш-парад, што значна дабавіла шматлікім удзельнікам свята настрою і ўзнёсласці. Адсюль дэлегацыі і накіраваліся ў глядзельную залу ўстановы культуры на ўрачысты сход.

Пад марш ваеннага аркестра ўносіцца Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Ганаровыя Дзяржаўныя сцягі Рэспублікі Беларусь, якімі сталічная вобласць заахвочвалася двойчы, сцяг Мінш­чыны. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Вядучыя прадстаўляюць слова старшыні абласнога выканаўчага камітэта Л. Ф. Крупцу.

Як адзначыў Леанід Фёдара­віч, усё далей адыходзяць у гісторыю гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны сталі суровым выпрабаваннем для ўсіх пакаленняў нашых людзей. У гэтай вайне цесна пераплялося гераічнае і трагічнае, у ёй савецкі народ зведаў горкія паражэнні і вялікія перамогі. Гэта была рашучая схватка з самым моцным і самым бязлітасным за ўсю шматвяковую айчынную гісторыю ворагам. Кулі і снарады, міны і бомбы ляцелі не толькі ў непасрэдных удзельнікаў вайны, але і ў цяперашнія пакаленні. Вось чаму патрыятычны, духоўны і маральны дух Вялікай Перамогі для нас і наступных пакаленняў з’яўляецца святыняй і крыніцай нацыянальнага гонару і славы.

Ёсць шмат адметных дат у на­шай гісторыі. Аднак 9 мая 1945 года мае асаблівае значэнне. Гэты дзень стаў кропкай адлі­ку новай эпохі ў лёсах многіх краін і народаў свету, сімвалам свабоды і незалежнасці. Развязваючы крывавую вайну супраць Савецкага Саюза, германскі фашызм разлічваў на хуткую перамогу. Аднак вораг пралічыўся. Свяшчэнная абарона Айчыны набыла ўсенародны характар. Руіны беларускіх гарадоў і вёсак стралялі ва ўпор. Таму фашысцкія акупанты не ведалі спакою ні днём, ні ноччу. Міншчына стала адным з цэнтраў партызанскай барацьбы супраць захопнікаў. У перыяд акупацыі на яе тэрыторыі дзейнічалі тры буйныя злучэнні, 45 брыгад, у якіх налічвалася 55 тысяч партызан. У грозных бітвах вайны з асаблівай сілай праявіліся патрыятызм, масавы гераізм і мужнасць, высокая грамадзянскасць і адказнасць. Звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 80 ураджэнцаў і жыхароў вобласці. Вялікі атрад франтавікоў, добраахвотнікаў адзначаны баявымі ордэнамі і медалямі. Гэтыя людзі, як маг­лі, прыбліжалі Перамогу. Мы павінны ведаць і цаніць подзвіг герояў вайны, з вялікай павагай адносіцца да тых, хто сёння жыве сярод нас. Дарога жыцця кожнага ветэрана з’яўляецца прыкладам для нас і будучых пакаленняў суайчыннікаў.

resize-of-dsc04895І пакуль стукаюць нашы сэрцы, запэўніў Л. Ф. Крупец, бу­дзе жыць памяць пра вас, дарагія салдаты Перамогі. Вечная памяць тым, хто склаў сваю галаву ў баях з фашызмам, хто памёр ад франтавых ран у мірны час. Па прапанове Леаніда Фёдаравіча ўсе прысутныя ўшанавалі іх памяць мінутай маўчання…

Па агульным узроўні экана­міч­нага развіцця вайна адкінула Міншчыну на шаснаццаць год назад. Аднак дзякуючы жыццёвай энергіі яе жыхароў, масаваму энтузіязму, самаадданай працы паўставалі з руін гарады і вёс­кі, фабрыкі і заводы. За патрыятызм, мужнасць і стойкасць у га­ды Вялікай Айчыннай, поспехі, дасягнутыя ў станаўленні і раз­віцці народнай гаспадаркі, сталічная вобласць была ўзнагароджана двума ордэнамі Леніна. Агульныя клопаты, калектыўная праца аб’ядноўвалі лю­дзей у высакародным памкненні па далейшым росквіце Айчыны, прымнажэнні свайго дабрабыту. Здавалася, так будзе заўсёды. Але ў канцы мінулага стагоддзя ў сувязі з распадам СССР пачаўся пераход да новай мадэлі ўладкавання дзяржаўнасці і гаспадарання. Гэта стала для народа яшчэ адным сур’ёзным выпрабаваннем. Яно патрабавала каласальных намаганняў кіраўніцтва краіны, органаў улады на месцах, суб’ектаў гаспадарання, працоўных калектываў па пераадольванні дапушчанага ў гэты перыяд экана­мічнага спаду. І хаця даводзілася няпроста, удалося мадэрнізаваць вытворчасць, аднавіць разбураныя ганд­лёва-эканамічныя сувя­зі. Сёння нашы тавары экспар­туюц­ца ў 130 краін свету, што забяспечвае поўную занятасць насель­ніцтва, стварае аснову для развіц­ця вытворчасцей. Не зважаючы на часовыя цяжкасці ад негатыўных з’яў сусветнай эканомікі, летась забяспечана выкананне ўсіх сацыяльных праграм. Ды і сё­лета асігнаванні ў бюджэтную сферу і на фінансаванне мера­прыемстваў па сацыяльнай абароне насельніцтва вызначаны ў суме амаль у два трыльёны руб­лёў, што складае 52 працэнты ад агульных расходаў. Значныя сродкі накіроўваюцца на мадэрнізацыю і аснашчэнне аб’ектаў аховы здароўя, забеспячэнне сацыяльных стандартаў у сферы адукацыі, культуры, фіз­культуры і спорту. І гэта, натуральна таму, што чалавек, яго дабрабыт і патрэбы складаюць аснову сацыяльнай палітыкі дзяржавы, якую праводзіць наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

У нас свята захоўваецца памяць пра абаронцаў Айчыны і вялізныя ахвяры, прынесеныя імі ў імя Перамогі. Ніколі не пацьмянее гераічны подзвіг Мікалая Гастэлы і Васіля Каржа, Пятра Купрыянава і Алены Мазанік, многіх іншых удзельнікаў бітваў з ненавісным ворагам. Дзякуючы іх мужнасці, патрыятызму, тысячам такіх як яны смельчакоў, мы цяпер маем магчымасць мірна жыць і працаваць, выхоўваць сваіх дзяцей і ўнукаў. І дай Бог, каб ніхто і ніколі не зведаў больш жахаў вайны!

На жаль, у некаторых сродках масавай інфармацыі праглядваецца спроба прынізіць заслугі савецкага народа ў разгроме фашызму. Аўтары гэтых фальшывак насаджаюць свой, нічым не падмацаваны пункт погляду. Іх не цікавяць факты, меркаванні відавочцаў, гістарычныя даследаванні. Гэта, мякка кажучы, амаральна. Калі разбураны помнік можна аднавіць, то злыя словы раз’ядаюць душы людзей, страўліваюць паміж сабой цэлыя народы. Такое «пераасэнсаванне» гісторыі асабліва небяспечна ў справе выхавання маладых грамадзян, якім у разрэз са здаровым сэнсам, імкнуцца прывіць непрыхільныя нашаму нацыянальнаму характару каштоўнасці, выбіць з памяці ўсё слаўнае ў нашай гісторыі. А без павагі да сваіх мі­нулых перамог, дастойнага шанавання тых, хто ад­даў жыццё ў суровых бітвах, мы асу­джаны на паражэнне ў будучым.

«У гэтыя светлыя і радасныя дні, — заключыў Л. Ф. Крупец, — мы прасякнуты асаблівым пачуццём удзячнасці да ўсіх, хто прынёс на нашу зямлю свабоду, падараваў радасць мір­най працы дзеля дабрабыту роднай краіны. Гэта, перш за ўсё, ваша свята і ваша Вялікая Перамога, дарагія на­шы ветэраны і ўдзельнікі вайны! І самыя шчырыя словы ўдзячнасці, самыя найлепшыя пажаданні мы адрасуем вам, нашы дарагія бацькі, нашы дарагія дзяды. Дай Бог, каб у вашым жыцці было ўсё самае добрае, самае светлае…».

Не магло не запомніцца і эмацыянальнае выступленне старшыні абласной ветэранскай арганізацыі, Героя Сацыялістычнай Працы, Ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці А. І. Слабады. Аляксандр Іванавіч акцэнтаваў увагу на тым, што беларускі народ разам з Чырвонай Арміяй прыняў першы страшэнны бой з фашыстамі 22 чэрвеня 1941 года. Ён не скарыўся ворагу, а дружна паўстаў на барацьбу з ненавісным ворагам. Зброю ўзяў у рукі і стогадовы дзед Талаш, і зусім юны Марат Казей. 1418 дзён ліліся слёзы і кроў, аднак, як бы не было складана і цяжка, старэйшае пакаленне зрабіла ўсё, каб разгра­міць карычневую чуму. Беларусы, разам з іншымі народамі Савецкага Саюза, выратавалі ад яе ўсю Еўропу…

За значны асабісты ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі губернатар Л. Ф. Крупец уручыў на свяце Ганаровыя граматы Савета Міністраў намесніку старшыні Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў В. Р. Бахановічу і старшыні Смалявіцкай раённай арганізацыі ветэранаў Г. І. Чачоткінай. А потым разам з галоўным рэдактарам газеты «Мінская праўда» М. П. Літвінавым — каштоўныя падарункі і кнігу «Салдаты Перамо­гі» шэрагу ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, героям гэтага выдання. Дарэчы, падрыхтавана і выдадзена гэта кніга напярэдадні слаўнага юбілею журналістамі абласной газеты. Урачыста прайшла і цыры­монія прыёму самых лепшых прад­стаўнікоў маладога пакалення ў члены БРСМ і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. А завяршылася свята цудоўным канцэртам аматарскіх калектываў з розных куткоў Міншчыны. Бурна апладзіравала зала і М. Г. Гардону, які годна прачытаў са сцэны ўрывак з паэмы Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін».

Павел ЖУКАЎ.