Пад ветразем – па Нарачы

73

Пад ветразем – па НарачыНЕ РАЗ апошнім часам даводзілася бачыць, як лунае летняй парой над Нараччу белы ветразь. Карціна, пагадзіцеся, прывабная. Асабліва для шматлікіх гасцей Нарачанскага краю, якія прыязджаюць сюды на адпачынак. І пры жаданні за памяркоўную плату могуць пракаціцца на яхце па азёрнай акваторыі. Прадастаўляе такую паслугу Аляксандр Мікалаевіч Таляронак. З гаспадаром яхты сустрэўся па дамоўленасці ля Нарацкай выратавальнай станцыі. Яго прыгажуня, прышвартаваная ля пантоннага “пірса”, падобная была на вялікую белую птушку, якая вось-вось расправіць крылы… Пакуль падышла чарговая партыя адпачываючых, паспелі пагутарыць. А яшчэ і пракаціў гаспадар па воднай гладзі. Уражанні, паверце, цудоўныя!— Тры гады таму распачаў індывідуальную працоўную дзейнасць на возеры Нарач, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Катаю адпачываючых у здраўніцах, а яшчэ здаю яхту на пракат, калі чалавек умее ёй кіраваць. А зацікавіўся яхтамі яшчэ 30 год таму, як пераехаў у Мядзел. Раней у мяне была маленькая яхта, якая называлася “Прамень”, а цяпер вось набыў большую. Удзельнічаю ў рэгатах, у тым ліку ў міжнародных спаборніцтвах. З’яўляюся членам федэрацыі паруснага спорту горада Мінск. Даводзілася быць у Францыі, Польшчы. Пазалетась наш экіпаж у класе яхт 27 футаў заняў 1-е месца ў рэгаце, якая праходзіла ў Польшчы на Мазурскіх азёрах.

Ёсць у Таляронка задума разам з сынам Мікалаем адкрыць уласную “фірму”. Падалі ўжо заяўку на будаўніцтва яхтклуба, для гэтай мэты будзе выдзелены ўчастак непадалёку ад выратавальнай станцыі.

Клопату, канечне, хапіла, — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. — Нават з Акадэміі навук прывозіў спецыялістаў, каб выбралі месца. Засталося цяпер афор¬міць дакументы на рэгістрацыю таварыства, каб займець адпаведны статус. А задача наступная: паставіць гэты бізнэс на шырокую нагу і адначасова даць штуршок развіццю на Нарачы паруснага спорту. Каб тыя ж рэгаты праводзіліся з прыцягненнем замежных спартсменаў. Летась, як гасцявалі палякі, пацікавіліся: “А дзе астатнія ях¬ты?!” А ў нас фактычна адна і ёсць. Вось як адсталі ў гэтай справе.

Пакуль жа яхта Таляронка ў адзіноце курсіруе па Нарачы. Бярэ на борт 6 чалавек. Дарэчы, каб яе акупіць пры існуючым попыце, патрэбна адпрацаваць гаспадару 7 сезонаў.

— Наколькі падабаюцца людзям такія прагулкі? — пытаюся ў Аляксандра Мікалаевіча.

У адказ ён прыносіць кнігу скаргаў і прапаноў (маецца і такая!). Пагартаў яе — водгукі толькі станоўчыя. У тым ліку і высокіх асоб са сталіцы.

— Практычна ўсе застаюцца задаволенымі, — дадае да гэтых запісаў Таляронак. — Так і кажуць, што не дарэмна патрацілі грошы. За ўвесь час “адшукаліся” толькі тры чалавекі, якія выказаліся, што больш ніколі на яхту не сядуць. Проста ім было страшна на вадзе, асабліва калі вялікі крэн. Хаця рызыкі аніякай няма, ды і забяспечана яхта неабходнымі сродкамі бяспекі. Між іншым, я не толькі катаю маіх кліентаў, але і займаю іх песнямі пад гітару! Здараецца, узнікаюць праблемы з тым, каб забраць на борт групу адпачываючых. Бывае сям-там адмаўляюць прыстаць да пірсу. Зразумець можна, бо мы ж канкурэнты! Тым не менш, з асобнымі здраўніцамі наладжаны добры кантакт. Гэта, напрыклад, санаторыі “Нарач”, “Жураўка”.

Што ж, сапраўды, — яхта адметны дадатак да традыцыйных катамаранаў, лодак, катэраў. Дык няхай лунае і надалей белы ветразь над Нараччу!

Аляксандр БЫКАЎ. 

На здымку: А. М. Таляронак і яго памочнік — Мікіта.

Фота Ігната ЛУБНЕЎСКАГА.