Не ігнаруйце мерамі перасцярогі

61

Не ігнаруйце мерамі перасцярогіНАДЫХОДЗІЦЬ час уборкі ўраджаю. Ва ўмовах спякоты правады ліній электраперадач падаўжаюцца, яны становяцца бліжэй да паверхні зямлі. Павялічваецца верагоднасць небяспечнага набліжэння да іх высокагабарытнай тэхнікі, асабліва збожжаўборачных камбайнаў. Варта нагадаць, што кожны год з-за ігнаравання мераў бяспекі падчас выканання сельгасработ каля паветраных ліній электраперадач здараюцца трагічныя выпадкі. Вось некалькі ранейшых прыкладаў: на Вілейшчыне памочнік камбайнера, знаходзячыся на верхняй пляцоўцы каля бункера, падчас руху камбайна пад паветранай лініяй электраперадач 10 кВ трапіў пад напружанне — атрымаў апёкі і быў шпіталізаваны. У Чачэрскім раёне камбайнер, які стаяў на пляцоўцы бункера, падчас прыпынку камбайна пад паветранай лініяй электраперадач 10 кВ атрымаў апёкі рук і грудзей.

Каб не паўтарылася падобнае, неабходна выконваць асноўныя правілы тэхнікі бяспекі. Работы ў ахоўнай зоне (10 метраў у абодва бакі ад лініі электраперадач) на такіх машынах павінны ажыццяўляцца па нараду-допуску, які выдае прадстаўнік электрычных сетак — уладальнік высакавольтнай лініі. Прычым, працаваць павінны два чалавекі, адзін з іх назначаецца назіраль¬нікам. Дапускаецца ўборка збожжа і адным камбайнам, але побач павінен працаваць і другі.

Высокагабарытнымі з’яўляюцца машыны, якія маюць памер па вышыні не менш за 3 метры, калі падчас работы патрабуецца тэхналагічнае абслугоўванне машыны зверху, і 4,5 метры, калі не патрабуецца тэхналагічнае абслугоўванне.

Пры рабоце ў ахоўнай зоне высакавольтных ліній забараняецца:

— знаходзіцца абслугоўваючаму персаналу на машыне па-за кабінай ці ахоўным казырком;

— выконваць рамонтна-прафілактычныя работы на машыне;

— працаваць пры набліжэнні ці ў час навальніцы;

— працаваць у прамежках высакавольтных ліній, якія маюць абарваныя правады, набліжацца да апор з такімі правадамі і да саміх правадоў на адлегласць менш за 20 метраў;

— набліжацца да апор высакавольтных ліній 6-35 кВ, якія маюць прыкметы замыкання на зямлю (разбураны ізалятар, парваная вязка, вакол апоры назіраецца выпарэнне вільгаці, пажар, на апоры гарыць дуга і інш.), на адлегласць менш за 20 метраў, працаваць у прамежках, якія прымыкаюць да гэтых апор.

Калі провад высакавольтнай лініі ўпаў на машыну, вадзіцель павінен неадкладна спыніцца. Каб вызваліцца ад абарванага провада, можна крыху праехаць наперад. Зрабіць гэта трэба як мага хутчэй і паведаміць пра здарэнне ў электрычныя сеткі. Да моманту прыбыцця аварыйнай брыгады ні вадзіцель, ні назіральнік не павінны прадпрымаць ніякіх самастойных дзеянняў. Кідаць машыну таксама нельга. Забараняецца надыходзіць да такой машыны на адлегласць бліжэй за 20 метраў.

Пры адсутнасці назіральніка, вадзіцель павінен гукавым сігналам звярнуць увагу вадзіцеля бліжэйшай машыны, а той, ацаніўшы сітуацыю — паведаміць пра здарэнне ў РЭС.

Калі ж абарваны провад упаў на камбайн і той загарэўся, неабходна як мага хутчэй пакінуць тэхніку, але так, каб не было адначасовага сутыкнення чалавека з машынай і зямлёй. Лепш за ўсё саскочыць на зямлю на абедзве сагнутыя нагі, не трымаючыся за машыну (яе металічныя часткі), аддаляцца ад яе можна толькі скокамі на адной ці двух зведзеных разам нагах ці гусінымі крокамі, не адрываючы ступні ног адну ад другой, адышоўшы такім чынам ад машыны на адлегласць 20 метраў. Аб здарэнні адразу паведамляецца ў РЭС. Да прыбыцця спецыяльнай брыгады нельга прымаць якія-небудзь дзеянні па ліквідацыі няспраўнасці.

Пераязджаць да месца працы з участка на ўчастак трэба па зацверджаным ў нарадзе-допуску маршруце. Пры аварыйным прыпынку машыны ў ахоўнай зоне, яе неадкладна належыць адбуксіраваць. Камбайн абавязкова павінен быць заземлены. Для гэтага выкарыстоўваюцца два ланцугі, даўжыня якіх на зямлі не менш за 1 метр.

Пры выяўленні пашкоджанняў на ЛЭП неадкладна выклікайце аварыйную брыгаду па тэлефоне 55-3-47.

А. СЕРГЕЕНКА.

Галоўны інжынер РЭС.