Не дапусціць распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней

76

Не дапусціць распаўсюджвання афрыканскай чумы свінейПРАКУРАТУРАЙ раёна сумесна з райветстанцыяй праводзіцца праверка выканання заканадаўства аб ветэрынарнай дзейнасці па кантролі за выкананнем мерапрыемстваў па папярэджанні заносу ўзбу¬джальнікаў заразных захворванняў жывёлы, у прыватнасці, афрыканскай чумы свіней на тэрыторыю Мядзельшчыны. Высветлена, што патрабаванні названага заканадаўства сельгаспрадпрыемствамі не захоўваюцца ў поўнай меры.

Фізічныя асобы, у тым ліку і індывідуальныя прадпрымальнікі, абавязаны выконваць патрабаванні ветэрынарна-санітарных правілаў і іншых актаў заканадаўства. У адпаведнасці з пунктам 4 ветэрынарна-санітарных правілаў барацьбы з афрыканскай чумой свіней адказнасць за здароўе, утрыманне і выкарыстанне жывёлы нясуць іх уладальнікі. А таму ўладальнікі свіней абавязаны ажыццяўляць гаспадарчыя і ветэрынарныя мерапрыемствы, якія забяспечваюць папярэджанне ўзнікнення захворвання. Яны павінны дакладна выконваць указанні ветспецыялістаў па прафілактыцы і барацьбе з захворваннем.

Па выніках праверкі ўстаноўлена, што не на адпаведным узроўні выкананы мерапрыемствы па папярэджанні заносу АЧС на свінатаварныя фермы «Буйкі» ПВУП СК «Буйкі», «Шыкавічы» ААТ «Мядзелаграсэрвіс», «Нарэйшы» ААТ «Свір-Агра», «Парубкі» ААТ «Пруднікі-Агра», «Стахоўцы» ААТ «Занарацкі». У адрас кіраўнікоў названых сельгаспрадпрыемстваў накіраваны акты пракурорскага рэагавання з патрабаваннем ухілення выяўленых парушэнняў у бліжэйшы час. У выпадку немагчымасці выканання прафілактычных мерапрыемстваў пагалоўе свіней належыць ліквідацыі.

Варта таксама адзначыць, што ёсць ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання прадуктыўнай жывёлы ў асабістых гаспадарках грамадзян, зацверджаныя пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь за №1 ад 4 студзеня 2013 года. Згодна з гэтым дакументам тэрыторыя асабістай падсобнай гаспадаркі павінна быць агароджана, каб не дапусціць пранікнення дзікай жывёлы. Выгульныя пляцоўкі таксама павінны быць абгароджаны, абсталяваны пляцоўкі для асобнага ўтрымання кожнага віду жывёлы. Зразумела, чысціня і захаванне санітарна-ветэрынарнах патрабаванняў — абавязковыя. Памяшканні неабходна рэгулярна ачышчаць ад гною, які складзіруюць на спецыяльна адведзеных пляцоўках. Грамадзяне павінны неадкладна паведамляць у ветслужбу пра падазрэнне на захворванне жывёлы, неадэкватныя яе паводзіны і ў выпадку падзяжу.

У рамках прыняцця дзяржавай мер па папярэджанні распаўсюджвання АЧС у радыусе не менш за 5 кіламетраў ад свінакомплексаў забараняецца ўтрыманне свіней сялянскімі гаспадаркамі і фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Разам з тым, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай справе» і згодна з пастановай кабінета міністраў РБ ад 13 снежня 1995 года за № 683, зацверджаны парадак канфіскацыі хворай жывёлы, прадуктаў жывёльнага паходжання і кампенсацыі ўрону юрыдычным і фізічным асобам пры ліквідацыі крыніц заразных хвароб жывёлы. У паняцце «кампенсацыя ўрону» ўваходзіць кампенсацыя кошту забранай жывёлы (па закупачных цэнах) і прадуктаў жывёльнага паходжання (па аптова-адпускных цэнах) па дзеючых на тэрыторыі раёна на момант выемкі цэнах, а таксама выдаткаў на перавозку, знішчэнне ці ўтылізацыю жывёлы або прадуктаў жывёльнага паходжання.

У выпадку парушэння патрабаванняў гэтых правілаў грамадзяне, а таксама адказныя кіруючыя работнікі юрыдычных асоб могуць быць прыцягнуты да адказнасці — штрафу да 50 базавых велічынь. Калі парушэнне ветэрынарных правілаў стане прычынай распаўсюджвання заразных хвароб, у тым ліку і афрыканскай чумы свіней, наступае крымінальная адказнасць. Яна прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 2 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Таксама адказныя асобы сельгаспрадпрыемстваў, якія не выконваюць альбо выконваюць не ў поўнай меры свае службовыя абавязкі, у выніку дзеянняў якіх адбылося заражэнне свіней АЧС і нанесены ўрон прадпрыемству ў асабліва буйным памеры ці істотная шкода дзяржаўным інтарэсам, могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 428 Крымінальнага кодэкса РБ. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 2 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

І. МАЛАФЕЙ.

Выконваючы абавязкі пракурора раёна, малодшы саветнік юстыцыі.